Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гары Паганяйла: «Сьпіс невыязных — злачынства з боку чыноўнікаў»

абноўлена

Гары Паганяйла: Сьпісы невыязных — злачынства супраць грамадзян Беларусі
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:04 0:00
Наўпроставы лінк

У Маскоўскім раённым судзе Менску пачаўся працэс па пазове праваабаронцы зь Беларускага Хэльсынскага камітэту Гары Паганяйлы да міністэрстваў юстыцыі і ўнутраных спраў адносна ўключэньня яго ў сьпіс асоб, якім забаронена пакідаць межы краіны.

На працэсе ў Маскоўскім судзе паводле пазову праваабаронцы Гары Паганяйлы абвешчаны перапынак да пятніцы, 22 чэрвеня.

У другой палове дня прадстаўнікі МУС на суд так і не зьявіліся. Суд выслухаў прадстаўніцу Мін’юста Ірыну Пятрову, якая давяла, што Мін’юст не атрымліваў ніякіх зьвестак ад МУС адносна прычын, дзеля якіх Гары Паганяйлу трэба ўносіць у сьпіс невыязных.

Прадстаўнік пазоўніка, праваабаронца Алег Гулак пракамэнтаваў вынікі судовага дня: «З гэтага ўжо пэўна можна зрабіць выснову, што Гары Паганяйла быў уключаны ў сьпіс незаконна, бо гэта яўна супярэчыць даведцы, якую яму далі ў міліцыі. Далей патрэбны разбор, але ўжо зараз мы хадайнічалі аб выключэньні Гары Пятровіча са сьпісу невыязных. Суд вырашыў разгледзіць хадайніцтва пазьней».

Судовы працэс у Маскоўскім судзе адновіцца 22 чэрвеня а 14.30.


Гары Паганяйла лічыць дзеяньні Міністэрства юстыцыі і Міністэрства ўнутраных спраў незаконнымі і патрабуе, каб яго выключылі са сьпісу невыязных. На працэсе спадар Паганяйла сказаў, што сам правёў збор доказаў, на падставе якога высьветліў, што ніводзін суд у Беларусі не даваў Мін’юсту зьвестак пра тое, што ёсьць падставы да ўключэньня яго ў сьпіс невыязных.

Выступаючы перад судзьдзёй Вольгай Глушаковай, Гары Паганяйла заявіў, што ня мае аніякіх абавязкаў перад гаспадарчымі органамі, ня мае запазычанасьцяў, у яго няма аніякіх абавязкаў паводле судовых рашэньняў. Гары Паганяйла бачыць у дзеяньнях чыноўнікаў зь Мін’юсту і Міністэрства ўнутраных спраў склад крымінальнага злачынства.

Праваабаронца патлумачыў: «Незаконнае ўключэньне ў сьпіс невыязных за межы Беларусі ёсьць склад крымінальнага дзеяньня, бо чыноўнікі абмяжоўваюць свабоды, якія гарантаваныя Канстытуцыяй. Менавіта за тое самае, нагадаю, была асуджаная былая сьледчая пракуратуры Сьвятлана Байкова. За парушэньне канстытуцыйных правоў грамадзянаў на свабоду. Паводле суду, яна адвольна кагосьці прыцягвала да крымінальнай адказнасьці, пазбаўляла свабоды, калі брала пад варту. Кагосьці, наадварот, вызваляла ад крымінальнай адказнасьці незаконна, як вырашыў суд. А гэта і ёсьць крымінальнае дзеяньне».

Незаконнае ўключэньне ў сьпіс невыязных за межы Беларусі ёсьць склад крымінальнага дзеяньня, бо чыноўнікі абмяжоўваюць свабоды, якія гарантаваныя Канстытуцыяй
Гары Паганяйла

На пачатку сакавіка Гары Паганяйла атрымаў зьвесткі з МУС, што ён знаходзіцца ў сьпісе тых, каму выезд за межы Беларусі забаронены. У Мін’юсьце і МУС праваабаронцу дагэтуль не назвалі юрыдычную падставу для ўключэньня яго ў сьпіс. «Пасьля трох месяцаў змаганьня мяне так і ня выключылі са сьпісу невыязных. Літаральна ўчора мне пацьвердзілі, што я дагэтуль там», — адказаў Гары Паганяйла на пытаньне судзьдзі.

Таксама ён заявіў пра палітычны складнік гэтай справы: «Ён у тым, што Аляксандар Лукашэнка і шэраг чыноўнікаў шмат разоў казалі цягам гэтага году пра падрыхтоўку сьпісу, у які будуць унесеныя тыя людзі, якім забаронены выезд за мяжу ў адказ на санкцыі Захаду да беларускіх чыноўнікаў».

Гары Паганяйла мяркуе, што чыноўнікі выканалі гэтае распараджэньне Лукашэнкі і ўключылі ў гэты сьпіс і яго.

Напрыканцы сваёй прамовы ў судзе Гары Паганяйла сказаў, што не разьлічвае на станоўчы вынік гэтага разгляду, бо ведае, у якой дзяржаве жыве, але мяркуе, што ягонае змаганьне як праваабаронцы неабходнае для дэманстрацыі таго, што дзеецца з правамі чалавека ў Беларусі.

У працэсе ў якасьці прадстаўніка пазоўніка бярэ ўдзел старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак.

«На маю думку, няма ніякіх юрыдычных падставаў, каб не задаволіць пазоў Гары Паганяйлы. Але паглядзім, як сытуацыя будзе складацца далей. Мы будзем даводзіць сваю пазыцыю».

Прадстаўнікі МУС на суд у першай палове дня не зьявіліся. Ад Мін’юсту на працэсе прысутнічала супрацоўніца міністэрства Ірына Пятрова. Узяць камэнтар у яе не ўдалося. У судзе Ірына Пятрова пацьвердзіла адмову ад прызнаньня пазову Гары Паганяйлы. У Мін’юсьце настойваюць на тым, што там не складаюць сьпісаў невыязных і ня ведаюць, як у гэтым сьпісе апынуўся Гары Паганяйла.

Акрамя яго, у гэтым сьпісе яшчэ ня меней за 15 палітыкаў, праваабаронцаў, журналістаў. Сярод іх Анатоль Лябедзька, Вінцук Вячорка, Сяргей Калякін, Жана Літвіна, Андрэй Дынько ды іншыя. Пакуль толькі Гары Паганяйлу ўдалося праз скаргі давесьці справу да судовага разгляду. Старшыня БХК Алег Гулак, які таксама ў сьпісе невыязных, кажа, што ягоная скарга ў Цэнтральным раённым судзе Менска трэці месяц адкладаецца.



Жывы рэпартаж «Свабоды»


13.30 Гары Паганяйла выступіў з прамовай перад судом. Ён лічыць дзеяньні Міністэрства юстыцыі і Міністэрства ўнутраных спраў незаконнымі і патрабуе, каб яго выключылі са сьпісу невыязных.

Гары Паганяйла сказаў, што ён правёў збор доказаў, на падставе якога высьветліў, што ніводзін суд у Беларусі не даваў Мін’юсту зьвестак пра тое, што ёсьць падставы да ўключэньня яго ў сьпіс невыязных.

Гары Паганяйла ня мае аніякіх абавязкаў перад гаспадарчымі органамі, ня мае аніякіх запазычанасьцяў, у яго няма аніякіх абавязкаў паводле судовых рашэньняў. Вось жа, Мін’юст і Міністэрства ўнутраных спраў парушылі ягонае права на свабоднае перамяшчэньне, гарантаванае Канстытуцыяй, калі незаконна ўключылі яго ў сьпіс невыязных. У гэтым сэнсе Гары Паганяйла лічыць, што чыноўнікі, адказныя за такія дзеяньні, парушылі Крымінальны кодэкс, і бачыць у іхніх дзеяньнях склад крымінальнага злачынства.

Яшчэ Гары Паганяйла заявіў пра палітычны складнік гэтай справы: ён заключаецца ў тым, што кіраўнік дзяржавы Аляксандар Лукашэнка і шэраг чыноўнікаў заявілі цягам гэтага году, што ёсьць людзі, нібыта адказныя за ўвядзеньне санкцыяў, і што ёсьць сьпіс, у якім пералічаныя тыя людзі, якім забаронены выезд за мяжу. Гары Паганяйла мяркуе, што чыноўнікі выканалі гэтае распараджэньне Лукашэнкі і ўключылі ў гэты сьпіс і яго, што ён лічыць цалкам незаконным.

Напрыканцы сваёй прамовы Гары Паганяйла сказаў, што ён не разьлічвае на станоўчы вынік гэтага разгляду, бо ведае, у якой дзяржаве жыве, але мяркуе, што ягонае змаганьне як праваабаронцы неабходнае для дэманстрацыі таго, што адбываецца з правамі чалавека ў Беларусі.

Таксама на судзе прысутнічае старшыня беларускай грамадзкай арганізацыі «Беларускі Хэльсынскі камітэт» Алег Гулак. Па выніках першага паседжаньня ён сказаў, што, паводле яго, ёсьць усе юрыдычныя падставы, каб задаволіць пазоў Гары Паганяйлы, але сказаў: «Паглядзім, як сытуацыя будзе складацца далей».

Пакуль у працэсе абвешчаны перапынак на абед. Гары Паганяйла і Алег Гулак папрасілі яшчэ дадатковыя паўгадзіны перапынку, каб паехаць на разьвітаньне зь вядомым праваабаронцам Барысам Звозскавым: ён памёр 17 чэрвеня.

У 14.30 судовае паседжаньне мае аднавіцца.

У суд так і не зьявіліся прадстаўнікі Міністэрства ўнутраных спраў. Гары Паганяйла прасіў выклікаць у суд некаторых адказных супрацоўнікаў Міністэрства ўнутраных спраў, у тым ліку Аляксея Бегуна, начальніка Дэпартамэнта грамадзянства і міграцыі МУС. Яны не зьявіліся, і цяпер суд мусіць разгледзець хадайніцтва пазоўніка аб тым, каб іх выклікаць. Пакуль суд адклаў разгляд гэтага хадайніцтва.


У пачатку сакавіка Гары Паганяйла даведаўся пра тое, што ён знаходзіцца ў сьпісе невыязных, але дагэтуль ён ня можа атрымаць з гэтых установаў тлумачэньня, на якой падставе ён апынуўся ў гэтым сьпісе. Аніякага судовага рашэньня не было прадстаўлена, аніякай прычыны не названая.

11.30 Сёньняшні працэс разглядае судзьдзя Вольга Глушакова.

У суд прыйшла прадстаўніца Міністэрства юстыцыі, але не прыйшоў прадстаўнік Міністэрства ўнутраных спраў.

Зараз суд мусіць пачацца. Прыйшлі журналісты.

Гары Пятровіч Паганяйла — адзін з 15 праваабаронцаў, палітыкаў, журналістаў, якія пазбаўленыя права выезду, унесеныя ў сьпіс невыязных зь Беларусі, але ён адзіны, хто дамогся судовага разгляду гэтай праблемы. Упершыню пачынаецца працэс менавіта такога кшталту. Усе астатнія, хто спрабаваў аспрэчыць ці падаць у суд, не дамагліся гэтага. У прыватнасьці, у залі суду знаходзіцца старшыня БХК Алег Гулак, які таксама патрапіў у гэты сьпіс, але ягоны пазоў дагэтуль не прызначаны да судовага разгляду.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG