Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Беларусь ня лічыць сваіх уцекачоў


Аляксей Бягун

Аляксей Бягун

За мінулы год у Беларусі папрасілі прытулку 85 асобаў — паведамляе Дэпартамэнт грамадзянства і міграцыі МУС РБ. Зь іх дазволілі застацца ў краіне толькі чатырнаццаці. Напярэдадні Міжнароднага дня ўцекачоў 20 чэрвеня Радыё Свабода дасьледуе колькасьць тых, хто ўцёк, і тых, хто хацеў застацца ў Беларусі.

Міжнародны дзень уцекачоў быў абвешчаны Генэральнай Асамблеяй ААН у 2001 годзе. На сёньняшні момант Упраўленьне Вярхоўнага камісара ААН налічвае ва ўсім сьвеце 43 мільёны ўцекачоў і перамешчаных асобаў. У краінах ЭЗ прытулак атрымліваюць ад 30 да 50 працэнтаў заяўнікаў. У Беларусі гэты працэнт складае 15%, пры тым, што ахвотных жыць у нашай краіне можна літаральна пералічыць па пальцах.

На думку начальніка дэпартамэнту Аляксея Бегуна, Беларусь ня вельмі прывабная краіна для тых, хто шукае прытулку.

«Беларусь пайшла іншым шляхам. Каб не ствараць сацыяльнага ўтрыманства, мы забясьпечваем мінімальны сацыяльны пакет для той катэгорыі асобаў, якія просяць прытулку. Але прадстаўляем цэлы комплекс правоў па інтэграцыі ў грамадзтва. Замежнік разумее, што ён тут статусу ўцекача не атрымае».

Паводле словаў Бегуна, нават з тых, хто папрасіў прытулку ў Беларусі, большую частку затрымалі на заходніх межах пры нелегальных спробах трапіць у іншыя краіны. «Толькі калі ўзьнікае працэдура дэпартацыі і зьмяшчэньне ў адпаведны цэнтар часовага ўтрыманьня, яны кажуць, што хочуць атрымаць статус уцекача. І такім чынам пазьбегнуць дэпартацыі».

Прадстаўніца Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у РБ Шоле Сафаві падкрэсьлівае, што ў кожнага чалавека ёсьць права прасіць прытулку ў любой краіне, але атрыманьне статусу ўцекача не адносіцца да правоў, яно вызначаецца заканадаўствам канкрэтнай краіны.

Аляксей Бягун кажа, што Дэпартамэнт грамадзянства і міграцыі МУС РБ ня мае дакладных зьвестак пра тое, колькі беларусаў шукаюць прытулку за мяжой. Паводле ягоных словаў, можна весьці размову пра 300–400 беларускіх грамадзянаў. Прычым, на думку Аляксея Бегуна, беларускія грамадзяне ў такіх выпадках проста хочуць скарыстаць выгоды, якія дае заканадаўства пра ўцекачоў. Так, паводле ягоных словаў, у адной з краінаў беларусы прасілі прытулку, каб скарыстаць сродкі, якія забясьпечвалі працэс рэпатрыяцыі і адаптацыі. А як толькі мясцовыя ўлады сьцямілі гэтую сытуацыю і спынілі выдачу грошай, колькасьць беларусаў-уцекачоў тут зьменшылася ў разы.

Між тым офіс Вярхоўнага камісара ААН сьцьвярджае, што колькасьць беларусаў, якія просяць прытулку, ня толькі не скарачаецца, але і вырасла за мінулы год больш як напалову. Ідзецца далёка не пра сотні выпадкаў, калі беларусы ўцякаюць з радзімы. У адных Нідэрляндах летась папрасіла прытулку 256 беларусаў. Агулам, паводле дадзеных офісу Вярхоўнага камісара ААН, на канец 2011 году зафіксавана 5925 беларускіх грамадзянаў, якія прасілі прызнаць іх уцекачамі. Зь іх 897 чакалі разгляду сваіх заяваў на палітычны прытулак. Паводле гэтых лічбаў — Беларусь у дзясятцы краін, адкуль найбольш заяўнікаў.

Пасьля падзеяў 19 сьнежня 2010 году палітычнымі ўцекачамі зь Беларусі сталі дзясяткі чалавек. Сярод палітычных уцекачоў — экс-кандыдат у прэзыдэнты Алесь Міхалевіч, рэдактарка сайту «Хартыя-97» Натальля Радзіна, палітычныя і грамадзкія актывісты Ўладзімер Кобец, Алег Мяцеліца, Зьміцер Бародка і інш.

Алег Мяцеліца, адзін з актывістаў кампаніі «Гавары праўду», ужо другі год у Вільні. Па ягоных словах, там яшчэ каля 10 чалавек так званых «палітычных уцекачоў». Большасьць зь іх «на візах» — прытулку яны не прасілі і чакаюць першай магчымасьці вярнуцца на радзіму.

Алег Мяцеліца: «Што тычыцца Літвы, то нават атрымаўшы статус уцекача, ты ня маеш ніякай сацыяльнай дапамогі. Атрымаў на рукі „коркі“ — а далей сам спрабуй. Уладкавацца на працу ня так лёгка. Ёсьць пытаньні мовы, дый трэба пацьвердзіць свой прафэсійны статус. Калі чалавек ставіў за мэту, каб зьехаць, то, можа, яму лягчэй. Але ніколі ня будзеш пачуваць сябе як дома. Лягчэй, што на цябе ня ціснуць, ня сочаць. Але ты ня дома. А людзі зьехалі, у іх засталіся сем’і, кватэры, дамы, у кагосьці справа, у кагосьці крама. І бацькі ў сталым веку, і нават ня ведаеш, ці зможаш ты іх пабачыць у гэтым жыцьці...»

Алесь Міхалевіч атрымаў палітычны прытулак у Чэхіі: «Ва ўмовах Чэхіі гэта значыць мець усе правы, што і грамадзяне Чэхіі. І гэта вельмі шырокія правы. Для мяне асноўнае, што я маю дакумэнт для падарожжаў і магу езьдзіць у тыя краіны, якія для мяне важныя. У Чэхіі вельмі мала тых, хто просіць палітычнага прытулку, і мала тых, каму даюць. Сам па сабе лягер для ўцекачоў знаходзіцца ў вельмі добрым месцы, і ўмовы там абсалютна здавальняючыя».

Між тым у 2010 годзе ў Беларусі зьявіўся самы знакаміты палітычны ўцякач — былы прэзыдэнт Кіргізіі Курманбек Бакіеў. Ён прыбыў у Беларусь разам зь сям’ёй — жонкай і двума непаўналетнімі дзецьмі. На пытаньне пра статус Бакіева і яго сям’і Аляксей Бягун адказаў так: «Закон Беларусі аб уцекачах, закон аб грамадзянстве, а таксама закон аб інфарматызацыі і абароне інфармацыі не прадугледжвае выдаваньня зьвестак пра статус той ці іншай асобы на тэрыторыі дзяржавы безь яе асабістай заявы. Таму я не ўпаўнаважаны даваць інфармацыю пра тое, у якім статусе знаходзяцца ў Беларусі Бакіеў і члены яго сям’і».
XS
SM
MD
LG