Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лябедзька пойдзе ў сьпікеры, а ня ў дэпутаты


Анатоль Лябедзька
Анатоль Лябедзька

Старшыня АГП Анатоль Лябедзька напісаў у сваім фэйсбуку, што не зьбіраецца ісьці ў дэпутаты.

У сваім фэйсбуку Лябедзька так адрэагаваў на загаловак «Лідэры ПБНФ і АГП ідуць у дэпутаты» на сайце «Беларускі партызан»:

«На Белпартызане народ з фантазіяй. Што прыйшло ў галаву, тое і ў загаловак пайшло. Сябры, ні ў якія дэпутаты я не іду! І пра гэта сказана ня раз і ня два! Няма выбараў, няма парлямэнту, так што не тлуміце галаву чытачам і не расказвайце казкі пра нас».

У інтэрвію карэспандэнту «Свабоды» Лябедзька патлумачыў сытуацыю. Ён сказаў, што насамрэч зьбіраецца вылучацца сьпікерам. Ён кажа, што ў прадстаўнікоў АГП будзе «самае жорсткае пасланьне з усіх, хто будзе ў той ці іншай ступені ўдзельнічаць».

«Я не прывык некага адпраўляць на перадавую, а сам заставацца ў тыле. У мяне вялікага жаданьня няма, але я адчуваю, што гэта проста мой абавязак».

Але ж зразумела, што ЦВК зможа зарэгістраваць ня «сьпікераў», а «кандыдатаў у дэпутаты».

«Рэгістрацыя будзе па дазволу зьезду, зьезд вылучыць. Нас будуць называць, відаць, на гэтым этапе і «кандыдатамі ў дэпутаты». Але ў іх свая мэта. Яны хочуць прызначыць 110 чалавек, каб яны былі легітымнымі і ўнутры краіны, і за межамі. А мы якраз хочам дасягнуць іншай мэты. Таму фармальна рэгістрацыю мы, безумоўна, пройдзем. Але каб не было ніякай блытаніны, мы адразу заяўляем, зь якім пасланьнем мы пойдзем, што мы будзем рабіць і да якой стадыі. Тым больш для нас якраз нічога не заканчваецца. Мы толькі пачынаем кампанію «За сумленныя выбары без Лукашэнкі». Мы паспрабуем падчас гэтай кампаніі фіксаваць людзей, якія будуць удзельнікамі кампаніі «За сумленныя выбары», — сказаў Лябедзька.

Старшыня АГП тлумачыць, што на другой сэсіі зьезду партыі плянуецца зьняць сьпікераў (кандыдатаў) з выбараў. Паколькі ўлады, гэта ўжо відавочна, ня выканалі трох умоваў, вылучаных АГП (вызваленьне палітвязьняў,уключэньне сяброў АГП у выбаркамы і адмена альбо жорсткая рэглямэнтацыя датэрміновага галасаваньня), то «верагоднасьць зьняцьця сьпікераў складае 99,9%».

«Наша пазыцыя палягае ў тым,што ніякіх выбараў у Беларусі сёньня няма. Усе 110 дэпутатаў прызначаюцца. І парлямэнту, як вынік, няма. Таму мы ўзамен таго, што робіць Лукашэнка, прапануем кампанію „За сумленныя выбары без Лукашэнкі“. Лукашэнка маецца на ўвазе як сыстэма, у тым ліку і арганізацыя выбарчай кампаніі. Мы нават тэрміналёгію выкарыстоўваем абсалютна іншую. Мы кажам, што ў нас ня будзе клясычных кандыдатаў, да якіх мы прызвычаіліся нават пры Лукашэнку. У нас будуць сьпікеры, якія пойдуць з пасланьнем, што выбараў няма, што за гэта трэба змагацца. Мы распачынаем кампанію „За сумленныя выбары без Лукашэнкі“ і будзем агітаваць людзей уступаць у яе. І другі пасыл — не хадзіць, ня ўдзельнічаць, а калі прымусілі, то галасаваць супраць усіх. І ня будзе нашых прозьвішчаў, прадстаўнікоў АГП, у бюлетэнях для галасаваньня, што абавязкова для любога кандыдата».

Лябедзька не выключае, што загалоўкі ў мэдыях пра тое, што ён ідзе ў дэпутаты, — «гэта проста нейкая правакацыя, каб зблытаць усе пазыцыі, каб зрабіць фальсыфікацыю нашай пазыцыі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG