Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нобэлеўская прамова праз 21 год. Су Чжы дасылала лісты Бяляцкаму


Лідэр апазыцыі ў М'янме Аун Сан Су Чжы выступіла ў сталіцы Нарвэгіі з прамовай ляўрэата Нобэлеўскай прэміі міру, якой яна была ўганараваная больш за 20 гадоў таму, у 1991 годзе.

Цырымонія праходзіла ў гарадзкой ратушы Осла ў прысутнасьці членаў каралеўскай сям'і.

У год прысуджэньня ёй прэміі Аун Сан Су Чжы не змагла яе атрымаць, бо знаходзілася пад хатнім арыштам, і прэмію за жанчыну атрымаў яе сын. Як адзначае агенцтва Асашыэйтэд Прэс, у 1991 годзе бірманка атрымала грашовую частку прэміі, уклаўшы гэтыя сродкі ў моладзевыя адукацыйныя праграмы ў сябе на радзіме. Акрамя грашовай часткі прэміі ляўрэатам уручаецца памятны мэдаль з выявай Альфрэда Нобэля і дыплём.

Калі Алеся арыштавалі, яна пісала яму лісты падтрымкі. Су Чжы пісала, што вельмі спадзяецца, што Алесь апынецца як мага хутчэй на волі

У сваёй прамове Су Чжы падкрэсьліла, што прысуджэньне прэміі міру было вельмі важнай падзеяй у яе жыцьці. "Часта падчас хатняга арышту я адчувала, што больш не зьяўляюся часткай сьвету ... Прэмія дала мне магчымасьць зноў адчуць рэальнасьць, апынуцца сярод людзей, прарваць ізаляцыю. Я зразумела ўсю важнасьць Нобэлеўскай прэміі - яна прыцягнула ўвагу сьвету да барацьбы за дэмакратыю і за правы чалавека ў М'янме. Наша краіна ня будзе забытая ", - сказала Су Чжы.

У працяг тэмы яна адзначыла, што ў яе краіне па-ранейшаму ёсьць палітычныя зьняволеныя. "У М'янме ёсьць такія зьняволеныя, хоць вядомыя змагары былі вызваленыя", - сказала Су Чжы.

Завяршаючы прамову ляўрэата, яна падзякавала Нобэлеўскаму камітэту і сваім аднадумцам за падтрымку і заклікала сусьветную грамадзкасьць імкнуцца да міру ва ўсім сьвеце.

Бірманская жанчына-палітык правяла большую частку жыцьця ў Англіі і Індыі, але не пакідала М'янмы апошнія 22 гады, з якіх 15 гадоў яна правяла пад хатнім арыштам. З прыходам да ўлады ў 2011 годзе першага за 50 гадоў грамадзянскай ўрада Су Чжы вярнулася ў афіцыйную палітыку, а ў красавіку была абраная дэпутатам парлямэнту.


Праваабаронца Тацяна Равяка пракамэнтавала той факт, што лідэр апазыцыі Мьянмы, праваабаронца Аўн Сан Су Чжы праз 21 год змагла сама атрымаць Нобэлеўскую прэмію міра і выступіла з традыцыйнай прамовай нобэлеўскага ляўрэата.

«Канешне, тое, што нашая калега з Мьяны здолела нарэшце ня толькі пакінуць сваю турму, свой хатні арышт, але і акунуцца ў асяродак калегаў з іншых краінаў, якія яе ведаюць, змагаліся за яе і ёй спачувалі — гэта, канешне, вельмі выдатная навіна. Гэтая навіна для нас яшчэ вельмі знакавая таму, што сёньня ў беларускай турме знаходзіцца наш калега Алесь Бяляцкі. Сытуацыя зь ім падобная. Су Чжы атрымала Нобэлеўскую прэмію 21 год таму. Алесь Бяляцкі намінаваны на Нобэлеўскую прэмію. Атрымае ён яе ці не — цяжка сказаць, але тое, што да ягонай асобы, да ягонай справы прыцягнутая ўвага — для нас гэта вельмі важна. А найперш гэта важна для вызваленьня Алеся.

Што да Су Чжы, то калі Алеся арыштавалі, яна пісала яму лісты падтрымкі. Су Чжы пісала, што вельмі спадзяецца, што Алесь апынецца як мага хутчэй на волі, вольнай стане наша краіна і ў нас зьнікнуць такія сытуацыі, калі праваабаронцы за сваю дзейнасьць трапляюць ў зьняволеньне. Таму для нас гэта яшчэ больш знакавая падзея, якая дае надзею на тое, што Алесь апынецца на волі і зможа зноў заняць сваё годнае месца сярод калегаў з такімі сусьветна вядомымі імёнамі і прызнаньнем за сваю праваабарончую дзейнасьць.»
XS
SM
MD
LG