Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Калякін: «Звышзадача — каб падлік галасоў быў сумленны»


Сяргей Калякін, Віктар Карняенка
Сяргей Калякін, Віктар Карняенка

13 беларускіх палітычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў абвясьцілі пра пачатак грамадзянскай кампаніі «За справядлівыя выбары — 2012».

Кампанія мае намер выставіць на парлямэнцкіх выбарах адну тысячу прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі і дзьве тысячы назіральнікаў. Прычым арганізатары ня ставяць за мэту зрабіць выбары цалкам свабоднымі і справядлівымі. Галоўная задача — паўплываць на сытуацыю такім чынам, каб падлік галасоў быў сумленным.

Актывісты гавораць пра намер арганізаваць некалькі кампаніяў па назіраньні за выбарамі. Да прыкладу, у інтэрнэце зьбіраюцца фіксаваць парушэньні, беларускія праваабаронцы будуць весьці свой маніторынг. Іх задача — адлюстроўваць падзеі, не спрабуючы ўзьдзейнічаць на сытуацыю. Кампанія «За справядлівыя выбары» — кампанія актыўнага назіраньня, тлумачыць старшыня партыі левых «Справядлівы сьвет» Сяргей Калякін:

«Яна адрозьніваецца ад астатніх кампаніяў, па-першае, тым, што мы будзем спрабаваць уплываць на практыку правядзеньня выбараў, мы будзем фіксаваць парушэньні, мы будзем фіксаваць пазыцыю ўлады на ўсіх этапах выбарчай кампаніі. Мы плянуем у межах кампаніі накіраваць як мінімум 1 тысячу чалавек у выбарчыя камісіі і 2 тысячы назіральнікаў на 1 тысячу выбарчых участкаў».

9 ліпеня ўлада здасьць першы тэст на тое, ці будзе плюралізм у складзе акруговых выбарчых камісіяў, ці будуць туды ўключаныя прадстаўнікі дэмакратычнай апазыцыі.

Кампанія ня ставіць задачу зрабіць выбары цалкам свабоднымі і справядлівымі. Для гэтага павінна быць шмат чыньнікаў: зьмены ў выбарчым заканадаўстве, свабода СМІ ды іншыя. Мэта кампаніі — фіксацыя парушэньняў, кантроль над выбарамі, а значыць — кантроль над уладай, кажа Сяргей Калякін:

«23 верасьня мы ня скажам, што выбары былі свабоднымі і справядлівымі, што б улада ні рабіла. Ёсьць звышзадача: паўплываць на сытуацыю такім чынам, каб падлік галасоў быў сумленны».

Другі каардынатар кампаніі, Віктар Карняенка, адзначыў, што асабліва пільную ўвагу яны маюць намер зьвяртаць на сыстэмныя парушэньні, якіх, на яго думку, ня так і шмат — усяго тры:

«Першае — гэта тое, што фактычна камісіі самі не вядуць празрысты падлік галасоў. Кожны піша нейкія паперкі, потым, як тайнае данясеньне, перадае старшыні, і фактычна адзін старшыня валодае сытуацыяй. Калі мы сёньня з гэтым ня скончым, то гаварыць пра свабодныя выбары не выпадае. Другі момант — гэта правы назіральнікаў. Калі назіральнікі зноў ня будуць мець магчымасьці адсочваць увесь працэс, гаварыць пра празрыстыя выбары не выпадае. І яшчэ адзін вельмі важны аспэкт — гэта прымусовае датэрміновае галасаваньне».

Віктар Карняенка агучыў і вынікі сацыялягічнага апытаньня, згодна зь якім палова насельніцтва верыць у празрыстасьць выбараў. Таму падчас выбараў трэба спрабаваць зьмяніць грамадзкую думку. Сам Сяргей Калякін ня верыць, што хтосьці з дэмакратычных кандыдатаў на восеньскіх выбарах трапіць у парлямэнт.

«Усё самае галоўнае на выбарах будзе адбывацца не ў пратаколах. Пратаколы можна фальшаваць і напісаць іншыя адносіны да ўлады, што ўсе 90% яе любяць. Але калі ў галовах будзе любіць яе 5%, а 95% — ненавідзець, ніякія пратаколы не дапамогуць. Неабходна стварыць крытычную масу людзей, якая б дазволіла зьмяніць сытуацыю ў краіне».

Каардынатары кампаніі «За справядлівыя выбары» не выключаюць, што на сяброў выбарчых камісій зноў будзе чыніцца ціск, што ўлады выкарыстаюць напоўніцу адміністрацыйны рэсурс. Але Сяргей Калякін мае надзею на шэраговых сяброў камісіяў:

«Мы вельмі спадзяемся, што тыя дзясяткі тысяч сяброў выбарчых камісій — настаўнікі, лекары, працаўнікі прамысловасьці,культуры — што яны таксама сёньня зацікаўленыя ў тым, каб выбары былі празрыстымі і сумленнымі. Хаця б падлік галасоў. І мы вельмі спадзяемся на супрацоўніцтва зь імі, хоць разумеем, што прэсінг адміністрацыйны будзе. Але ўсё ж такі спадзяемся».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG