Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Курэйчык: спрабаваць зьнішчыць — гэта барбарства


Адміністрацыя інтэрнэт-парталу YouTube выдаліла са сваіх старонак вэрсію фільму «Вышэй неба» на просьбу Праграмы разьвіцьця ААН, якая лічыць, што яна была там разьмешчана незаконна.

Камэнтуючы сытуацыю для «Свабоды», Марыя Маліноўская, куратар праекту ў Прадстаўніцтве ААН у Беларусі, адзначыла: «Як толькі мы ўбачылі на YouTube разьмешчаныя кантрафактныя матэрыялы, мы адразу ж ім напісалі афіцыйны ліст ад ПРААН на патрабаваньне праваўладальніка і папрасілі выдаліць. Ёсьць пэўная працэдура, якую мы прайшлі. YouTube ня мог адрэагаваць інакш. Мы чакалі гэтага, бо гэта элемэнтарная абарона аўтарскіх правоў. Мы вельмі спадзяемся, што астатнія інтэрнэт-парталы, якія яшчэ дагэтуль разьмяшчаюць кантрафактныя вэрсіі, з павагай паставяцца да праваўладальнікаў і здымуць. Мы абяцаем, што поўная вэрсія фільму, 8-сэрыйная, зьнятая ў адпаведнасьці з зацьверджаным сцэнарам, зьявіцца. Мы ня хочам гэтай эскаляцыі канфлікту і далейшага абмусольваньня гэтай тэмы».

ПРААН адзначыла, што заявы сцэнарыста фільму Андрэя Курэйчыка ў СМІ пра нібыта «цэнзураваньне» фільму і пра якіясьці парушэньні адносна яго з боку ПРААН не адпавядаюць рэчаіснасьці.

Андрэй Курэйчык так пракамэнтаваў сытуацыю «Свабодзе»: «Мы, творчая група, сутыкнуліся з фактамі цэнзуры, гэта рэальна. І гэта прычына, па якой нас адхілілі ад праекту. Мы мелі некалькі непрыемных размоваў з кіраўнікамі праекту, дзе нам выразна казалі, што патрабаваньні БТ выключаюць некаторыя сцэны і некаторых пэрсон зь фільму. Што гэта, калі не цэнзура? Нам шкада, што яны пайшлі супраць беларускага гледача, а глядач быў вельмі пазытыўна настроены да фільму і актыўна глядзеў яго на YouTube — больш за 70 тысяч праглядаў, і каля 700 чалавек пакінулі свае падзякі. Фільм меў вялікі посьпех. Я думаю, глядач ім гэтага не даруе. Невядома, як будзе далей разьвівацца сытуацыя. Закрываць на гэта вочы ці спрабаваць гэта зьнішчыць — гэта барбарства ў 21-м стагодзьдзі».

Кінапраект «Вышэй за неба» — сацыяльны прадукт, накіраваны на тое, каб прыцягнуць маладых людзей да разьвязаньня праблемы распаўсюду ВІЧ-інфэкцыі, зьнізіць стыгму і дыскрымінацыю ў адносінах да ВІЧ-станоўчых людзей.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG