Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Чалавек у чорнай вадалазцы пад партрэтам Лукашэнкі»


Ігар Яўсееў (справа) падчас акцыі "Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі", Менск, 3 ліпеня

Ігар Яўсееў (справа) падчас акцыі "Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі", Менск, 3 ліпеня

Аляксандар Лукашэнка прызначыў Ігара Яўсеева кіраўніком міліцыі Віцебскай вобласьці. Некаторыя аглядальнікі назвалі прызначэньне ўзнагародай былому начальніку міліцыі грамадзкага парадку Менску за брутальныя разгоны акцыяў апазыцыі.

Прозьвішча Яўсеева ведаюць бадай што ўсе менскія апазыцыянэры і грамадзкія актывісты, якія не далучаюць сябе да ніводнай з палітычных партыяў. Ігар Яўсееў вызначыўся пры разгоне мітынгу на Плошчы ў сьнежні 2010 году пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, дзе быў заўважаны і пры нападзе на журналістаў. Ён жа асабіста кіраваў разгонам леташніх «маўклівых» акцыяў пратэсту ў Менску, у тым ліку акцыі каля Чыгуначнага вакзалу, падчас якой начальнік управы грамадзкага парадку публічна брыдкасловіў. Апошнія брутальныя затрыманьні моладзевых актывістаў праводзіліся таксама з удзелам падначаленых Яўсеева, апранутых у цывільнае. Шмат хто адзначае любоў Ігара Яўсеева менавіта да цывільнай вопраткі, якая амаль замяніла яму службовую форму. Намесьнік старшыні партыі КХП БНФ Юрась Беленькі некалькі гадоў таму размаўляў зь Яўсеевым у ягоным службовым кабінэце, калі ўзгадняў маршрут дазволенага шэсьця ў Курапаты. Спадар Беленькі запомніў некаторыя красамоўныя дэталі:

Юрась Беленькі

Юрась Беленькі

«Дзіўнавата гэта выглядала: ягоныя падначаленыя, усе старэйшыя афіцэры міліцыі, былі ў форме, а ён сядзеў у чорнай вадалазцы пад партрэтам Лукашэнкі ў форме генэралісімуса. А яшчэ запомнілася, што ён запытаў: ці вядома нам, ці будуць нейкія іншыя дэструктыўныя сілы праводзіць у той дзень мерапрыемствы? Гэта было так сказана, што адразу ўсе астатнія міліцыянты рэзка апусьцілі галовы і пачалі разглядаць абутак».

Юрась Беленькі лічыць, што ягонаму суразмоўцу не хапала «агульнага ўзроўню культуры, адукацыі і веданьня этыкету». Паводле палітыка, падзеі наступных гадоў пацьвердзілі тыя ягоныя ўражаньні адносна Ігара Яўсеева. Юрась Беленькі ня ведае, як ставіцца да прызначэньня Яўсеева ў Віцебск — як да падвышэньня ці наадварот.

Былы сьпікер Вярхоўнага Савету Мечыслаў Грыб у 1970-х гадах кіраваў віцебскай міліцыяй. Пра гэты рэгіён спадар Грыб кажа як пра вельмі спэцыфічны:

Мечыслаў Грыб

Мечыслаў Грыб

«Сытуацыя там складаная: 6, ці, можа, ужо і 7 калёній на вобласьць. Найбольш зь іншых абласьцей. Шмат раней судзімых застаецца жыць у вобласьці. Асабліва ў Воршы, дзе людзі вызваляліся і заставаліся там жыць, бо там Аршанскі ільнокамбінат, шмат жанчын. Сытуацыя вельмі складаная апэратыўная была заўсёды і цяпер застаецца».

Віцебскі праваабаронца Павал Левінаў зьбіраецца запісацца на асабісты прыём да новага начальніка абласной міліцыі, каб распавесьці пра норавы мясцовых міліцыянтаў, зь якімі ён ня можа пагадзіцца:

«Вядома, мяне крыху насьцярожвае, што могуць узмацніцца рэпрэсіі. Але разам з тым хачу сказаць, што я меў зь Яўсеевым асабісты кантакт. Гэта было ў той момант, калі Любоў Кавалёва насіла пэтыцыю ў адміністрацыю прэзыдэнта. І хачу сказаць, што ў той момант Ігар Яўсееў і ягоныя падначаленыя дзейнічалі строга ў межах закону, што мяне зьдзівіла, бо я чуў зусім іншае пра гэтага чалавека. І я яму там пра гэта наўпрост сказаў. Што вось бачыце, можаце дзейнічаць гэтак, што і людзі задаволеныя, і парадак не парушаны, і вы пры справе».

Менскага праваабаронцу Валянціна Стэфановіча шмат разоў затрымлівалі падчас вулічных акцый, ён цярпеў ад кулакоў міліцыянтаў. Стэфановіч кажа, што менская міліцыя і да Яўсеева, і пры ім дзейнічала збольшага падобна. Некаторыя асаблівасьці — нязначныя, лічыць праваабаронца:

Валянцін Стэфановіч

Валянцін Стэфановіч

«Уся сыстэма ў крызісе, яна дайшла да таго, што для азначэньня цяжка ўжо падабраць словы. І міліцыя, і суды... Увогуле, краінай даўно ўжо кіруе КДБ, выхадцы зь якога сядзяць на ўсіх пасадах».

Ігар Яўсееў будзе зараз наўпрост падпарадкоўвацца міністру ўнутраных спраў Ігару Шуневічу, які прыйшоў у міліцыю з КДБ.
XS
SM
MD
LG