Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Другі тур прэзыдэнцкіх выбараў у Эгіпце: напружанасьць нарастае


Прэзыдэнцкія кандыдаты: Мухамэд Мурсі (зьлева) і Ахмэд Шафік

Прэзыдэнцкія кандыдаты: Мухамэд Мурсі (зьлева) і Ахмэд Шафік

У краіне расьце напружанасьць, якая пагражае выліцца ў гвалт пасьля абвяшчэньня вынікаў.

У Эгіпце сёньня праходзіць другі тур першых свабодных выбараў прэзыдэнта ў гісторыі краіны. Паводле ранейшага пагадненьня, новаабраны лідэр павінен будзе пераняць уладу ад Найвышэйшай вайсковай рады, якая кіруе краінай цяпер.

На найвышэйшую пасаду прэтэндуюць Мухамэд Мурсі, падтрыманы ўплывовай арганізацыяй "Браты-мусульмане», і Ахмэд Шафік, які быў апошнім прэм'ер-міністрам пры зрынутым летась прэзыдэнце Хосьні Мубараку.

Нягледзячы на вонкавы спакой падчас галасаваньня, у краіне расьце напружанасьць, якая пагражае выліцца ў гвалт пасьля абвяшчэньня вынікаў. Назіральнікі адзначаюць рэзкую палярызацыю часткі грамадзтва: адны мяркуюць што перамога Шафіка прывядзе да вяртаньня ранейшага рэжыму, іншыя асьцерагаюцца ісламізацыі дзяржавы ў выпадку перамогі Мурсі.

У чацьвер Канстытуцыйны суд Эгіпту абвясьціў нелегітымнымі нядаўнія першыя свабодныя выбары ў парлямэнт, на якіх перамаглі ісламісты. Прыхільнікі дэмакратычных перамен бачаць у гэтым імкненьне вайскоўцаў, якія кіруюць Эгіптам пасьля зьвяржэньня Мубарака, у імкненьні захаваць за сабой уладу.

Раней Мухамэд Мурсі прыгразіў «новай рэвалюцыяй» у выпадку, калі выбары будуць сфальшаваныя на карысьць Шафіка, які карыстаецца падтрымкай войска.
XS
SM
MD
LG