Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрты МАГАТЭ на катлаване будучай АЭС


Пашпарт аб’екта на пляцоўцы будаўніцтва Астравецкай АЭС
Пашпарт аб’екта на пляцоўцы будаўніцтва Астравецкай АЭС

Цягам двух тыдняў у Беларусі будзе працаваць місія Міжнароднага агенцтва па атамнай энэргіі (МАГАТЭ).

Паўтара дзясятка адмыслоўцаў, якія прадстаўляюць краіны з атамнымі электрастанцыямі, ацэняць узровень бясьпекі будучай Беларускай АЭС і спраўдзяць, ці гатовая пляцоўка на Астравеччыне да пачатку будаўнічых працаў. Незалежныя экспэрты настойваюць, што рашэньне ўзводзіць у Беларусі АЭС — ня толькі памылковае, але і злачыннае ў дачыненьні да беларускага народу.

Паводле статуту МАГАТЭ, інспэктуючы тую ці іншую краіну, экспэрты арганізацыі ня маюць права кантактаваць з прэсай. Сутнасьць місіі за іх тлумачаць мясцовыя чыноўнікі. Прадстаўніца Міністэрства энэргетыкі Лілія Дулінец кажа, што тэст на дзеяздольнасьць пройдзе ўся інфраструктура ядзернай энэргетыкі, якая цяпер ствараецца — агулам каля двух дзясяткаў напрамкаў:

«Гэта і радыяцыйная бясьпека, гэта і падрыхтоўка пэрсаналу, гэта і ахова навакольнага асяродзьдзя, гэта і шэраг іншых пытаньняў, якія краіне неабходна прадугледзець пры стварэньні нацыянальнай інфраструктуры ядзернай энэргетыкі. Мы ўжо разгледзелі адзін з такіх кірункаў, які называецца „нацыянальная пазыцыя“. Экспэрты ацанілі па гэтым кірунку нас дастаткова высока, і цяпер ідзе абмеркаваньне нарматыўна-прававой базы, якая фармуецца ў краіне дзеля таго, каб прыступіць да будаўніцтва першай атамнай электрастанцыі».

Асноўная праца чакае інспэктараў МАГАТЭ ў полі — дакладней, на месцы, дзе будаўнікі ўжо пачалі рыць катлавіну ў паўтара дзясятка мэтраў глыбінёй пад падмурак будучай АЭС. Генэральны кантракт з расейскай карпарацыяй «Росатом» на будаўніцтва стратэгічнага аб’екту плянуецца падпісаць да канца чэрвеня, пасьля чаго рэалізацыя праекту пяройдзе ў незваротную фазу. Актывісты кампаніяў супраціву першай беларускай АЭС настойваюць на злачыннасьці гэтага пляну. Гаворыць каардынатар ініцыятывы «Астравецкая АЭС — гэта злачынства» Мікола Ўласевіч:

Мікалай Уласевіч
Мікалай Уласевіч
«Я лічу, што гэта пастка — самая натуральная пастка для ўсіх нас. Гэта адно са зьвёнаў, адзін з мэханізмаў, якія запусьціла Расея, каб нас інкарпараваць. Перадусім інкарпараваць эканамічна. Гэта маё глыбокае перакананьне. Я калі яшчэ быў кандыдатам у дэпутаты мясцовага савету на выбарах 2010 году, дакладна і зразумела выклаў менавіта гэты тэзіс у 5-м пункце сваёй праграмы. І сёньня гэта цалкам пацьвярджаецца. Таму тое, што Расея дасьць крэдыты — а хто б сумняваўся? Асабіста я не сумняваўся ні кроплі. Расейскі праект, расейскія тэхналёгіі. Гэта пляцдарм у простым і пераносным сэнсе, каб, як кажуць, прыхапіць нас цалкам і без астатку. Гэта адзін з мэханізмаў, адзін са сродкаў, каб дасягнуць пастаўленай мэты. Так што цалкам лягічна, што Расея дасьць сродкаў, але і канчаткова да сябе прывяжа».

Кіраўніцтва Расеі пацьвердзіла, што ўвесь цяжар крэдытаваньня першай беларускай АЭС возьме на сябе — гэта амаль 10 мільярдаў даляраў. Тэхналёгіі, якія будуць выкарыстаныя для пабудовы станцыі, таксама будуць расейскага паходжаньня. Падобная непераборлівасьць, нежаданьне нават абмяркоўваць альтэрнатыўныя прапановы абурае бізнэсоўца, эканаміста, экс-кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Цярэшчанку:

Віктар Цярэшчанка
Віктар Цярэшчанка
«Прафэсіяналы, заходнія інвэстары наўпрост казалі: мы гатовыя даць інвэстыцыйныя грошы, якія ня трэба вяртаць. Мы даём 100% грошы, аддайце нам электраэнэргіяй. Не патрэбны нават кантрольны пакет, дастаткова 49%. Адказу ніякага не атрымана! Гэта ўвогуле парадаксальная сытуацыя. Вось нам патрэбныя расейскія, а дакладней, дармовыя, як яны лічаць, крэдыт і тэхналёгіі. І нікога не цікавіць, што будзе праз год, як гэтыя тэхналёгіі будуць сябе паводзіць. Бо найменшае ваганьне амплітуды — і ўсё гэта паляціць у паветра. Нікога наступствы папросту не цікавяць. Бо трэба „накласьці“ абавязкова пад Вільняй, каб абавязкова бліжэй да Эўразьвязу, адпомсьціць. Але каго яны хочуць пакараць? Паўночна-заходняя зона вятроў прывядзе да таго, што ў выпадку тэхналягічных праблемаў усё паляціць не на Эўропу, а накрые саму Беларусь».

Усе спробы грамадзкасьці вынесьці пытаньне пра мэтазгоднасьць узьвядзеньня атамнай электрастанцыі на тэрыторыі Беларусі — найбольш пацярпелай ад катастрофы на ЧАЭС — плёну ня мелі. Сам Аляксандар Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што рашэньне будаваць Беларускую АЭС аспрэчваньню не падлягае. Мала шанцаў, што нешта будуць аспрэчваць і экспэрты МАГАТЭ: адна зь іх функцыяў — якраз пашыраць сьпіс краінаў, якія пераходзяць на атамную энэргетыку.

Згодна з агучанымі плянамі, увесьці першы энэргаблёк АЭС плянуецца на пачатку 2018 году, другі запусьцяць у 2020-м. Леташні валютны крызіс першапачатковыя намеры крыху адкарэктаваў: раней меркавалася, што электраэнэргію, выпрацаваную на Астравецкай АЭС, можна будзе спажываць ужо ў 2016 годзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG