Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Белтэхэкспарт» канчаткова адмежаваўся ад Пефціева


Улалдзімер Пефціеў, першы беларускі мільярдэр паводле часопіса Forbes

Улалдзімер Пефціеў, першы беларускі мільярдэр паводле часопіса Forbes

Найбуйнейшая ў Беларусі кампанія па экспарце/імпарце ўзбраеньняў пацьвердзіла зьмену ўласьніка: «Уласьнікам кантрольнага пакету акцыяў групы кампаніяў стаў расейскі бізнэсмэн, выпускнік Расейскай акадэміі народнай гаспадаркі і дзяржаўнай службы пры прэзыдэнце РФ Гурыновіч Дзьмітры Фёдаравіч. Пефціеў Уладзімір Паўлавіч цалкам спыніў свой удзел у дзейнасьці гэтай групы кампаніяў», — гаворыцца ў паведамленьні.

Далей у паведамленьні цікавае абгрунтаваньне: «Гэтая зьдзелка прынятая ў межах інтэграцыі Расеі і Беларусі ў галіне вайскова-тэхнічнай супрацы».

Першая інфармацыя пра дзіўную зьдзелку зьявілася ў мэдыях напрыканцы траўня, аднак тады камэнтаваць яе ў «Белтэхэкспарце» адмовіліся.

20 чэрвеня 2011 года Рада Эўразьвязу пашырыла сьпіс беларускіх грамадзянаў і кампаніяў, на якія распаўсюджваюцца санкцыі ў сувязі з парушэньнем правоў чалавека ў Беларусі, уключыўшы ў яго ў тым ліку Уладзіміра Пефціева і тры кампаніі — ЗАТ «Белтэхэкспарт», ЗАТ «Спорт-пары» і ПУП «БТ Тэлекамунікацыі», — паведамляе БелаПАН.

У дакумэнтах Эўразьвязу Пефціеў называецца «асобай, звязанай з прэзыдэнтам Лукашэнкам і яго сям’ёй, галоўным эканамічным дарадцам прэзыдэнта Лукашэнкі і ключавым фінансавым спонсарам рэжыму Лукашэнкі, старшынёй рады акцыянэраў „Белтэхэкспарта“, найбуйнейшай у Беларусі кампаніі імпарту-экспарту ўзбраеньняў».

Санкцыі ў дачыненні да названых кампаніяў былі ўведзеныя на падставе таго, што ўсе яны «падкантрольныя Уладзіміру Пефціеву». Пефціеву забаронена наведваць тэрыторыю Эўразьвязу, а яго рахункі і маёмасьць у краінах ЕС павінны быць замарожаныя. Яго кампаніям забаронена весьці бізнэс на тэрыторыі краінаў Эўразьвязу. Гэтае рашэньне Пефціеў аспрэчвае ў судзе Эўразьвязу, куды 12 жніўня накіраваў зыск.

Паводле экспэртаў, зьдзелка мае на мэце вывад кампаніі з-пад дзеяньня санкцыяў Эўрапейскага зьвязу. Аднак, лічаць яны, для гэтага неабходна ня толькі зьмена ўласьніка, але і вялікія зьмены ўнутры структуры. Не выключаецца і зьмена назвы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG