Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У трох рэгіёнах Італіі ўведзены ў абарот альтэрнатыўныя ці, як іх яшчэ называюць, кампэнсацыйныя валюты. Жыхары рымскага квартала Монтэсакра нароўні з эўра выкарыстоўваюць валюту пад назвай «шэк», жыхары Нэапалю выкарыстоўваюць «напа», на востраве Сардынія зьявіўся «сардэкс».

Хаджэньне паралельных валют часьцяком падаграваецца палітыкамі агульнанацыянальнага маштабу, імгненнымі мэтамі якіх — прыцягненьне на свой бок пратэстнага электарату з прыцэлам на будучыя ўсеагульныя парлямэнцкія выбары, тым часам як іх стратэгічны ідэал — выхад з эўразоны і вяртаньне да італьянскай ліры. Сэнс гэтай апэрацыі відавочны: дэвальвацыя дзяржаўнага доўгу як у нацыянальным маштабе (ідэя Сыльвіё Бэрлюсконі), так і ў рэгіянальным (ідэя лідэра руху «Пяціканцовая зорка» Бэпэ Грыла). Мэр-вылучэнец гэтага руху, выйграўшы выбары ў горадзе Парма, атрымаў у спадчыну мільённыя даўгі гарадзкой адміністрацыі.

Мясцовыя аналітыкі ня схільныя разглядаць размнажэньне і распаўсюджаньне лякальных валют у якасьці прэлюдыі вяртаньня да ліры, аднак праваахоўныя органы ставяцца да іх насьцярожана, угледжваючы ў некаторых выпадках нават склад злачынства.

Першай альтэрнатыўнай валютай стаў «шэк», уведзены ў абарот спачатку ў адным асобна ўзятым рымскім квартале Монтэсакра, — старшынём 4-га муніцыпалітэту Крысціяна Банэлі, выбранага па сьпісах партыі Сыльвіё Бэрлюсконі «Народ свабоды». Пакуль што гэта адзіная рэальная, матэрыяльная валюта, якая вонкава чымсьці нагадвае грошы з гульні «Манаполія». Друкуюць гэтую валюту на замову муніцыпалітэту і раздаюць усім удзельнікам, якія далучыліся да кампаніі, — незаможным грамадзянам, дробным гандлярам, рамесьнікам, уладальнікам дробных кропак грамадзкага харчаваньня. Сутнасьць акцыі ў тым, каб утрымаць рэальныя грошы, гэта значыць эўра, у межах муніцыпалітэту, стымулюючы насельніцтва траціць сваю гатоўку на месцы, падтрымліваючы мясцовы тавараабарот. Стымул чыста матэрыяльны — пры куплі коштам 100 эўра пакупнік рэальна плаціць 80 эўра, а астатнія 20 — «шэкамі», якія затым муніцыпальная адміністрацыя кампэнсуе прадаўцу ў эўра — альбо наяўнымі, альбо зьніжкамі на муніцыпальныя плацяжы або мясцовыя падаткі.

Не пасьпела новая валюта ўмацавацца і заваяваць давер насельніцтва, як адразу ж прыцягнула да сябе ўвагу праваахоўных органаў. Італьянская «Фінансавая гвардыя» ўзбудзіла адразу дзьве крымінальныя справы. Адну — паводле фактаў злоснага ўхіленьня ад выплаты падаткаў. Справа ў тым, што ў касавых чэках фігуруе толькі аплата ў эўра 80% ад кошту тавару або паслугі, а астатнія 20%, аплачаныя «шэкамі», не фігуруюць, паколькі касавыя апараты такую валюту не распазнаюць. Гэта значыць фактычна 20% ад кошту аплачваюцца «чорным налам». Іншая справа — па факце незаконнага выпуску ў абарот грашовай адзінкі фірмай «Архіпэляг шэк »- уладальніцы плацёжнага сродку.

Калі ад «шэка» пахне крымінальнай справай, то нэапалітанская манэта «напа» пазыцыянуецца як «сумленная манэта сумленных людзей». Гэта сапраўды выклік, улічваючы той факт, што Нэапаль даўно і трывала набыў сабе славу сталіцы фальшываманэтчыкаў, дзе друкуюць і чаканяць ня толькі фальшывыя эўра, але нават і замежныя валюты, такія як альжырскі дынар. У адрозьненьне ад іншых валют, «напа» прызначаны ўсім без разбору фізычным асобам, якія пражываюць у Нэапалі і ваколіцах. Ён дае пакупнікам права на 20-працэнтную зьніжку пры аплаце ў касе. Паводле ацэнак Марка Эспазіта, муніцыпальнага дарадніка ў пытаньнях вытворчай дзейнасьці, да канца году тавараабарот у «напа» дасягне ў Нэапалі 45 мільёнаў эўра.
XS
SM
MD
LG