Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары ў Палату прадстаўнікоў, прызначаныя на 23 верасьня 2012 году, будуць мець дзьве адметнасьці.

Пра гэта гаварылася на сёньняшнім паседжаньні Цэнтравыбаркаму. Па-першае, яны пройдуць з улікам зьменаў у выбарчае заканадаўства, якія ўнесьлі два гады таму. Па-другое, упершыню ў гісторыі парлямэнцкіх выбараў у Беларусі кандыдаты ў дэпутаты атрымалі права ствараць свой уласны фінансавы фонд.

Пасьля завяршэньня пасяджэньня старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адзначыла, што зьмены ў выбарчае заканадаўства 2010 году на парлямэнцкіх выбарах яшчэ не ўжываліся. Зь іх улікам праводзіліся толькі мясцовыя і прэзыдэнцкія выбары:

Лідзія Ярмошына

Лідзія Ярмошына

«Таму, я думаю, гэтыя выбары будуць шмат чым адрозьнівацца ад парлямэнцкіх выбараў 2008 году. Вось толькі адзін прыклад. Спрошчаны парадак вылучэньня кандыдатаў. Гэта асабліва закранула палітычныя партыі. Ім цяпер неабавязкова мець ніжэйстаячыя структуры ў тых акругах, дзе яны будуць вылучаць кандыдатаў. То бок цяпер палітычная партыя, ня маючы ніжэйстаячых структур, можа вылучаць кандыдатаў у любую выбарчую акругу».

Зьмяненьні ў Выбарчы кодэкс, якія ўнесьлі два гады таму, прынцыпова не зьмянілі правілы правядзеньня выбараў, лічыць сябра праваабарончага цэнтру «Вясна» Ўладзімер Лабковіч:

Уладзімер Лабковіч

Уладзімер Лабковіч

«Тыя фармальныя паляпшэньні, якія насамрэч мелі месца і якія мы як назіральнікі бачылі падчас апошніх прэзыдэнцкіх выбараў, абсалютна нівэлююцца дзьвюма рэчамі. Яны засталіся бязьзьменнымі і гарантуюць уладам поўны і татальны кантроль за выбарамі і фальшаваньне іх вынікаў. Гэта — фармаваньне выбарчых камісіяў і падлік галасоў. Таму я лічу, што дэмакратычныя выбары ў Беларусі немагчымыя ў сёньняшніх умовах.

І мне падаецца, што самая асноўная адметнасьць гэтых выбараў — ня зьмены ў выбарчае заканадаўства, а тая атмасфэра страху, якая пануе ў грамадзтве, і 13 палітвязьняў. І вось менавіта гэта найперш уплывае на выбары. А ня тыя зьмены, якія насамрэч толькі нейкім чынам зьмяняюць дэкарацыі, але ніякім чынам не зьмяняюць сутнасьць, форму і працэдуру правядзеньня выбараў».

Што тычыцца карыстаньня асабістым фінансавым фондам кандыдата ў дэпутаты, то тут існуе шмат абмежаваньняў. Напрыклад, сам кандыдат у дэпутаты можа ўнесьці ў яго ня больш за 20 базавых велічыняў. Фізычная асоба, якая падтрымлівае кандыдата, — ня больш за 5 базавых, а юрыдычная — ня больш за 10 базавых велічыняў.

Ёсьць абмежаваньне і на трату грошай. Які б вялікі ні быў фонд пэўнага кандыдата ў дэпутаты, але ён ня можа патраціць зь яго больш за сто мільёнаў рублёў. «Гэтае абмежаваньне зроблена, каб не атрымалася так, што кандыдаты ў дэпутаты падзяліліся б на багатых і бедных», — патлумачыла Лідзія Ярмошына.

Былы дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі і Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Навасяд выказаў «Свабодзе» меркаваньне, што праз стварэньне такога фонду ўлады хочуць павялічыць цікавасьць да выбараў:

Уладзімер Навасяд

Уладзімер Навасяд

«Гэта будзе такі „допінг“ для выбараў. Бо значная частка насельніцтва можа на выбары не пайсьці. Мы ж ведаем, калі яны праводзяцца — на пачатку восені. І чым больш будзе білбордаў, чым больш будзе выкуплена месца ў мясцовых газэтах, і ня толькі ўрадавых, тым больш гэта будзе ўплываць на актыўнасьць выбарцаў у гэтай кампаніі».

Лідзія Ярмошына сказала сёньня, што ўпершыню сыстэма асабістых фінансавых фондаў была апрабаваная ў Беларусі ў 2010 годзе падчас прэзыдэнцкіх выбараў. Аднак зь дзесяці кандыдатаў у прэзыдэнты гэтую магчымасьць скарысталі толькі чатыры.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG