Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэчыца: актывіст незалежнага прафсаюзу замовіў пікет на Дзень Рэспублікі


Рэчыцкая раённая суполка Беларускага незалежнага прафсаюзу РЭП зьвярнулася ў мясцовы райвыканкам па дазвол на пікет у Дзень рэспублікі 3 ліпеня.

Кіраўнік суполкі РЭП Андрэй Стрыжак, які падаваў замову на пікет, патлумачыў, што гэтай акцыяй актывісты жадаюць «прыцягнуць увагу гараджанаў да стану незалежнага прафсаюзнага руху ў Беларусі». У якасьці прыкладу будзе згадвацца й стаўленьне ўладаў да незалежнай суполкі прафсаюзу, створанай на мікашэвіцкім прадпрыемстве па здабычы будаўнічага каменю «Граніт».

Спадар Стрыжак кажа, што дата правядзеньня пікету абраная невыпадкова. 3 ліпеня па ўсёй краіне, у тым ліку і ў Рэчыцы, сьвяткуецца афіцыйны Дзень Незалежнасьці. Масавыя мерапрыемствы ў гэты дзень адмыслова забясьпечваюцца міліцэйскай аховай, на іх дзяжураць таксама пажарныя й карэты хуткай мэдычнай дапамогі. Замоўнік дадаў да заявы на пікет і пісьмовае абавязаньне дадаткова аплаціць паслугі міліцыі, мэдыкаў і камунальнікаў.

«Я лічу, што ў райвыканкаму няма падставаў забараняць пікет, бо свабода мірных сходаў і асацыяцый гарантаваная Канстытуцыяй Беларусі. Апрача таго, масавыя мерапрыемствы будуць ладзіцца па ўсім горадзе. Нельга ж так: уладам — можна, а грамадзянам як адзінаму носьбіту дзяржаўнай улады — нельга», — лічыць актывіст незалежнага прафсаюзу з Рэчыцы Андрэй Стрыжак.
XS
SM
MD
LG