Лінкі ўнівэрсальнага доступу

17 чэрвеня грамадзяне Грэцыі вызначаць ня толькі пэрсанальнае прадстаўніцтва сваіх абраньнікаў у парлямэнце, але і закладуць курс на будучыню дзяржавы ў эўразоне і ўвогуле на сяброўства ў Эўразьвязе. Экспэрты папярэджваюць: краіна апынецца бяз грошай, калі пасьля пазачарговых парлямэнцкіх выбараў перастане атрымліваць міжнародную дапамогу.

Жыхарка Гарадзеншчыны Вольга Шчасная толькі што вярнулася з Афінаў, дзе два гады адпрацавала сядзелкай. Кажа, што краіна хоць і ахоплена глыбокім крызісам, але колькасьць замежнікаў, якія жывуць там у якасьці нянек, садоўнікаў, хатніх памочнікаў, ня зьменшылася. І гэта ў Грэцыі, насельнікі якой скардзяцца на катастрафічнае зьбядненьне і пагрозу дэфолту.

Дык ці адпавядае рэчаіснасьці распаўсюджанае меркаваньне, што грэкі ў масе сваёй самі нічога ня хочуць зрабіць, каб выйсьці зь цяперашняга тупіку? Вольга Шчасная ў Грэцыю езьдзіць даўно, упершыню трапіла туды яшчэ да таго, як у 2002 годзе краіна перайшла на эўра. І кажа, што асаблівай розьніцы ў паводзінах людзей не заўважыла ні пры тагачаснай грашовай адзінцы — драхме, ні пры цяперашняй агульнаэўрапейскай валюце:

«Не магу казаць за ўсіх — хочуць яны насамрэч працаваць ці ня хочуць. Але шчыра скажу: у пэўныя моманты такія думкі прыходзілі. Я хоць і не была ў цэнтры
ледзь ня ў кожнай сям’і ёсьць чэлядзь ...

падзеяў, жыла ў доме на ўскрайку Афінаў, але ж усюды людзі. І чарговым разам зьдзівілася, што ледзь ня ў кожнай сям’і ёсьць чэлядзь. Як правіла, гэта замежнікі: шмат выхадцаў з Балканаў, шмат славянаў, асабліва ўкраінцаў. То бок не мясцовыя, якім такія ўмовы можна нават не прапаноўваць. Я, прыкладам, амаль бязвылазна сядзела пры хворым, фактычна спаралізаваным старым. У яго шмат радні, ёсьць і дзеці, і ўнукі, але ніхто да сябе ўзяць яго так і не захацеў. Зразумела, што вельмі цяжка, бо трэба яму і пераслаць, і памыць яго. За гэта мне плацілі 500 эўра. Паверце, ня тыя грошы, на якія пойдзе працаваць хтосьці з грэкаў».

Зразумела, што зацяжны крызіс на ўсіх адбіўся па-рознаму. Дадалося беспрацоўных, нават бяздомных. Але, па словах суразмоўніцы, некаторыя церпяць не з-за таго, што няма за што есьці, а таму, што рэзка скарацілася паступленьне дывідэндаў:

«У маёй гаспадыні, якая забясьпечыла мяне працай, сем кватэраў. Яна іх здавала і мела заўсёды стабільны прыбытак. Цяпер вельмі бядуе, бо зрабілася, як і ў нас: за ўсю „лішнюю“ нерухомасьць, у якой ты прапісаны, але не жывеш, трэба плаціць 100% камунальнай аплаты. То бок калі раней нейкія выдаткі брала на сябе дзяржава, то цяпер усё мусіць кампэнсаваць гаспадар. Натуральна, новыя ўмовы яе абураюць, бо шмат траціцца дадатковых грошай, і цяпер яна „ў жаху“. Гэта тычыцца стратаў у іншых галінах, дзе раней можна было мець нейкі прыбытак. Шмат хто, дарэчы, менавіта супраць гэтага і пратэстуе — вярніце ўсё як было».

Як кажа спадарыня Шчасная, самі па сабе вулічныя хваляваньні асабіста яе не чаплялі. Па-першае, яны адбываліся пераважна ў цэнтры сталіцы, па-другое, сутнасьць патрабаваньняў яна часта проста не разумела. Але адчуць выдаткі свабоднага волевыяўленьня грамадзянаў даводзілася:

«Пасьля гэтых мітынгаў, як разграмяць нешта ў горадзе, па 3–4 дні не працавалі рэстарацыі, крамы, музэі. Часта да дэманстрантаў далучаліся і супрацоўнікі гэтых устаноў. Нават аптэкі зачыняліся, што было вельмі дрэнна, бо мне трэба было набываць чалавеку пампэрсы, лекі. Жыцьцё паралізоўвалася. Самае непрыемнае, што па некалькі дзён не вывозілася сьмецьце, цэлыя горы вырасталі ля дамоў на ходніках. А на гарачыні ўсё хутка псуецца, паўсюль стаіць смурод. Карацей, поўная антысанітарыя. Было поўнай нечаканасьцю ўбачыць у эўрапейскай сталіцы кучы пацукоў, якія корпаюцца ля кантэйнэраў, а таксама нейкія зьмеі поўзаюць — мясцовыя папярэджвалі, што досыць небясьпечныя».

Вольга Шчасная многіх грэкаў называе «разбалаванымі». Па яе словах, яны не забываюць традыцыі адпачынку пасьля абеду — такі адпачынак часта зацягваецца да вечара — але ня надта актыўнічаюць, каб знайсьці дадатковы заробак:

«Разбалаваныя, так. Бо ведаюць, што ім у любым выпадку дапаможа тая ж Нямеччына. Я ж памятаю, як раней у іх заробкі былі ў эквіваленце дзесьці
Разбалаваныя, так. Бо ведаюць, што ім у любым выпадку дапаможа тая ж Нямеччына ...

500–700 даляраў, калі пераводзіць з драхмы. Але з уводам эўра і прывядзеньнем прыбыткаў да сярэднеэўрапейскіх яны аўтаматычна пачалі атрымліваць удвая, а то і ўтрая больш. Гэта пры тым, што асабліва перапрацоўваць ня сталі. Менавіта з гэтай прычыны, як мне падаецца, бальшыня грэкаў і ня хочуць вяртаньня да драхмы, бо баяцца, што тады заробкі абваляцца да ранейшага ўзроўню. Пры эўра такой небясьпекі няма, бо эўрапейскія ўлады на публіцы будуць абурацца, але на рэзкае зьніжэньне ў памерах заробкаў ня пойдуць».



Падобна, што дрэнныя часы для Грэцыі яшчэ ня скончыліся. Паводле падлікаў фінансістаў, калі свабодныя актывы дзяржавы ў траўні дасягалі блізу 4 мільярдаў эўра, то да сярэдзіны чэрвеня яны скароцяцца да 700 мільёнаў. Эканамічны стан Грэцыі будзе залежаць ад таго, ці захочуць новаабраныя палітычныя сілы выконваць жорсткія ўмовы, узгодненыя з Эўразьвязам і фінансавымі інстытутамі. Ня выключана, што ў выпадку перамогі леварадыкалаў, якія патрабуюць адмовіцца ад зьнешніх абавязаньняў дзеля скарачэньня бюджэтнага дэфіцыту, Грэцыі давядзецца вярнуцца да драхмы. Выхад з эўразоны, паводле розных ацэнак, справакуе скачок інфляцыі ў межах 30–50% і абвал рэальнай эканомікі. На гэтым тле грэкі ўжо пачалі спусташаць банкі, здымаючы гатоўку, і скупляць прадукты першай неабходнасьці. У адсутнасьць чарговай порцыі выратавальных крэдытаў Грэцыю чакаюць новыя эканамічныя забурэньні.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG