Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што добра гаспадарнікам — дрэнна ўкладчыкам


Пастановаю Нацыянальнага банку ад 20 чэрвеня стаўка рэфінансаваньня ў Беларусі зьніжаная на два працэнтныя пункты — з 34% да 32% гадавых. Сёлета гэта ўжо пятае па ліку зьніжэньне — і, мяркуючы па заявах кіраўніцтва Нацыянальнага банку, не апошняе.

З аднаго боку, зьніжэньне стаўкі рэфінансаваньня аўтаматычна аслабляе крэдытную нагрузку на суб’ектаў гаспадараньня і фізычных асобаў —банкаўскія пазыкі робяцца больш даступнымі. Зь іншага боку, такі крок зьмяншае прывабнасьць рублёвых дэпазытаў — банкі ўжо канстатуюць скарачэньне колькасьці ахвочых пакласьці беларускія рублі пад працэнты.

Чыімі інтарэсамі, усталёўваючы новы памер стаўкі, найперш павінен кіравацца Нацбанк? Рэальнага сэктару эканомікі, які бяз танных крэдытаў ня можа эфэктыўна разьвівацца, альбо ўкладчыкаў, зацікаўленых у высокіх банкаўскіх працэнтах?

Меркаваньне выказвае фінансавы аналітык афіцыйнага партнэра «Альпары» ў Менску Вадзім Іосуб: «Увогуле кажучы, ён павінен улічваць перадусім свае інтарэсы — працаваць на тое, за што ён адказвае. Як мы ведаем, прынамсі ў гэтым годзе ў „Асноўных напрамках грашова-крэдытнай палітыкі“ галоўная ідэя, якая неаднаразова паўтаралася, — гэта абмежаваньне інфляцыі. То бок — зьніжэньне інфляцыі ў параўнаньні зь мінулым годам, пакіданьне яе ў рамках, вызначаных у памеры 19–22%. Безумоўна, тут ёсьць пэўная дылема. Перад эканомікай стаіць задача дасягнуць росту ВУП у памеры 5,5%. Але ж пры гэтым такая задача пастаўленая ня перад Нацбанкам, а непасрэдна перад урадам. Таму, з аднаго боку, менавіта ўрад заклікае зьніжаць стаўку хутчэй, больш рэзка і г.д., а Нацбанк, у сваю чаргу, праводзіць тую палітыку, якую абвясьціў дзесьці на пачатку гэтага году».

Тым часам экспэрты не бяруцца прагназаваць, да якой мяжы Нацбанк будзе зьніжаць стаўку рэфінансаваньня надалей. Паколькі ўрад не адмаўляецца ад плянаў давесьці рост ВУП на канец году да 5,5%, ёсьць меркаваньне, што для дасягненьня пастаўленай мэты зноў запатрабуецца друкаваць грошы — унутраных рэзэрваў для такога росту аб’ектыўна няма. А пры такім раскладзе інфляцыя будзе яўна вышэйшая за заплянаваныя паказьнікі. Гэта, у сваю чаргу, спрычыніцца да аслабленьня беларускага рубля.

Гаворыць старшы аналітык групы кампаній Forex Club у Беларусі Валеры Палхоўскі: «Я думаю, што пэўнае аслабленьне рубля мы будзем яшчэ назіраць. Але наўрад ці гэта будзе насіць нейкі вельмі імклівы, хуткі характар. Калі Нацбанк робіць інтэрвэнцыі, гэта значыць, што ён патрэбныя валютныя запасы сфармаваў і рэзкія ваганьні на рынку дапускаць наўрад ці будзе і ў будучыні. Таму што ва ўмовах, калі ў нас існуе даволі напружанае стаўленьне да сытуацыі на валютным рынку, адчувальныя ваганьні могуць справакаваць гэткую ж рэзкую рэакцыю з боку непасрэдных удзельнікаў рынку. Таму лічу, што Нацбанк будзе ў любым выпадку намагацца магчымыя рэзкія ваганьні згладжваць, не дапускаць іх. Бо ў іншым выпадку гэта пацягне за сабою цэлы клубок наступстваў».

Паводле афіцыйнай статыстыкі, спажывецкія кошты на тавары і паслугі ў траўні 2012 году вырасьлі на 8,5% у параўнаньні са сьнежнем мінулага году, кошты на прадукты харчаваньня — амаль на 10%. Тэндэнцыя апераджальнага росту цэнаў над заробкамі не дае падставы адназначна сьцьвярджаць, што ўраду ўдасца стрымаць інфляцыю ў вызначаных парамэтрах.

Гэты фактар, на думку доктара эканамічных навук Уладзімера Кулажанкі, сьведчыць, што ў пэрспэктыве стаўку рэфінансаваньня давядзецца не зьніжаць, а зноў падымаць:

«Што можна сказаць адносна гэтай сытуацыі са стаўкай? Адразу трэба нагадаць, што стаўка рэфінансаваньня ўвесь апошні час уздымалася з адной мэтай — зьнізіць інфляцыйны працэс, які ўлады ніяк не маглі пераадолець, бо кожны месяц прырост інфляцыі складаў 7–8% і па выніках 2011 году перавысіў 108%. Зь іншага боку, згодна з мэтодыкамі МВФ стаўка рэфінансаваньня павінна ісьці побач з інфляцыяй — то бок у нашым выпадку яна тэарэтычна магла дасягнуць і нават перавысіць 100%. Таму цяперашняя карэкціроўка хоць і апраўданая, але невядома, колькі часу яна пратрымаецца: за першы квартал інфляцыя ўжо склала 5%».

На думку аналітыкаў, у сярэднетэрміновай пэрспэктыве зьніжэньне стаўкі рэфінансаваньня можа наўпрост паўплываць на дынаміку валютных курсаў. Адзін з фактараў умацаваньня беларускага рубля, якое мела месца ў апошнія месяцы, — дастаткова высокая стаўка па дэпазытах у нацыянальнай валюце. Да канца 2011 году беспрэцэдэнтныя па сваіх памерах стаўкі перавысілі 60% гадавых, што выклікала значны прыток сродкаў насельніцтва ў банкі. Аднак паступовае «адкручваньне» стаўкі зьніжае прывабнасьць дэпазытаў з мэтай зарабіць на высокіх працэнтах, а таксама спрыяе пераводу ўкладаў у валюту. Адпаведна, пры такім раскладзе зьнізяцца і валютныя прапановы на біржы. У комплексе ўсё гэта можа прывесьці да росту курсу даляра — найбольш хадавой сярод беларусаў замежнай валюты.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG