Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэмія «За свабоду думкі» — Вольскаму і Белакозу


Ляўрэатамі прэміі імя Васіля Быкава «За свабоду думкі» сёлета сталі краязнаўца, стваральнік і шматгадовы дырэктар незвычайнага краязнаўчага музэю ў вёсцы Гудзевічы, што ў Мастоўскім раёне на Гарадзеншчыне, настаўнік беларускай мовы і музыка, лідэр гурту «Крамбамбуля» Лявон Вольскі.

Алесю Белакозу прэмія прысуджаная за тое, што ён плённа працаваў на карысьць беларушчыны цягам усяго свайго жыцьця. Ён стварыў краязнаўчы музэй у вёсцы Гудзевічы Мастоўскага раёну, дзе ён жыве, займаецца краязнаўствам, піша кнігі і ўвогуле, як сказаў, прадстаўляючы яго мастак Алесь Пушкін — таксама колішні ляўрэат прэміі — яшчэ ў 1948 годзе раскідваў антысавецкія ўлёткі, змагаючыся за свабоду Беларусі.

Прадстаўляючы Лявона Вольскага пісьменьнік Уладзімер Арлоў — адзін зь леташніх ляўрэатаў — сказаў, што напэўна цяпер у стане найбольш паўплываць на сьвядомасьць беларускай моладзі беларускі рок.



У вёску Бычкі Вушацкага раёну паводле традыцыі зьехаліся прыхільнікі таленту пісьменьніка, дэмакратычныя актывісты, сучасныя літаратары.

Кожны ахвотны мог наведаць музэй, створаны ў Бычках некалькі гадоў таму: на месцы старой хаты, дзе прайшло маленства пісьменьніка, паводле таго самага пляну збудавана новая. І цяпер у ёй экспануюцца рэчы Васіля Быкава, стала працуе выстава яго кніг, а таксама кніг і карцін, падораных музэю наведнікамі.

У дзень народзінаў пісьменьніка ў Бычках, таксама ўжо традыцыйна, пішуць агульнанацыянальную дыктоўку. Сёлета гэта быў тэкст з кнігі «Быкаў на «Свабодзе». І яшчэ па дарозе для тых, хто ехаў у Бычкі зь Менску, у замоўленым аўтобусе некалькі гадзінаў пасажыры слухалі аўдыёдыск, выдадзены Беларускай службай «Радыё Свабода» — запіс кнігі з сымбалічнай назвай «Доўгая дарога дадому».

Белакоз стварыў «ціхі подзьвіг» сваім жыцьцём

Галоўнай інтрыгай «быкаўскай» імпрэзы вось ужо пяць год запар ёсьць уручэньне прэміі імя Васіля Быкава «За Свабоду думкі». Прэмія заснаваная рухам «За Свабоду» на ўзор прэміі «За свабоду» імя Сахарава, якой у 2006 годзе быў уганараваны Аляксандар Мілінкевіч. Гэтай прэміяй узнагароджваюць тых, хто, на думку адмысловага журы, яскрава праявіў сябе ў грамадзкай, прафэсійнай альбо творчай дзейнасьці на карысьць Беларусі і свабоды.

Сёлета яна дасталася прадстаўнікам двух пакаленьняў: 86-гадоваму Алесю Белакозу і амаль удвая маладзейшаму Лявону Вольскаму. Ляўрэатаў прадстаўлялі тыя, хто атрымліваў гэтую прэмію ў мінулыя гады.

Краязнаўцу, стваральніка этнаграфічна-краязнаўчага музэю ў вёсцы Гудзевічы, што ў Мастоўскім раёне на Гарадзеншчыне, былога настаўніка Алеся Белакоза прысутным прадставіў мастак Алесь Пушкін:

«Я за яго дзьвюма рукамі, таму што Белакоз стварыў «ціхі подзьвіг» сваім жыцьцём. У сваёй вёсцы, працаваў гадамі — тое, што нам цяпер і трэба ставіць у прыклад! Яшчэ хлопчыкам ён думаў пра нашу незалежнасьць! У 1948 годзе Алесь Мікалаевіч Белакоз раскідваў улёткі са словамі «Патрабуйце незалежнасьці Беларусі!»

Атрымаўшы прэмію «За свабоду думкі», сам ляўрэат прызнаўся, што яму ня дужа даспадобы мітусьня вакол гэтае падзеі. Алесь Белакоз лічыць, што яго прызваньне і жыцьцёвая задача — рабіць добрыя, карысныя справы:

«Я часам і за спрэчку! Таму званьне там нейкае — няважна. Трэба рабіць нешта істотнае, нешта канкрэтнае!»

Кажучы пра канкрэтныя рэчы, Алесь Белакоз тут жа падзяліўся прапановай: маўляў, у двары музэю Васіля Быкава трэба паставіць лаўкі, каб наведнікі змаглі прысесьці ў які сьвяточны дзень, а ня слухаць канцэрт ці выступы літаратараў стоячы.

Калі мы глядзім на нашу гісторыю і культуру, то у „нашых шыротах“ на лёсы цэлых пакаленьняў паўплываў гурт „NRM“ і яго шматгадовы кіраўнік Лявон Вольскі.

Другі ляўрэат прэміі «За свабоду думкі» лідэр гурту «Крамбамбуля» Лявон Вольскі ня змог прыехаць у Бычкі. Пра яго прысутным расказаў пісьменьнік Уладзімер Арлоў:

«Калісьці я вяртаўся з канцэрту „Песьняроў“, тады яшчэ „Лявонаў“, зусім іншым чалавекам — я адчуваў, як ува мне прарастае маё беларускае зерне. Музыка, і найперш рок-музыка можа ўплываць на лёсы нават не асобных людзей, а цэлых пакаленьняў. І калі мы глядзім на нашу гісторыю і культуру, то у „нашых шыротах“ на лёсы цэлых пакаленьняў паўплываў гурт „NRM“ і яго шматгадовы кіраўнік Лявон Вольскі. „NRM“ — гэта ня толькі беларуская музыка, але і беларуская мова, беларуская культура, беларуская ідэя і ўрэшце беларуская будучыня».

Падчас уручэньня прэмій старшыня руху «За свабоду» Аляксандар Мілінкевіч заявіў, што яму вельмі прыемна за такі выбар журы. Галасы падзяліліся пароўну — за Лявона Вольскага і за Алеся Белакоза. Гэта засьведчыла, што ў Беларусі свабода думкі невычэрпная. Бо пераможцы — прадстаўнікі цалкам розных пакаленьняў і розных сфэраў культуры, але адной справы — свабоды Беларусі, — сказаў Аляксандар Мілінкевіч.

Пасьля ўручэньня прэміі адбыліся літаратурныя чытаньні. І, бадай, самай пачэснай госьцяй сьвята, як і ўсе мінулыя гады, была сястра Васіля Быкава, Валянціна Ўладзімераўна. Яна таксама выступіла перад прысутнымі, падзяліўшыся ўспамінамі пра брата.

Па сканчэньні афіцыйнай часткі адбыўся сяброўскі абед у гонар дня народзінаў Васіля Быкава. Гэта таксама ўжо традыцыя, калі за адным сталом на ўгодкі пісьменьніка зьбіраюцца ягоныя аднавяскоўцы і госьці з усяе Беларусі.



Прэмія «За свабоду думкі» была заснаваная рухам «За Свабоду» на ўзор прэміі «За свабоду» імя Сахарава, якой у 2006 годзе быў уганараваны Аляксандар Мілінкевіч. Гэтай прэміяй узнагароджваюць тых, хто, на думку адмысловага журы, яскрава праявіў сябе ў грамадзкай, прафэсійнай альбо творчай дзейнасьці на карысьць Беларусі і свабоды.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG