Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бандажэўскі: Выжыў таму, што сказаў сабе: я мушу быць здаровым


Дзевяць гадоў таму, седзячы за кратамі, вязень сумленьня, доктар мэдыцыны, прафэсар Юры Бандажэўскі ледзь на памёр ад цяжкага пэрытаніту. Акрыяўшы, ён сказаў сабе: «Я мушу быць здаровым». Праз год, у сярэдзіне чэрвеня 2004-га, ён, паводле ягоных словаў, нібыта перажыў другое нараджэньне.

Пакуль навуковец сядзеў у няволі, у яго выйшлі кніга і брашура. Кніга пад назвай «Філязофія майго жыцьця» выдадзеная ў Францыі, і ўсе правы на яе належаць францускім выдаўцам. Праца прысьвечаная нават ня столькі жыцьцю лекара-дасьледчыка, колькі навуцы і асэнсаваньню магчымасьцяў чалавека ўва ўмовах як радыяцыі, так і вязьніцы. Адрозна ад «Філязофіі», самвыдавецкая брашура «Сыстэма выжываньня» выйшла ў Беларусі мізэрным накладам. Гэтая праца была ягоным абавязкам перад тымі, хто за кратамі. Некалькі дзясяткаў асобнікаў прафэсару нават удалося распаўсюдзіць, як кажуць, на месцы.

«Адразу скажу, што „Сыстэма выжываньня “ досыць далёкая ад афіцыйнай мэдыцыны. Па сутнасьці, мэдыкі афіцыйныя не займаюцца гэтымі пытаньнямі, а сытуацыя, у якую трапляюць людзі, ламае чалавека і робіцца прычынай яго раньняй сьмерці», — кажа Бандажэўскі падчас нашай сустрэчы ў Кіеве. — Я нават не лічу сябе аўтарам. Проста ў калёніі, дзе я сядзеў, была нядрэнная бібліятэка. Я шмат чаго сабраў зь літаратуры па нетрадыцыйнай мэдыцыне, выпрабаваў гэта на сабе, а потым як навуковец прааналізаваў стан чалавечага арганізму ва ўмовах стрэсу і магчымасьці для яго выжываньня«.

Як лекар я праціўнік галадовак за кратамі

У брашуры, якую ён на просьбу сваякоў палітвязьняў у электронным выглядзе перадае «Свабодзе» (брашура рыхтуецца для публікацыі, сачыце за інфармацыяй на сайце), адзін з галоўных акцэнтаў робіцца на такі момант, як харчаваньне, а менавіта — на амэрыканскую тэорыю падбору прадуктаў паводле групы крыві. Калі вязень атрымлівае пасылку ў лепшым выпадку два разы на год, то родным трэба сабраць перадачу максымальна якасную. Вельмі важныя прадукты, якія лёгка засвойваюцца залежна ад індывідуальнасьці арганізму, на якія ня траціцца шмат энэргіі. Толькі тады гэты прадукты дапамогуць, а не пашкодзяць чалавеку. Тое ж самае тычыцца і сваякоў асуджаных, для якіх зьняволеньне блізкіх — таксама вельмі моцны стрэс.

Карыстаючыся нагодай, прафэсар-мэдык зьвяртаецца да тых, хто сёньня за кратамі:

«Як лекар і як чалавек, які хварэў у няволі, хачу адзначыць: я праціўнік пратэстнага галаданьня ў тых умовах. Адстойваць свае ідэалы — і пра гэта я пішу ў брашуры — магчыма пры кантролі нэрвовай сыстэмы. Калі вы галадаеце, то вы рэзка зьнясільваецеся. Вы ня можаце адэкватна рэагаваць на сытуацыю. На мой погляд, гэта тое, чаго дамагаюцца тыя, хто вас кінуў за краты.

Сьведчу, што калі чалавек у тых умовах ня будзе прымаць ежу цягам месяца, ад яго нічога не застанецца. Увогуле. А ва ўмовах радыяцыі — тым больш, бо ў арганізьме адбываецца шмат дэструктыўных працэсаў. Адмаўляцца ад любых прадуктаў на гэтым этапе — гэта ненармальна. Сам я, нягледзячы на ўсю цяжкасьць маёй сытуацыі, не галадаў. Я еў той хлеб, тую баланду, якую мне прыносілі. Увогуле я ставіўся з павагай да любых харчовых прадуктаў. Інакш нельга. Калі ў табе ў тых умовах бачаць моцнага, перакананага чалавека, гэта істотна большая рэзыстэнтнасьць, чым выклік: „Вось я зараз памру ў вас на вачах!“ Чалавек павінен імкнуцца рэалізаваць сябе поўнасьцю. Вось гэта мае асноўнае пажаданьне тым, хто сядзіць там».

«Свабода»: «Выйшаўшы на волю ў 2005-м, вы ў адным з інтэрвію сказалі — цытую па памяці — што традыцыйная мэдыцына часам вельмі сьляпая, што яна нярэдка падыходзіць да чалавека як да ўсярэдненага пацыента, без уліку яго асаблівасьцяў. Чалавек павінен сам сябе слухаць, бо ён здольны сам кіраваць сваім арганізмам нават у самай складанай сытуацыі...»

Бандажэўскі: «Гэта тая сытуацыя, калі мы кажам пра перадхваробы. Як навукоўца мяне заўсёды цікавіла: а якім чынам разьвіваецца хвароба? Калі казаць пра мяне... Вы ўяўляеце пасьпяховага чалавека, які ў 31 год стаў доктарам навук, у 33 — самым маладым рэктарам у СССР? Мне даверылі стварэньне новага мэдычнага ўнівэрсытэту, і, што цікава, гэтая справа пасьпяхова пайшла. Прадстаўнікі нашай самай маладой установы ў Эўропе былі прынятыя кіраўніцтвам найстарэйшай. Супрацоўніцтва гомельскага ўнівэрсытэту і Эдынбурскага вядзецца з таго часу і дагэтуль...

Дык вось, у 1999 годзе я цягам аднаго дня ўпаў з той вышыні ў сьмярдзючую камэру СІЗА. Мне паказалі данос, які напісаў на мяне першы прарэктар, што я нібыта рыхтую дзяржаўны пераварот. Перажыць гэта ўсё няпроста. Гэта тая сытуацыя, якая патрабуе ад чалавека мабілізацыі ўсіх ягоных рэсурсаў. Калі гэта перажываеш, настае адаптацыя, ты ўжо пачынаеш кіраваць сытуацыяй...»

Ёсьць такія рэчы, якія не патрэбныя ў тых умовах

«Свабода»: «Як склаліся вашы дачыненьні з турэмнай адміністрацыяй. Многія былыя палітвязьні сьведчаць пра шматлікія прычэпкі з боку турэмнікаў і, як вынік, розныя дысцыплінарныя пакараньні... У вас былі канфлікты з турэмным начальствам?»

Бандажэўскі: «Ёсьць такія рэчы, якія абсалютна не патрэбныя ў тых умовах. Гэта ня значыць, што ты павінен, як той сабака, глядзець у вочы адміністрацыі і лізаць усё, што можна... Ты павінен думаць галавой і заставацца самім сабой. Магчыма, мне гэта ўдалося дзякуючы магутнай падтрымцы міжнароднай грамадзкасьці. Да мяне прыходзіла па тысячы лістоў у дзень. У калёніі я жыў у атрадзе. Гэта быў вельмі маленькі кубрык, а нас там было шмат. Неяк прыйшоў афіцэр і сказаў: зьнішчыце гэтыя лісты! Я адказаў, што сам ня буду, а калі яму трэба, хай паспрабуе зь імі штосьці зрабіць. Скончылася тым, што лісты хаваліся ўвесь час. Калі мяне выпускалі, то прыйшла спэцыяльная машына. Яе загналі ў зону і сказалі: архіў Бандажэўскага — на выхад! Гэтым хачу сказаць, што чалавек, калі ведае, дзеля чаго жыве, можа дамагчыся шмат чаго. Ня трэба толькі дурных рухаў. Трэба рабіць усё лягічна, пасьлядоўна, адстойваючы свае прынцыпы бяз кітчу. Бо калі чалавек парушае рэжым, ён гэтым самым выклікае рэакцыю ў адказ. У чым такая барацьба — плюнуць у твар турэмнікам? Па сутнасьці, гэта тыя ж людзі (за пэўным выключэньнем), але з дубінай. Хіба можна дасягнуць пляўком нейкай мэты?»

«Свабода»: «Як псыхалягічна адчувалі вы сябе сярод сукамэрнікаў? Напэўна, гэта таксама стрэс — знаходзіцца ў чужым для цябе асяродзьдзі...»

Бандажэўскі: «Узгадваю сытуацыю, калі мяне ўжо пасьля прысуду на 8 гадоў па справе карупцыі кінулі не ў калёнію, а зноў у СІЗА, толькі ў камэру, дзе сядзяць забойцы ды іншыя „сур’ёзныя аўтарытэты“. Дык вось сярод ночы я трапляю ў гэтую камэру, і першае, каго бачу — велічэзнага чалавека з апёкам на твары. Напэўна, ён убачыў нейкі жах на маім твары і ветліва сказаў: ня бойцеся, прафэсар. Таксама ён працягнуў мне нейкую недзяржаўную газэту, дзе было напісана пра мяне. А потым даў мэталічны кубак з кіпнем ды лімоннымі коркамі. Уночы ён ды іншыя зэкі ўкрывалі мяне газэтамі, бо ўкрывацца не было чым, а ночы былі вельмі халодныя. У зэкаў з досьведам мая справа выклікала толькі ўсьмешкі. Калі мне вынесьлі прысуд, дык уся камэра аж раўла.

Зэкі былі вельмі зацікаўленыя ў маіх досьледах і дапамагалі мне

Зэкі, дарэчы, дапамагалі мне рабіць розныя навуковыя дасьледаваньні. Памятаю, як мы ставілі экспэрымэнт над дажджавымі чарвякамі ў бібліятэцы колішняй менскай калёніі на Апанскага. Пазьней я апісаў яго ў сваёй францускай кніжцы. У бібліятэцы, дзе я працаваў, я падгледзеў, што ў кадцы з расьлінамі, куды мы зьліваем рэшткі гарбаты быццам бы для сілкаваньня расьлінаў, насамрэч гэтую гарбату спажываюць чарвякі. Яны выдзяляюць гумус, а гумус ужо сілкуе расьліны. У выніку дасьледаваньняў удалося даказаць вартасьці і якасьць розных гатункаў гарбаты. Добрая гарбата — добрае размнажэньне, і наадварот. Самай лепшай гарбатай аказалася цэйлёнская, а самай горшай — краснадарская. Разам з памочнікамі-зэкамі мы правялі сапраўдныя тэсты з вымярэньнем вагі чарвякоў, рознымі іншымі выкладкамі. Гэта былі вельмі важныя досьледы для сядзельцаў. Бо гарбата была для іх усё. Пазьней, на „хіміі“, я дэталёва апісаў гэты экспэрымэнт у сваёй францускай кніжцы».

«Свабода»: На «хімію» вас перавезьлі прыкладна ў гэты чэрвеньскі час восем гадоў таму. Вы назвалі гэты пэрыяд сваім «другім нараджэньнем»...

Бандажэўскі: «Гэтае адчуваньне цяжка перадаць на словах. Прыкладна тое ж, калі ты сабраў свае апошнія сілы і табе ўдалося скокнуць высока ўверх. Ты разумееш, што маеш энэргію для далейшага жыцьця, што ты перамог. Уявіце сябе: мяне этапуюць у сталыпінскім вагоне ў Лідзкі раён, я еду ў атачэньні аўтаматчыкаў, сабак, але раптам уначы цягнік спыняецца, вагон адчыняецца. Такое ж зорнае неба, як сёньня. Няма ані аўтаматчыкаў, ані сабак — стаіць афіцэр, які вітае цябе і кажа: выходзьце, калі ласка. Нейкая фантастыка. Вось там я і напісаў кніжку для французаў. Пісаў у ідэальных умовах. На палянцы. Ніхто мне не перашкаджаў, наадварот, падыходзілі і пыталіся, як мае здароўе. І такі бальзам ад усяго гэтага быў на душы».

Быць выгнаньнікам цяжка

«Свабода: «Практычна амаль увесь час пасьля вызваленьня вы жывяце і працуеце за мяжой. Дзякуючы так званаму „Пашпарту волі“, які дае права выбраць у якасьці месца жыхарства любую эўрапейскую краіну, вы жылі ў Францыі, Літве. Апошнім часам жывяце пад Кіевам, а працуеце практычна ў Чарнобыльскай зоне, у цэнтры „Экалёгія і здароўе“ пры Іванкаўскім шпіталі. Нармальна адчуваеце сябе тут?»

Бандажэўскі: «Быць выгнаньнікам цяжка. Тым больш што вельмі часта перад маімі вачыма стаіць радзіма. Чаму я менавіта тут, ва Ўкраіне? Таму што тут усё вельмі нагадвае Беларусь. На Захадзе, дзе я часта бываю, я магу знаходзіцца максымум два тыдні, і ўсё. А тут мне ўсё нагадвае тую краіну, дзе я рос, жыў, працаваў, адчуваў сябе моцным чалавекам. Ня ведаю, як усё будзе далей. Ніякіх прагнозаў не раблю. Радуе тое, што тут, ва Ўкраіне, нашаму цэнтру ўдалося сёе-тое зрабіць. Гэта інфармаваньне міжнароднай супольнасьці, што адбываецца са здароўем людзей, якія пацярпелі ад Чарнобыля. Усё гэта няпроста, бо адчуваецца супраціў ядзернага лобі. Умовы працы сьціплыя. Аднак у Беларусі нічога такога я зрабіць бы ня змог. Трэба працаваць. Тым больш што ў нашай камандзе вельмі неблагія адмыслоўцы, цэлы міжнародны навуковы альянс. У назіральнай радзе цэнтру — пяць эўрапарлямэнтароў. Вельмі вядомыя і аўтарытэтныя імёны ў галіне экалёгіі і правоў чалавека. Усе яны аб’ядналіся дзеля садзейнічаньня таму, каб разьвязваць гэтыя пытаньні...»

Калі лідэры выводзяць людзей на акцыі, яны нясуць вялікую адказнасьць за іх лёс

«Свабода»: «Ваша сям’я з вамі?»

Бандажэўскі: «Не, яны ў Беларусі. У жонкі праблема са здароўем. У дачок былі праблемы, зьвязаныя з прафэсіяй. Гэта адзіныя людзі, перад кім я адчуваю сваю віну. Як і кожная іншая сям’я беларускіх вязьняў, яны перажылі шмат. Уявіце сабе, калі сёньня іх як дзяцей і жонку рэктара ўсе вітаюць, а заўтра яны робяцца „сваякамі ворага“. Лёсы маіх дзяцей зламаныя. Як і лёсы многіх іншых дзяцей.

У гэтай сувязі я хачу зьвярнуцца да лідэраў, якія нясуць адказнасьць ня толькі за сваіх сваякоў ды дзяцей. Калі вы выводзіце людзей на акцыі, думайце і пра лёс таксама, пра тое, што для кагосьці зь іх будзе трагічным трапіць за краты, што ня ўсе там вытрымаюць. Усе трэба пралічваць, калі вядзеш людзей на Плошчу. Напрыклад, тое, што другога намётавага лягеру зрабіць не дадуць... Я зь вялікай павагай стаўлюся да Статкевіча, які застаецца за кратамі. Таксама да Саньнікава, Бандарэнкі, якія прайшлі засьценкі і сталі хворымі. Аднак лідэрам выстаўляюцца адмысловыя рахункі».



Даведка: Юры Бандажэўскі. Нарадзіўся ў 1957 годзе на Гарадзеншчыне. Выпускнік Гарадзенскага мэдычнага інстытуту. У 1990-м заснаваў і ўзначаліў Гомельскі дзяржаўны мэдычны ўнівэрсытэт. Вядомы дасьледаваньнямі на тэму ўплыву на здароўе чалавека малых доз радыяцыі. Аўтар больш як 240 навуковых працаў.

Арыштаваны ў 1999 годзе. У 2001-м прызнаны вінаватым у атрыманьні хабару й асуджаны на 8 гадоў. «Міжнародная амністыя» прызнала Бандажэўскага вязьнем сумленьня, лічачы, што яго пасадзілі за крытыку дзеяньняў беларускіх уладаў пасьля катастрофы на ЧАЭС. Жанаты, мае дзьвюх дачок.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG