Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Няўрадавыя арганізацыі ў Беларусі могуць зьнікнуць


16 чэрвеня ў Менску пачаў працаваць кангрэс Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў Беларусі.

На сёньняшні дзень Асамблея аб’ядноўвае ў сваіх шэрагах 302 арганізацыі і ініцыятывы. Форум адбываецца толькі з другой спробы — у траўні кіраўніцтва Менскага міжнароднага адукацыйнага цэнтру адмовіла арганізатарам у памяшканьні.

Кіраўнік Асамблеі Сяргей Мацкевіч канстатаваў: стаўленьне дзяржавы да грамадзкіх арганізацыяў толькі пагаршаецца:

«У турме знаходзяцца палітычныя вязьні, у тым ліку старшыня праваабарончага цэнтру „Вясна“, мінулы кіраўнік нашай Асамблеі Алесь Бяляцкі. Не спраўдзіліся спадзяваньні, што рэжым пасьля вітку рэпрэсіяў возьме курс на пэўныя паслабленьні. Таму можна сказаць, што мы апынуліся ў новай, значна больш складанай сытуацыі з новымі выклікамі.

Пасьля прыняцьця рэпрэсіўнага заканадаўства ўступленьне ў незарэгістраваную грамадзкую арганізацыю патрабуе пэўных крокаў і праявы грамадзянскай пазыцыі. Калі ў 2003 годзе палова арганізацыяў Асамблеі былі афіцыйна зарэгістраваная, то ў 2006 годзе — зарэгістраваная засталася толькі траціна. А цяпер і таго меней — 23%».

Удзельнік кангрэсу, адзін з заснавальнікаў Асамблеі Вінцук Вячорка сказаў «Свабодзе», што грамадзкія арганізацыі ў Беларусі ўжо фактычна згубілі статус «трэцяга сэктару»:

«Нельга штучна стасаваць да беларускай грамадзянскай супольнасьці нумарацыю. Маўляў ёсьць дзяржава, ёсьць другі сэктар — бізнэс, і ёсьць трэці — незалежнае грамадзтва. У Беларусі цяпер ўсё падзяляецца інакш — на падкантрольнае, падуладнае дзяржаве і на тое, што спрабуе зьберагаць ад гэтай дзяржавы незалежнасьць дзеля дабра краіны.

І беларуская грамадзянская супольнасьць знаходзіцца ў стане пэрманэнтнай барацьбы за сваё выжываньне ў прамым сэнсе. Нават ужо не за захаваньне рэгістрацыі грамадзкіх арганізацыяў, а за тое, каб не перасаджалі ўсіх тых, хто нешта робіць непасрэдна недазволенае дзяржавай».

Каб канчаткова не зьнікнуць, няўрадавым дэмакратычным арганізацыям патрэбна абавязкова аб’ядноўваць свае намаганьні. Гэта сёньня падкрэсьлівалі з трыбуны старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак, кіраўнік Беларускай асацыяцыі журналістаў Жана Літвіна ды іншыя. Магчыма гэтаму паспрыяе і канцэпцыя разьвіцьця грамадзянскай супольнасьці. Гэты дакумэнт і абмяркоўваецца на сэкцыйных пасяджэньнях і панэльных дыскусіях. У канцэпцыі ёсьць тры галоўныя кірункі, адзначае Сяргей Мацкевіч:

«Выхаваньне каштоўнаснай цэласнасьці грамадзтва, каб пераадолець так званы раскол, які ёсьць у грамадзтве. Другое — гэта спрыяньне самаарганізацыі грамадзянаў і павышэньне грамадзянскай мабілізацыі насельніцтва. Таму што грамадзтва ў нас, на жаль, у вялікай ступені ізаляванае, самаізаляванае. І трэцяе —гэта стварэньне нацыянальнага ўзроўню грамадзянскай супольнасьці. Гэта ёсьць спроба ўплываць на палітычныя рашэньні ў краіне».

Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў была заснаваная ў 1997 годзе. Міністэрства юстыцыі Беларусі тройчы адмовіла ёй у рэгістрацыі і Асамблея зарэгістравалася летась у Літве.


Кангрэс будзе працаваць два дні 16 і 17 чэрвеня.

XS
SM
MD
LG