Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ня так страшны чорт


Апакаліптычныя матывы наконт страты Беларусьсю сваёй незалежнасьці, паглынаньня яе Расеяй гучаць шмат гадоў, ці ня з моманту ўтварэньня беларускай дзяржаўнасьці.

Апошнім часам такія меркаваньні ў апазыцыйнай палітычнай супольнасьці пашырыліся. Зьвязана гэта з уступленьнем Беларусі ў Мытны зьвяз з Расеяй і Казахстанам, пацяпленьнем адносін паміж Менскам і Масквой і канфліктам з ЭЗ. Алею ў вогнішча пастаянна падлівае расейскі амбасадар Сурыкаў сваімі разважаньнямі пра валютны зьвяз, канстытуцыйны акт і інш.

Рызыкну выказаць іншую думку, якая не супадае зь меркаваньнямі, якія дамінуюць у экспэртным асяродзьдзі. Узгадваю: калі ў 1990-х гадах стваралася саюзная дзяржава, таксама пераважалі прагнозы, што ўсё, капец беларускаму сувэрэнітэту, расейскі арол задушыць Беларусь у сваіх кіпцюрах. Прайшоў час, і дзе тая саюзная дзяржава?

Выкажу нетрывіяльны тэзіс: сёньня Беларусь — самая незалежная дзяржава ў рэгіёне. Бо нашы суседзі — чальцы ЭЗ — толькі ў вельмі абмежаваных рамках могуць праводзіць самастойную эканамічную, зьнешнюю палітыку, бо ў значнай ступені гэта ўжо кампэтэнцыя Брусэлю.

А Лукашэнка ўсе спробы вонкавага ціску жорстка абрывае. Нават у дачыненьнях з крэдытадаўцамі, якія спрабавалі дыктаваць Беларусі эканамічную палітыку. Менск бярэ крэдыты ў МВФ, Антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС, падпісвае ўсе неабходныя паперы, а потым не выконвае ўзятыя на сябе абавязаньні. Апошняя гісторыя з Антыкрызісным фондам ЭўрАзЭС вельмі паказальная.

Вось створаны Мытны зьвяз, абвешчана, што з 1 студзеня 2012 году Беларусь, Расея і Казахстан жывуць у Адзінай эканамічнай прасторы. На гэтай падставе робіцца выснова, што краіна страчвае сваю незалежнасьць. Сапраўды, любыя інтэграцыйныя аб’яднаньні абмяжоўваюць сувэрэнітэт краін, якія ў іх уваходзяць.

Але, па-першае, хачу нагадаць, што Беларусь і Расея былі ў мытным зьвязе з 1995 году. (Памятаеце, як Лукашэнка з Чарнамырдзіным выкопвалі памежны слуп, укапаны незадоўга перад тым?)

Па-другое, пераход ад мытнага зьвязу да эканамічнага — гэта вельмі вялікая і доўгая праблема. Да новай якасьці інтэграцыі не гатовая ніводная з трох краін. Уніфікацыю макраэканамічнай палітыкі аднесьлі на пазьнейшы пэрыяд. Тое, што прадэкляравана ў дакумэнтах, не выконваецца. Эўразійская эканамічная камісія — не наднацыянальны орган, як афіцыйна абвешчана, бо кожная з трох краін мае права вэта.

Лукашэнка вельмі асьцерагаецца ўплыву Расеі на ўнутраныя працэсы ў Беларусі. Таму вельмі дазавана дапускае сюды расейскі капітал. Ягоная доля ў беларускай эканоміцы не перавышае ўдзельнай вагі бізнэсу з Расеі ў іншых постсавецкіх дзяржавах, зь якімі ў РФ няма саюзнай дзяржавы ці Мытнага зьвязу.

Зьвярніце ўвагу, у Беларусі, нягледзячы на 20 гадоў бясконцай інтэграцыі, няма ніводнай прарасейскай, русафільскай партыі, грамадзкай арганізацыі, дасьледчай структуры ці СМІ, якія б выступалі за больш шчыльнае аб’яднаньне, чым улада. Праэўрапейскія ёсьць, і шмат, а прарасейскіх няма. Раней, у 1990-я гады, яны былі, але зьніклі. Гэта пры тым, што такія структуры існуюць у іншых постсавецкіх краінах. Падазраю, што створаны Юрыем Баранчыкам Эўразійскі народны саюз беларускія ўлады не зарэгіструюць. У супольнасьці рускай культуры «Русь» адбываюцца тыя самыя працэсы, што і ў Саюзе палякаў: раскол, імкненьне ўладаў узяць пад кантроль гэтую арганізацыю.

Цікава, што адной з галоўных прыкмет паглынаньня Беларусі Расеяй многія экспэрты лічаць вяртаньне Масквы да субсыдыяваньня беларускай эканомікі. Маўляў, грошы ж проста так ніхто не дае, за гэтым стаяць падступныя захопніцкія задумы.

Але шмат хто з экспэртаў і палітыкаў, засьцерагаючы ад пагрозы павелічэньня ўплыву РФ, не зьвяртае ўвагі на важную акалічнасьць. Справа ў тым, што існуе не аднабаковая залежнасьць Беларусі ад Расеі, а ўзаемазалежнасьць. Масква ня можа сказаць: ня хочаце аб’ядноўвацца — ну то ідзіце вы лесам, пабудуем абходныя трубаправоды, і тады вы нам увогуле непатрэбныя, пераходзім на рынкавыя адносіны. Ня можа — з шэрагу геапалітычных, ваенна-стратэгічных, а галоўнае, псыхалягічных прычын. Перашкаджаюць імпэрскія комплексы. Расейская эліта ня можа дазволіць сабе «страціць» Беларусь. Гэта было б цяжкай псыхалягічнай траўмай для яе. Расея можа сябраваць да моцных мужчынскіх пацалункаў, можа лаяцца і абзываць Лукашэнку «хросным бацькам», але ня можа ставіцца да Беларусі індыфэрэнтна.

Таму Масква гатовая плаціць Менску за сам статус саюзьніка, кажучы па-іншаму, за свае вялікадзяржаўныя комплексы. Зразумела, Расея была б ня супраць ператварыць Беларусь у сатэліта, прыватызаваць найбольш прыбытковыя актывы, падштурхнуць яе да пераходу на расейскі рубель. Але Лукашэнка выдатна зразумеў балючыя месцы расейскай імпэрскай сьвядомасьці, пэрыядычна націскае на іх і выкарыстоўвае сытуацыю напоўніцу. Пакуль яму ўдаецца балянсаваць, атрымоўваць расейскую дапамогу і не дапускаць моцнага расейскага ўплыву. Таму ня так страшны чорт, як яго малююць.

Што тычыцца цяперашняга канфлікту з Захадам, то гэта проста вяртаньне да таго статус-кво, які існаваў увесь час лукашэнкаўскага праўленьня. Пэрыяд дыялёгу ў 2008–2010 гадах — гэта проста эпізод, выключэньне з правілаў.

Галоўная пагроза беларускаму сувэрэнітэту палягае ў іншым. Яна ў няздольнасьці беларускай сацыяльнай мадэлі да выжываньня без замежнай дапамогі, няздольнасьці ўпісацца ў працэс глябалізацыі, адаптавацца да сучасных выклікаў. Але гэта ўжо іншая тэма.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG