Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аграгарадок, віетнамскія сьвінкі ды вынаходнік — у Абольцах


Старажытныя — 625 год ад заснаваньня — Абольцы адразу апынуліся на гістарычным, этнічным ды рэлігійным разломе. У першапачаткова паганскім паселішчы ў год заключэньня паміж ВКЛ ды Польшчай Крэўскай уніі вялікі князь літоўскі Ягайла на знак прыняцьця каталіцтва заклаў адзін зь першых на тэрыторыі сучаснай Беларусі касьцёлаў.

У першай палове 16 стагодзьдзя Абольцы сталі прыватным уладаньнем жонкі польскага караля і вялікага князя літоўскага Жыгімонта Боны Сфорцы. Пасьля падзелу Рэчы Паспалітай вёска на Талачыншчыне стала ўласнасьцю расейскіх памешчыкаў Заржэцкіх і... праваслаўнай — дагэтуль ёсьць вуліца Руская. Сьляды гэтых гістарычных падзеяў трапляліся мне ў часе вандроўкі ў Абольцы.



Я ля мясцовага ФАПу, што пабудаваны на месцы спаленага ў 2-ю ўсясьветную касьцёла. Вакол ліпавы гай з магутнымі, высокімі дрэвамі 300-гадовай даўніны, гранітная накрыўка глыбокага склепу і памятны знак з надпісам па-польску. Усё тут мае асаблівае значэньне, кажа мне старажылка, былая настаўніца пачатковых клясаў з 40-гадовым стажам, спадарыня Станіслава Жалдак.



Карэспандэнт: «Пад вамі самы старажытны касьцёл Беларусі...»

Жалдак: «Ведаем, канечне. Жанчына насупраць яшчэ хадзіла ў яго — ёй больш за 80. А пад кожнай ліпай пахаваныя людзі, быў магільнік, дзе хавалі самых багатых людзей і духавенства. І над кожным над узгалоўем садзілі ліпу — тут нават золата шукалі...»

Карэспандэнт: «Дынаміку можаце сказаць — колькі было дзяцей, калі прыйшлі, і колькі зараз?»

Жалдак: «Было 150, а цяпер нават 70 няма...»

Тым ня менш аграгарадок, які ўзьнік год таму, падвысіў колькасьць насельнікаў з 400 амаль да 600 за кошт навакольных вёсачак ды засьценкаў, якія адміністрацыйна далучыліся да Абольцаў. Гісторыю ж тут калі не ўшаноўваюць як сьлед з-за адсутнасьці сродкаў, дык памятаюць, бадай, усе. Вось што пра славутую галоўную касьцельную ікону расказала мне старшыня сельсавету, спадарыня Вера Міхалап.

Міхалап: «Зь дзяцінства бачыла гэту Матку Боску — хадзіла ў госьці да бабулі Антолі. У залі яна стаяла зь перакрыжаванымі рукамі мэтры на 2 з п’едэсталам. Калі бабуля Антоля памерла, нявестка перадала ікону ў Чырвоны касьцёл...»

Заходжу ў памянёны ФАП, дзе засталося пасьля скарачэньня бальніцы 2 гады таму 10 супрацоўнікаў. Мяне сустракае галоўны ўрач — мілавідная бляндынка, у якой на бэджы чытаю:

Карэспандэнт: «Воленька Анатольеўна Кудраўцава. Адпрацоўваеце першы год са жніўня. У Абольцах будзеце заставацца?»

Вольга: «Калі вы праложыце асфальт да пад’езду — запраста! Я жыву ў Талачыне, падымаюся ў 5.40, праезд каштуе штодзень 30 тысяч у два бакі...»

Карэспандэнт: «Сацыяльныя ложкі трымаеце?»

Вольга: «Не, скарацілі ўсе...»

Карэспандэнт: «А ведаеш, што на гэтым месцы старажытны касьцёл стаяў?»

Вольга: «Так, расказвалі...»



Былая бухгальтарка, цяпер пэнсіянэрка, спадарыня Тамара Рабаева расказала, як зьмянілася тутэйшае жыцьцё пасьля ўзьнікненьня аграгарадка.

Рабаева: «Усё хужай робіцца — зьберкасу і бальніцу закрылі, аўтобусы дрэнна ходзяць, дарога — не праехаць, за ўсякай драбязой трэба ехаць у Талочын — не зацікаўліваюць людзей, каб яны заставаліся ў дзярэўні, бо ні даехаць, ні ўехаць, ні купіць, у нас жа ўсё самае дарагое. Я тут нарадзілася і памру — мне 60 год, усе мае паўміралі, акрамя курэй, нічога не трымаю... »

39-гадовы Жора першы месяц, як перайшоў з кіроўцы СВК у сельсавет на рабочага па азеляненьні. Ужо даведаўся, што абяцанае падвышэньне заробку будзе мізэрным.

Карэспандэнт: «І што вы тут азеляняеце?»

Жора: «Траўку сеем ля дарогі — яшчэ ня вырасла!» (Сьмяецца.)

Карэспандэнт: «А ёсьць настрой у Абольцах заставацца?»

Жора: «Дзеці — адзін вучыцца, другая заканчвае — я не бяглец. У Расею не „язьдзец“ — чуў пра трупы беларусаў, што адтуль прывозяць. Схадзіце вунь да Толі — ён зрабіў млын...»

З тутэйшым кулібіным, майстрам на ўсе рукі ды вынаходнікам, сустрэча наперадзе. Я ж па шляху завітаў на фэрму, дзе замяняў бацьку-даглядчыка 18-гадовы Саша Станкевіч. У яго настрой яшчэ аптымістычны.



Аляксандр: «Бацька даглядае 130 кароў і цялятак па 6 у клетцы. Калі вага ёсьць, бывае і больш за паўтара мільёна. А я вучуся на прадаўца, касіра-кантралёра. На практыцы тут мо і застануся — у Абольцах прывык...»

Непадалёк садзілі бульбу на прысядзібным участку бацька і сын Авасенкі —Аляксандар ды Жэня.

Карэспандэнт: «Колькі сотак?»

Аляксандр: «50 — працую ў лясьніцтве кіроўцам...»

Карэспандэнт: «Бачыў вашы самазвалы, што дарогі выварочваюць...»

Аляксандр: «Гэта камэрсанты выкупляюць лясы, калі іх на біржу выстаўляюць. І ў нас заробак нічога — мільён 900. Бачу, пра каня ваша пытаньне — мой, гэта кармілец, знайдзі яго, калі сэзон пасеву пайшоў! У гаспадарцы сьвіньні, каровы...»

Карэспандэнт: «Але без гаспадаркі не выжываў бы за заробак?»

Аляксандр: «Канечне!

Карэспандэнт: «Жэня, а ты вярнуўся б на вёску пасьля каледжа?»

Жэня: «Не, не вярнуўся б — працы тут няма і рабіць няма чаго...»



Калі б той самы кулібін — 46-гадовы Анатоль Сухавараў — не пабудаваў масток і пад’езды да яго ад фэрмы на вёску праз рэчку Абалянку, абыходзіў бы я, як і ўсе абалянцы, як мінімум 2 км. Калі падыходзіў да яго хаты, усё навокал выклікала жаданьне сустрэцца з гаспадаром — рукатворныя млын на ўзвышшы ды кібітка ля плота, самаробная піларама. У двары бегалі забаўныя віетнамскія сьвінкі. А вось і Анатоль — прыземісты, з вострым, дапытлівым позіркам з-пад традыцыйнай вясковай кепкі.

Карэспандэнт: «Самі на сябе працуеце?»

Анатоль: «Ну так, узімку качагар — сэзоньнік, мільён атрымліваю, але карова, конь, куры, сямёра сьвіней...»

Карэспандэнт: «З камбікармамі зараз жа цяжка...»

Анатоль: «Я пасеяў шмат бульбы, думаў дорага прадаць, а яна танная была — пусьціў на кармы...»

Карэспандэнт: «А чаму б не ўзяць сотак на зерневыя — у Дзятлаўскім раёне гаспадары самі цэх камбікармоў зрабілі невялікі...»

Анатоль: «Пакуль можна купіць зерне, лепш яго ня сеяць, бо мне не падабаецца, як нашы беларускія камбайны яго ўбіраюць — палова застаецца на зямлі. Тым больш, блату няма, каб калгаснай тэхнікай пасеялі — я лепей караняплоды пасаджу рукамі!»



Карэспандэнт: «А млын дзеля чаго пабудаваў?»

Анатоль: «Марыць жа ня шкодна! (сьмяецца ) Для ўсёй вёскі малоць думаў, але ж не заўжды вецер ёсьць. А ў тым годзе буран — лопасьці зламаліся. А я б зрабіў — 2 палкі перакрыжаваць, гайкамі прыціснуць — атрымліваліся лопасьці. А контрагаек цяпер проста не было...»

Карэспандэнт: «А гэта піларама твая хатняя?»

Анатоль: «Гэта я сам прыдумаў. Магутнасьць 3 квт — для сябе 20-30 дошак за дзень раблю. Я токар, даводзілася шмат думаць, бо ў калгасе не чарцёж табе прынясуць, а выраб — зрабі во так! А калі пасьля памылка?»

Карэспандэнт: «Ты ж сам і масток зрабіў ад фэрмы...»

Анатоль: «О-о, зараз вазіў на гарод 30 вазоў гною — было б лішніх 60 км!»



Карэспандэнт: «А кібітка адкуль?»

Анатоль: «Сам зрабіў...»

Карэспандэнт: «А для вясельляў прасілі ў цябе?»

Анатоль: «Не, мая жонка пошту носіць, а яна 9 км адсюль і ўзімку па колу выяжджаю — яе завязу альбо і пошту сам. Праедзем зараз — ня бойцеся!»

Пакуль Анатоль запрагаў каня, пагутарыў зь яго сябрам ды маім цёзкам — 40-гадовым пастухом Віталём Місьнікам.

(0948 )

Місьнік: «Зараз статкі зьядналі — 275 кароў. Калі залётаў няма, 3 млн выходзіць. А раней, калі Кажадуб быў, болей плацілі — паўтара мільёна...»

Карэспандэнт: «У вас стала ўдвая болей нагрузкі, а тры цяперашнія млн ня тоесныя тагачаснаму курсу даляра?»

Місьнік: «Так-так! Аграгарадок узьнік, а ўсё разламана — трактары толькі „Беларусы 12-21“. Даяркам „лімона“ тры выходзіць — па 70 кароў на адну...»

Карэспандэнт: «Пры Кажадубу было лепей ці ў аграгарадку?»

Місьнік: (сьмяецца ) «Кажадуб заціскаў людзей, зьдзекаваўся псыхалягічна — па мордзе не даходзіла, а мацюкамі як абкладзе!»

Неабходнае тлумачэньне. Кажадуб — апошні старшыня калгасу, да эпохі аграгарадкоў. З пасады сышоў па стане здароўя — інфаркт. Але гаспадарка была ў ліку раённых лідэраў, дзякуючы ягонаму жорсткаму адміністрацыйнаму кіраваньню. 5 год таму ў «Абольцах» адбыўся страйк вяскоўцаў супраць прыяднаньня 2 слабых гаспадарак, з-за чаго атрымаўся б мэга-СВК. Як цяпер кажуць, страйк адбыўся не безь яго маўклівай згоды.

Місьнік: «Хацелі аб’яднаць з саўгасам „Гаршчэўшчына“ — бастанулі! Да гэтага „Авангард“ з намі зьядналі — той разваліўся. І зараз „Авангард“ і „Абольцы“ на паўраёна — а быў бы 70 км працяг. Хіба можна гэта кантраляваць — да старшыні, як да цара трэба было б ехаць! Людзі самі выбухнулі. Быў сход — патрабавалі, каб людзі акцыі свае выклалі...»

Карэспандэнт: «А кажуць, што моладзь усё роўна ня хоча заставацца...»

Місьнік: «Дый ты маіх сыноў спытай — ніхто, дурныя хіба?! Якія пэрспэктывы — да райцэнтра даехаць, 12–13 тысяч заплаці пры заробку ў „лімон“, а як выхадны — 17!»

Нашу ўвагу перахопліваюць сьвінкі віетнамскай пароды, якія пачынаюць, зусім як сабакі, ганяць курэй па двары.



Карэспандэнт: «Я чуў шмат дзе, што за віетнамскімі сьвіньнямі ў падсобных гаспадарках будучыня...»

Місьнік: «Сала няма — адно мяса. Іх выгадна трымаць — ня трэба ім мукі, хапае травы і прыгожыя, ё-маё! Прыплод — 12–15 парсючкоў...»

Карэспандэнт: «А за колькі часу 100 кг дасягаюць?»

Місьнік: «За месяцаў 7–8, а нараджаюцца 2–3 кг. Адкасіў ім — будуць есьці...»

Карэспандэнт: «Так што з Абольцаў гаворым на ўсю Беларусь — заводзьце віетнамскіх сьвінак!»

Місьнік: «Так-так-так!» (сьмяецца )

Але вось на статнай кабыле пад’яжджае Анатоль і мы зь ветрыкам, на добрых рысорах, на якіх не адчувальныя дарожныя выбоіны ды яміны, імчымся па Абольцах. На разьвітаньне не магу не сказаць:

Карэспандэнт: «Бачна, які ты майстравіты, гаспадар зь цябе проста прэ — а чаму б не пайсьці ў фэрмэры?»

Анатоль: «А я сам хацеў бы — сьвіней кучу разьвесьці — „кітайцаў“, „віетнамцаў“, але трэба ўдвох цягнуць добрасумленна, а калі адзін у лес, другі па дровы... Трэба, каб уся сям’я была хваткая, а ў мяне такая жонка — паехала ў Бараўляны гасьцяваць. А вы ведаеце, калі здароўе ёсьць і праца цікавая, лепш працаваць, чым на ж...е сядзець ля тэлевізара!»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG