Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыянэры пра дэтэктар хлусьні — мы ня супраць, але даверу гэта не дадасьць


Сяргей Марцалеў, былы кіраўнік выбарчага штабу кандыдата ў прэзыдэнты на выбарах 2010 году Мікалая Статкевіча, прапануе фігурантам крымінальнай справы па падзеях 19 сьнежня, а таксама лідэрам апазыцыі і ключавым постацям у парлямэнцкай кампаніі прайсьці праверку на дэтэктары хлусьні.

Як ставяцца палітыкі да ініцыятывы Марцалева?

Адзін зь лідэраў БХД Віталь Рымашэўскі назваў ініцыятыву Марцалева добрай. Ён яе падтрымлівае, аднак сумняецца, што яна будзе падтрыманая ўсімі:

«Я гатовы адным зь першых удзельнічаць і заклікаў бы падтрымаць усіх іншых. Гэта хоць неяк бы разрадзіла атмасфэру ўсеагульнага падазрэньня, якая існуе ў апазыцыі. Няхай усе гэты дэтэктар хлусьні пройдуць, і для многіх стане больш зразумелай пазыцыя тых людзей, якія сёньня ўзначальваюць беларускую апазыцыю. Я сумняваюся, што ўсе пойдуць. Але ініцыятыва добрая. Няхай вось цяпер Марцалеў шукае прыстасаваньне, спэцыялістаў. Я з задавальненьнем прыйду».


Прэсавы сакратар грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Сяргей Вазьняк распавёў, што праходзіў праверку на дэтэктары хлусьні, калі быў у турме КДБ:

Сяргей Вазьняк

Сяргей Вазьняк

«Гэта зусім пустая працэдура. І чалавек з моцнай воляй можа падмануць дэтэктар. Тым больш, што нават самі праваахоўныя, судовыя органы не разглядаюць паказаньні дэтэктара хлусьні як доказ вінаватасьці ці невінаватасьці чалавека. Дэтэктар не дае вычарпальнага адказу, падманвае чалавек ці гаворыць праўду. Ніякага сэнсу ў гэтым няма. Чалавек з дрэнным ціскам можа разнэрвавацца і на гэтым дэтэктары пакажа, што ён хлус. І, наадварот, чалавеку зь вельмі моцнай воляй, які можа кіраваць эмоцыямі, дэтэктар нічога не пакажа. І што, яго адразу будуць лічыць крыштальна сумленным? А хто расхваляваўся — ён агент і ўваходзіць у тыя 80%, пра якія казаў Бандарэнка? Таму гэта лухта, проста бессэнсоўная задума, якая нічога не дае».


Былы кандыдат у прэзыдэнты ад БНФ Рыгор Кастусёў гатовы прайсьці праверку на дэтэктары хлусьні.

Рыгор Кастусёў

Рыгор Кастусёў

«Я падтрымаў бы такую ініцыятыву, але каб Марцалева першым адправіць на дэтэктар, як ён пройдзе. Крыху гэта дзіцячы садок, але пачнём з Марцалева, я за ім. Гэта несур’ёзныя адносіны. Але калі Марцалеў будзе так настойваць, то я за ім усьлед пайду. Калі ён першы возьмецца праходзіць, то я буду нумар два».


Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч лічыць, што гэта добры намер, каб зьняць даволі вялікі недавер, які існуе паміж рознымі апазыцыйнымі дзеячамі:

Аляксей Янукевіч

Аляксей Янукевіч

«Але гэтая працэдура, калі б яна і была ажыцьцёўлена, бадай што пытаньняў і сумневаў бы не зьняла, а толькі б паспрыяла таму, каб гэтая тэма яшчэ больш пачала пэдалявацца і пачаліся яшчэ большыя спэкуляцыі і інсынуацыі на прадмет таго, хто там залежыць ад спэцслужбаў, хто супрацоўнічае, хто не супрацоўнічае і так далей. Наўрад ці гэтая ідэя можа паўплываць на тое, каб пытаньне даверу зьнялося. Але калі будзе выклік прайсьці гэтую працэдуру, я ня бачу праблем, мы маглі б адказаць на такі выклік. Але ня думаю, што гэта дадасьць даверу ў шэрагі дэмакратычных актывістаў».

Як Марцалеў плянуе правесьці свой экспэрымэнт, дзе ён возьме прыстасаваньне і адмыслоўцаў?

Марцалеў: «Незалежны тэлеканал быў бы ў такім ток-шоў зацікаўлены, бо кожны ўдзельнік — гэта мінімум 40 хвілін. Незалежны тэлеканал ці радыёстанцыя маглі б дапамагчы з абсталяваньнем. Яго дастаць ня цяжка. Такі апарат, напрыклад, ёсьць у кожным банку. Патрэбны незалежны спэцыяліст, які б гэта праводзіў. Гэта можа быць не грамадзянін Беларусі. У бальшыні краінаў ёсьць прыватныя падобныя спэцыялісты, якія рэалізуюць такія ініцыятывы для асобаў, якія хочуць ачысьціцца ад падозраньняў перад органамі сьледзтва, напрыклад. Знайсьці такога адмыслоўца ўсё ж можна».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG