Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віетнам хоча купіць зьнішчальнікі, адрамантаваныя ў Баранавічах


Расейская газэта «КоммерсантЪ» паведаміла, што Віетнам гатовы закупіць 18 расейскіх самалётаў-зьнішчальнікаў Су-30К, якія праходзілі рамонт у Беларусі. У траўні віетнамская вайсковая дэлегацыя наведала 558-ы авіярамонтны завод ў Барановічах, каб вывучыць прапанову, піша выданьне са спасылкай на ананімную крыніцу на заводзе.

Ад афіцыйных камэнтароў адмовіліся і на Баранавіцкім заводзе, і ў «Рособоронэкспорте», і ў расейскай карпарацыі «Иркут», якой цяпер належаць самалёты.

Раней гэтыя 18 самалётаў выкарыстоўваліся Вайскова-паветранымі сіламі Індыі. У лістападзе мінулага году іх даставілі ў Беларусь, каб адрамантаваць і мадэрнізаваць. Як піша «КоммерсантЪ», Індыя набыла ў Расеі новыя самалёты, а старыя атрымала ва ўласнасьць карпарацыя «Иркут». Тое, што іх павезьлі рамантаваць у Баранавічы, дазволіла пазьбегнуць выплаты мыта за ўвоз на тэрыторыю Расеі.

Паводле артыкулу ў «КоммерсантЪ», за ўсе зьнішчальнікі разам расейскі бок просіць толькі 270 мільёнаў даляраў. Гэта вельмі танна, бо рынкавы кошт 18 новых самалётаў Су-30 больш за мільярд даляраў. Набыць гэтыя самалёты нібыта хацелі і беларускія ўлады, аднак, паводле крыніцы «КоммерсантЪ» ў расейскім авіяпрамысловым комплексе, расейскае міністэрства фінансаў адмовіла Менску ў крэдыце на такую закупку, а самастойна Беларусь знайсьці такую суму ня здолела
Сёлета ў лютым у Амурскай вобласьці Расеі разьбіўся самалёт Су-30МК2, які Расея мела перадаць віетнамскім ВПС ў межах кантракту, падпісанага ў 2010 годзе на пастаўку 12 такіх самалётаў.

12 чэрвеня ў Наваградзкім разьбіўся самалёт Су-25. Пілёт — падпалкоўнік Мікалай Грыднеў — загінуў. Цяпер ідзе расьсьледаваньне прычынаў катастрофы.

На ўзбраеньні ў беларускіх ВПС — самалёты толькі савецкай вытворчасьці. Самыя новыя зь іх выпушчаныя ў канцы 80-х гадоў, іх рамонтам займаецца Баранавіцкі авіярамонтны завод.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG