Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дагэтуль знаходжуся пад уражаньнем нобэлеўскай прамовы м’янмскай дысыдэнткі Аун Сан Су Чжы.


21 год таму ганараванай Нобэлеўскай прэміяй міру «Як абаронца правоў чалавека».

15 гадоў зьняволенай хатнім арыштам.


Aung San Suu Kyi finally makes Nobel acceptance... by euronews-en


Інтэлігентны твар прыгожай жанчыны, якая адмовілася замяніць вязьніцу на выгнаньне. Жывыя белыя кветкі ў чорных валасах і словы, якія па моцы набліжаюцца да Дастаеўскага:


«Адзін вязень сумленьня — гэта ўжо зашмат».


Яе прамову спыняюць аплядысмэнты. Прыканцы найбольш працяглыя. Усе ўстаюць. У фантастычнай нобэлеўскай залі. У яе вачах сьлёзы.


«Тых вязьняў, каго не вызвалілі, у маёй краіне яшчэ вельмі шмат. Памятайце пра іх. Забыцьцё — гэта маленькая сьмерць».


37 гадоў таму жонка Андрэя Сахарава Алена Бонэр зачытвала тут жа ў Осла Нобэлеўскую прамову мужа, які, як і м’янмская дысыдэнтка, ня мог выехаць на цырымонію.




«Я проста назаву тут, у гэтай залі, імёны некаторых вядомых мне вязьняў. Я прашу вас лічыць, што ўсе вязні сумленьня, усе палітвязьні маёй краіны падзяляюць са мной гонар Нобэлеўскай прэміі міру». Прагучала больш за 130 імёнаў.


Калі б Аун Сан Су Чжы, як Андрэй Сахараў, вырашыла назваць імёны зьняволеных, думаю, што абавязкова прагучала б імя беларускага палітвязьня Алеся Бяляцкага, якога таксама намінавалі на Нобэлеўскую прэмію міру, якому Су Чжы дасылала лісты ў Архіепелаг БЕЛАГ.


«Адзіная сапраўдная турма — гэта страх. Адзіная сапраўдная свабода — гэта свабода ад страху», казала Су Чжы.


Паводле гэтага крытэру, яна, Андрэй Сахараў, Алесь Бяляцкі — заўжды свабодныя людзі.


Сёньняшняя цырымонія выглядала і драматычна, і сымбалічна. Яна давала надзею на справядлівасьць.


Завочна атрымалі Нобэлеўскія прэміі міру ў 1935 нямецкі антыфашыст Карл фон Асецкі, у 1975 — Андрэй Сахараў, у 1983 — Лех Валенса (за яго прэмію атрымала жонка), у 1991 — Аун Сан Су Чжы (за яе прэмію атрымалі муж і два сыны), і ў 2010 — кітайскі палітвязень Лю Сяабо «За працяглую негвалтоўную барацьбу за фундаментальныя правы чалавека ў Кітаі».




Пасьля таго як Лю Сяабо ў турме даведаўся, што яму прысуджаная Нобэлеўская прэмія, ён заплакаў і сказаў, што хоча прысвяціць гэтую ўзнагароду ўсім загінулым у выступах ў падтрымку дэмакратыі на плошчы Цяньаньмэнь у 1989 годзе.


«Кончыкамі пальцаў зьвязала мяне з чалавецтвам».


Так трапна выказалася Су Чжы пра Нобэлеўскую прэмію міру.

На маю думку, напэўна ў гэтым і галоўная каштоўнасьць гэтай аўтарытэтнай прэміі. Падтрымаць у самы цяжкі час, на ўвесь сьвет заявіць, што змаганьне, пакуты, ахвяры вязьняў сумленьня, палітвязьняў, дысыдэнтаў патрэбныя чалавецтву.

Што будзе ў Нобэлеўскай прамове Алеся Бяляцкага? Ці пройдзе ён, як Аляксанар Салжаніцын паходкай зэка па Нобэлеўскім палацы?




Чамусьці мне падаецца, што ён апране беларускую кашулю-вышыванку...



  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG