Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар юстыцыі: «Пераходзіць да партыйных выбараў у Беларусі заўчасна»

абноўлена

Міністар юстыцыі Беларусі Алег Сьліжэўскі лічыць, што ўводзіць у Беларусі партыйна-прапарцыйную сыстэму выбараў заўчасна.

Падчас онлайн-канфэрэнцыі на афіцыйным сайце БелТА Алег Сліжэўскі, які адначасова і сябра Цэнтральнай выбарчай камісіі, заявіў: «У Беларусі на сёньняшні момант зарэгістравана 15 палітычных партыяў. Я не магу сказаць, што ў нас існуе разьвітая партыйная сыстэма. Колькасны склад бальшыні партыяў, якія дзейнічаюць у рэспубліцы, нязначна перавышае мінімальна ўсталяваную заканадаўствам колькасьць у адну тысячу чалавек. Пра што гэта кажа? Якой-небудзь сур’ёзнай падтрымкі з боку насельніцтва палітычныя партыі ня маюць».

Кавалёва: «Час прыйдзе, як будзе гатовая «Белая Русь»

Намесьніца старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Антаніна Кавалёва разважае: «Трэба, каб былі сапраўдныя выбары. І каб абіраўся пэўны орган (Палата прадстаўнікоў, ці па-іншаму яго можна назваць), які можа штосьці вырашаць. Бо дэпутаты Палаты, як мы ведаем, нічога не вырашаюць. Там павінны быць асобы, якія вядомыя людзям. Але папытайце ў выбарцаў, хто зь іх ведае свайго дэпутата. Я ўпэўненая — асноўная бальшыня адкажа, што яны сваіх дэпутатаў ня ведаюць. Рэдка хто прыпомніць прозьвішча свайго дэпутата.

А што тычыцца партыяў, то можна пабачыць на вуліцах, у грамадзкім транспарце рэкляму „Белай Русі“. Дык дайце і партыям такую магчымасьць. Напрыклад, калі АГП разьмесьціць сваю рэкляму на трамваі, то ці доўга яна пратрымаецца? Партыям трэба разьвівацца, трэба даць ім магчымасьць працаваць легальна, на поўную сілу.

Напэўна, улада яшчэ не гатовая да ўдзелу ў выбарах сваёй праўладнай партыі. Таму яна і кажа, што яшчэ не сасьпеў час. Я так мяркую, што калі „Белая Русь“ будзе гатовая, то тады прыйдзе і час».

Ягораў: «Пачынаць трэба з дэмакратызацыі выбарчага працэсу»

Андрэй Ягораў — дырэктар Цэнтру эўрапейскай трансфармацыі адзначае: «Ідэі пра ўвядзеньне зьмешанай альбо прапарцыйнай сыстэмы выбараў у Беларусі абмяркоўваюцца хіба што з моманту ўвядзеньня канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 году. Прапарцыйная сыстэма мае пэўныя перавагі для разьвіцьця палітычных партыяў. Але ж пры гэтым ёсьць і сутнасныя недахопы самой прапарцыйнай сыстэмы.

Аднак у нашых умовах абмяркоўваць тую ці іншую сыстэму выбараў пры адсутнасьці дэмакратычнага і адкрытага працэсу саміх выбараў выглядае трошкі недарэчным, як мне падаецца. Сама па сабе выбарчая сыстэма — прапарцыйная альбо мажарытарная — па сутнасьці ня зьменіць сытуацыю без дэмакратызацыі і магчымасьці свабоднага волевыяўленьня грамадзянаў».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG