Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Алена Крушэўская, сакратар моладзевай арганізацыі АГП «Маладыя дэмакраты», заяўляе, што была звольнена за свае палітычныя перакананьні. Алена працавала ў Менску ў фірме «ІСсофт» — гэта міжнародная IT-кампанія, даччыная фірма амэрыканскай «Coherent Solutions, Inc.» (www.issoft.by).

Як сьцьвярджае Крушэўская, яе звольнілі пасьля таго, як яна наведала міжнародную канфэрэнцыю ў Кіеве.

Крушэўская: «Загадчыцы майго аддзелу не падабалася нават тое, што ў мяне ёсьць доступ да сацыяльных сетак. Хоць я іх наведвала толькі ў перапынак на абед, калі маю права гэта рабіць. Таксама ў мяне была паездка за мяжу на два дні, я ўзяла для гэтага адпачынак за свой кошт і ўсіх папярэдзіла, што еду на канфэрэнцыю.

У той дзень, 13 чэрвеня, я прыйшла на працу, але загадчыца аддзелу нават не дазволіла мне прайсьці ў мой кабінэт, дзе былі мае асабістыя рэчы. Мяне паклікалі на размову і паведамілі, што мяне звальняюць. „Вы самі ўсё разумееце, вы нам не падыходзіце“, — заявілі мне. Мяне адвялі ў бухгальтэрыю, дзе я, адчуваючы моцны псыхалягічны ціск, падпісала пастанову пра тое, што я буду звольнена паводле згоды бакоў».

Карэспандэнт: «А паводле якіх іхніх словаў ці дзеяньняў вы вырашылі, што вас звальняюць з палітычных прычынаў?»

Крушэўская: «Мне згадалі, што я навучалася ў ЭГУ. А ў іх, маўляў, нелегальны статус. Потым згадалі пра сацыяльныя сеткі — «А што, калі вы там пачняце рабіць рэвалюцыю, у вас жа пасада ў апазыцыйнай партыі?»

Карэспандэнт: «А што гэта была за канфэрэнцыя і калі яна праходзіла?»

Крушэўская: «Я ўдзельнічала ў канфэрэнцыі Міжнароднай асацыяцыі лібэральнай моладзі ў Кіеве. Нам там выкладалі прынцыпы лібэралізму. Канфэрэнцыя была напрыканцы траўня, а звольнілі мяне 13 чэрвеня».

Карэспандэнт: «За гэтыя два тыдні вы нічога не зрабілі, што магло б стаць падставай для дысцыплінарных спагнаньняў?»

Крушэўская: «Не, я нават запыталася, ці ёсьць да мяне якія прэтэнзіі. Мне адказалі, што няма. Нават зрабілі камплімэнт наконт маёй ангельскай мовы. Калі я забірала працоўную кніжку, мне выдалі фінансавыя бонусы, якія я зарабіла апошнім часам».

Супрацоўніца фірмы «ІСсофт» Вікторыя Салавянчык, тая самая начальніца аддзелу, якая размаўляла з Аленай Крушэўскай наконт звальненьня, мае інакшы погляд на гэтую гісторыю.

Салавянчык: «Я ня буду пагаджацца ні на якія інтэрвію, бо гэта правакацыя незадаволенага звольненага супрацоўніка. Я ня бачу неабходнасьці весьці тут дыялёг. Бо звольненая Алена была зусім ня з тых матываў, якія яна выклала».

Карэспандэнт: «А зь якіх?»

Салавянчык: «З прычыны кепскай дысцыпліны, скажам так. Невыкананьня задач, якія я стаўлю. Мне ня вельмі падабалася, як яна кантактуе з кіраўніцтвам, іншыя былі моманты. Проста яна не выконвала тыя ўмовы, на якіх яе бралі на працу. Яна была на выпрабавальным тэрміне і яна нас не задаволіла. Таму мы яе звольнілі».

Вікторыя Салавянчык таксама паведаміла, што фірма зьбіраецца адрэагаваць на публікацыі на розных інтэрнэт-сайтах пра звальненьне Алены Крушэўскай, якія яна назвала «паклёпам на рэпутацыю фірмы».

Гэта ня першы выпадак звальненьня дэмакратычных актывістаў з заходніх фірмаў, што працуюць у Беларусі. Нядаўна лідэр праваабарончай арганізацыі «Östgruppen» Марцін Угла назваў «непрымальным» звальненьне з швэдзкай фірмы «Scandinavian & UK Machines» беларускай супрацоўніцы кампаніі Юліі Сьцяпанавай.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG