Лінкі ўнівэрсальнага доступу

І неўязныя, і бяз мантыяў


Пацьвердзіліся зьвесткі, што Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ, паводле якога пазбаўленыя пасадаў 14 судзьдзяў, у тым ліку чатыры судзьдзі са сьпісу неўязных у краіны Эўразьвязу.

18 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ № 278, якім вызваліў ад пасадаў 14 беларускіх судзьдзяў. Сярод іх чатыры судзьдзі са сьпісу неўязных у краіны Эўразьвязу. Гэта Натальля Чацьвярткова з Партызанскага суду і судзьдзі Цэнтральнага раённага суду Тацяна Паўлючук, Аляксандар Хадановіч і Ганна Самалюк з Фрунзенскага раённага суду.

20 чэрвеня Натальля Чацьвярткова яшчэ працавала ў Партызанскім судзе Менску на пасадзе судзьдзі і намесьніцы старшыні суду. У прыёмнай сказалі, што яна дапрацоўвае апошнія дні і сыходзіць:

«Яна хутка сыходзіць, ужо на гэтым тыдні. Але пакуль яна яшчэ працуе».

Узяць камэнтар у Натальлі Чацьвяртковай не ўдалося — судзьдзю немагчыма было засьпець у кабінэце. Сакратар некалькі разоў спасылалася на тое, што «судзьдзя толькі што выйшла».

Летась у красавіку Натальля Чацьвярткова прызнала вінаватымі ва ўдзеле ў масавых беспарадках былога кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава і актывістаў Алега Гнедчыка, Уладзя Яроменка, Фёдара Мірзаянава, Ільлю Васілевіча. Найбольшы тэрмін — 5 гадоў зьняволеньня — атрымаў Андрэй Саньнікаў, прызнаны таксама арганізатарам беспарадкаў. Сёньня Андрэй Саньнікаў не захацеў успамінаць працэс і тое, як яго вяла судзьдзя Чацьвярткова. Алег Гнедчык, які сядзеў з палітыкам на адной лаве падсудных, згадвае, што Натальля Чацьвярткова была строгай судзьдзёй, судзіла шчыра, але, як яму падалося, была ў сваіх рашэньнях залежная ад іншых людзей:

Алег Гнедчык
Алег Гнедчык
«Калі ішлі хадайніцтвы з нашага боку, даволі дробныя, яна ўсё задавальняла. Але як толькі заявілі хадайніцтва аб далучэньні да матэрыялаў справы фатаздымкаў, якія сьведчылі на нашу карысьць, яна пайшла зь некім раіцца і хадайніцтва адхіліла. Больш не магу сказаць пра яе ані добрага, ані дрэннага. Выконвала загад, ёй кіравалі, як марыянэткай».

Паводле ўказу Лукашэнкі Натальля Чацьвярткова вызваленая «ў сувязі з заканчэньнем тэрміну паўнамоцтваў».

У сьпісе вызваленых ад пасады судзьдзяў таксама Тацяна Паўлючук з Цэнтральнага раённага суду і яе калега Аляксандар Хадановіч. Паўлючук вызваленая «паводле ўласнага жаданьня», а Аляксандар Хадановіч — у сувязі з тым, што выйшла з сацыяльнага адпачынку судзьдзя, чыю пасаду ён займаў.

Абое, паводле беларускіх праваабаронцаў, вялі шмат працэсаў супроць палітычных актывістаў. У канцы 2010-х гадоў Паўлючук судзіла такіх вядомых дэмакратычных актывістаў, як Андрэй Кім, Франак Вячорка, Міхась Пашкевіч. У канцы 2010 году прозьвішча Паўлючук загучала ў зьвязку з карупцыйным скандалам вакол кватэры былога пракурора Менскай вобласьці Міхаіла Сьнегіра. З таго часу ад працы судзьдзі яна адышла.

Аляксандру Хадановічу, які прыйшоў у Цэнтральны раённы суд пасьля сыходу Тацяны Паўлючук у адпачынак, таксама часта даводзілася судзіць дэмакратычных актывістаў. Шматдзетная маці Тацяна Гацура, якую Хадановіч асудзіў за адзіночны пікет ля адміністрацыі прэзыдэнта ў сьнежні 2011 году, згадвае:

Тацяна Гацура
Тацяна Гацура
«Суд доўжыўся ўсяго 3 хвіліны. Але зазначу, што ён мне даў толькі штраф — 20 базавых велічынь. Гэта мінімум таго, што ён мог даць паводле майго артыкула».

Судзьдзя Хадановіч, як і Паўлючук і Чацьвярткова, быў унесены ў сьпіс неўязных у краіны Эўразьвязу. Пра тое, каб судзьдзі спрабавалі аспрэчыць гэтае рашэньне эўрапейскіх чыноўнікаў праз суд, невядома.

Былы судзьдзя і адвакат Гары Паганяйла у адстаўцы 4 судзьдзяў са сьпісу неўязных у Эўразьвяз пакуль ня бачыць нейкіх палітычных матываў:

Гары Паганяйла
Гары Паганяйла
«Нельга заўважыць нейкую агульную лёгіку гэтых звальненьняў, пакуль невядомыя сапраўдныя прычыны сыходу ў адстаўку кожнага з судзьдзяў. У Беларусі працуе звыш тысячы судзьдзяў, кадравыя зьмены ідуць увесь час, Лукашэнка сваімі ўказамі кагосьці прызначае, кагосьці звальняе. Тут могуць быць і прычыны сямейнага характару. Хтосьці пераходзіць на іншую працу, стаміўшыя ад судовай дзейнасьці. Кагосьці звальняюць на дыскрэдытацыйных падставах — у чымсьці іх западозрылі, але ня хочуць уздымаць шум і звальняюць па ўласным жаданьні.

Такія ўказы аб прызначэньні і звальненьні судзьдзяў пішуцца ня кожны дзень. Кадравая ўправа прэзыдэнцкай адміністрацыі рыхтуе гэтыя матэрыялы. Вось на сёньня і набралася 14 судзьдзяў, і прэзыдэнт адправіў іх у адстаўку адным рашэньнем.

Пакуль я ня бачу нейкіх падводных камянёў — да таго часу, пакуль нам невядомыя канкрэтныя прычыны».

Спадар Паганяйла разам з тым прызнаў, што ўся судовая сыстэма Беларусі прагніла, яна карумпаваная, і ўлады час ад часу пазбаўляюцца ад тых, хто дыскрэдытаваў сыстэму.


Глядзіце таксама:
"Чорны сьпіс" Эўразьвязу
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG