Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мэлёдыі для Быкава


Гэты здымак зроблены ў Полацку, у Сафійскім саборы, у сярэдзіне 80-ых, віцебскім фатографам Міхаілам Шмерлінгам.

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:04:14 0:00
Наўпроставы лінк



Захавалася шмат фота, на якіх Быкаў і Барадулін разам, што натуральна: яны былі найбліжэйшымі сябрамі, і апошняя падрыхтаваная пры жыцьці Быкава кніга — перапіска з Барадуліным — названая сымбалічна: «Рукаюцца душы». Але тут абодва — ў вобразах, абсалютна супрацьлеглыхм тым, якімі іх прызвычаіліся ўяўляць. Звычайна ўзрушаны, вясёлы Барадулін —суворы, паглыблены ў сябе, а Быкаў — узьнёслы, нейкі трапяткі.

Быкаў і Барадулін сфатаграфаваныя на канцэрце клясычнай музыкі. Пэўна, мы цяпер ужо ніколі не даведаемся, якая мэлёдыя іх ўзрушыла. Увогуле, калі будучым дасьледчыкам біяграфіі Быкава давядзецца пісаць на тэму «Быкаў і музыка» — яны апынуцца перад «белай плямай», бо ў інтэрвію Васіль Уладзімеравіч не ўзгадваў не імёнаў кампазытараў, ні іх твораў. Пры тым, што «Альпійская балада» Яўгена Глебава і саўндтрэк Альфрэда Шнітке да экранізацыі «Сотнікава» Ларысай Шапіцька зрабіліся здабыткам музычнай клясыкі.
Але ў архіве Радыё Свабода ёсьць дзьве песьні, якія — і гэта пэўна — падабаліся Быкаву.

У 1997 годзе, калі выдавецтва «Мастацкая літаратура» адмовілася выдаваць «Сьцяну» — зборнік быкаўскіх апавяданьняў і прыпавесьцяў, Радыё Свабода прапанавала прачытаць іх у эфіры. Васіль Уладзімеравіч пагадзіўся, і мае калегі, Алена Ціхановіч і Аляксандар Лукашук пачалі рыхтаваць тэксты. Але для іх трэба было падабраць музыку.

І я прапанаваў — «Песьню Сольвейг» Эдварда Грыга. Быкаву музыка спадабалася.

Прызнаюся, што выбар быў ніяк не зьвязаны з сюжэтам опэры на матыў ібсэнаўскай драмы і ніяк не ўвязваўся з тэматыкай быкаўскіх твораў. Як чалавек без музычнай адукацыі, не разумеючы мову музыкі, кіраваўся толькі інтуіцыяй. Мяне ўразіла музыка, і падалося, што гэтая шчымлівая, сумная мэлёдыя адпавядае настрою, які я адчуваў у голасе Васіля Ўладзімеравіча ў часе нашых тэлефонных размоў. Я казаў яму, што хаця і прайшоў «рэфэрэндум», і што Канстытуцыя скасаваная, і што не давялося нам з Пазьняком сустрэць 97-год у Менску, як мы плянавалі — але гэта не павінна быць вельмі доўга. Ва ўсялякім разе, не на доўгія гады. Васіль Уладзімеравіч не спрачаўся. Але — і не падтрымліваў майго аптымізму (зрэшты, таксама не празмернага). Магчыма, было ў яго адчуваньне, што наперадзе — Сьцяна?

Праз некалькі месяцаў ён выедзе зь Беларусі — спачатку ў Скандынавію, і будзе жыць, як з беларускага гледзішча, зусім недалёка ад месца, дзе чакала Сольвейг вяртаньня свайго Пэр Гюнта.

І ўжо на чужыне напіша Быкаў «Доўгую дарогу дадому», якую спачатку прычытае на хвалях Свабоды. Музыкай мае калегі выберуць песьню Рыгора Пукста на верш Янкі Купалы «Шумныя бярозы» ў выкананьні Данчыка і Барткевіча. Васіль Уладзімеравіч ухваліць і гэты выбар.

Эх, пайду я ў поле
Долечкі шукаць
З востраю касою,
Як на сенажаць.

Ой, пайду я ў поле,
Як бы на вайну,
Шукаючы волю,
Шаблячкай махну!


З таго часу песьня Купалы будзе гучаць у перадачах «Чэрвень з Быкавым» — штогадовага цыклю Радыё Свабода, прымеркаванага да 19 чэрвеня — дня нараджэньня і 22 чэрвеня — дня памяці Быкава.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG