Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гары Паганяйла судзіцца зь Міністэрствам унутраных спраў


19 чэрвеня заплянаванае першае судовае слуханьне ў справе «Гары Паганяйла супраць МУС».

Праваабаронца Гары Паганяйла патрабуе «неадкладнага выключэньня з базы дадзеных МУС з наступнымі дзеяньнямі па рэабілітацыі, пакараньня вінаватых у гэтак працяглым непрыняцьці належных мер».

У сакавіку напярэдадні заплянаванай паездкі за мяжу Паганяйла зьвярнуўся ў аддзел па грамадзянстве і міграцыі, каб там праверылі ягонае прозьвішча па базе невыязных. Паганяйлу адказалі, што ён ня можа пакідаць межы Беларусі, бо мусіць сплаціць грошы паводле справы пра банкруцтва.

У траўні Міністэрства юстыцыі засьведчыла, што інфармацыя ў базе «невыязных» МУС магла зьявіцца ў выніку тэхнічнага збою пры перадачы дадзеных. Інфармацыі з судоў пра абмежаваньне выезду праваабаронцы не паступала.

Паганяйла зьвярнуўся ў МУС з просьбай выключыць яго са «сьпісу невыязных», інфармуе афіцыйны сайт праваабарончай арганізацыі «Беларускі хэльсынскі камітэт». Аднак там адказалі, што МУС праводзіць уласную праверку праўдзівасьці зьвестак Мін'юсту.

Адказу з МУСу няма, а старшыня юрыдычнай камісіі БХК Гары Паганяйла дагэтуль ня можа выяжджаць зь Беларусі.

У сакавіку, гаворачы пра сьпіс неўязных, Аляксандар Лукашэнка заявіў: «А мы зрабілі. І то мы яго яшчэ не ўвялі. На поўную моц яшчэ не ўвялі. Але ўвядзем».

Пасьля гэтага за мяжу ў розны час не змаглі выехаць два дзясяткі палітыкаў, грамадзкіх дзеячоў і журналістаў.

Сярод іх:
  • рэдактар тыднёвіка «Наша Ніва» Андрэй Дынько
  • старшыня грамадзскага аб’яднаньня «Беларуская асацыяцыя журналістаў» Жана Літвіна
  • старшыня «Беларускага хэльсынскага камітэту» Алег Гулак
  • праваабаронца Валянцін Стэфановіч
  • старшыня «Аб’яднанай грамадзянскай партыі» Анатоль Лябедзька
  • старшыня «Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет» Сяргей Калякін
  • ягоны намесьнік Валеры Ўхналёў
  • намесьнік кіраўніка Руху «За Свабоду» Віктар Карняенка
  • старшыня партыі «Беларуская Сацыял-Дэмакратычная Грамада» Станіслаў Шушкевіч
  • палітык Вінцук Вячорка
  • сябра аргкамітэту партыі «Беларускі рух» Віктар Івашкевіч

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG