Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэм’ер-міністар Міхаіл Мясьніковіч папрасіў свайго расейскага калегу Дзьмітрыя Мядзьведзева падтрымаць беларускі варыянт стварэньня холдынгу МАЗ — КамАЗ. Беларускі бок даўно настойвае на тым, каб акцыі ў патэнцыйным холдынгу разьмяркоўваліся 50% на 50%.

«Мы зараз працуем з нашымі калегамі, спадзяюся, мы знойдзем гэты варыянт. Просьба па сваёй лініі гэта таксама падтрымаць», — цытуе зварот беларускага прэм’ер-міністра БелТА.

Прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка нядаўна заявіў, што пра такі варыянт яны дамовіліся з Уладзімерам Пуціным. Па ягоных словах, гэта «цьвёрдая дамоўленасьць», «але кіраўніцтва той карпарацыі, бачыце, не задавальняе 50 на 50. Трэба кантрольны пакет акцыяў, і дарагавата Беларусь просіць. Ну, добра, калі ня трэба пагаджацца, ня будзем... МАЗ сёньня ані ня горшы за КАМАЗ» — цытуе словы Аляксандра Лукашэнка БелТА.

Сапраўды, кампанія «Растэхналёгіі», якая была ініцыятарам стварэньня холдынгу, катэгарычна настойвае на іншым варыянце. Яе кіраўнік Сяргей Чэмезаў, як паведамляла ў траўні агенцтва «Новости», кажа: «50 на 50 ствараць сэнсу няма, гэта структура, якая ня будзе паддавацца кіраваньню. Тым больш зь імі (зь беларускім бокам). Таму мы кажам — давайце мы (Расея) больш возьмем, але 50 плюс адзін».

Аналітык Аляксандар Алесін лічыць, што ў дадзеных перамовах прэм’ер-міністар Мясьніковіч выступае як парлямэнцёр:

Аляксандар Алесін

Аляксандар Алесін

«Відавочна, на апошнім этапе ёсьць нейкія супярэчнасьці. Расейскі бок настойвае на аб’яднаньні на ўмовах 25% беларускіх акцыяў і 75% расейскіх. А ў беларускага кіраўніцтва свой варыянт, пра які Лукашэнка досыць рэзка выказаўся. Мясьніковіч выступае як міратворац. Відавочна, што шукаюць узаемапрымальнае рашэньне, якое дазволіць захаваць твар і беларускаму кіраўніцтву і дасягнуць кампрамісу. Мне здаецца, што на ўзроўні прэм’ераў будзе падрыхтаванае кампраміснае рашэньне, якое прадставяць прэзыдэнтам.

Наколькі я ведаю гэтую кухню, відавочна, што будуць шукаць на ўзроўні кіраўнічай кампаніі холдынга рашэньне з прыцягненьнем трэцяга ўдзельніка. Ім можа быць „Daimler“. Ён зараз валодае пэўным пакетам акцыяў КАМАЗа, так што ўсе гэтыя мерапрыемствы адбываюцца зь ягонага ведама. Цалкам магчыма, што ён можа прэтэндаваць на частку акцыяў МАЗа».

Алесін лічыць, што Беларусі ніяк ня ўдасца настаяць на сваім. На ягоную думку, магчыма, будзе знойдзены варыянт, які дазволіць захаваць МАЗ ад несяброўскага паглынаньня КАМАЗам. «Зразумела, што прадпрыемствы несупастаўляльныя па памерах. 50% на 50% — гэта немагчыма. Але можна гарманізаваць інтарэсы на ўзроўні кіраўнічай кампаніі, якая і будзе весьці справы з актывамі, якія бакі перададуць у холдынг».

Ёсьць і палітычны аспэкт у справе стварэньня холдынгу МАЗ — КамАЗ. Аляксандр Алесін:

«Раз гэта спушчана на ўзровень прэм’ераў, відавочна, што з боку Расеі ёсьць жаданьне прадэманстраваць чарговы інтэграцыйны праект. З боку беларускіх уладаў ёсьць жаданьне ня быць абвінавачаным апазыцыяй у продажы фамільнага срэбра. Бо варта зрабіць нейкую саступку КамАЗу, як тут жа ўрад абвінавацяць у продажы нацыянальнага здабытку. Гэта вельмі сур’ёзнае абвінавачаньне, і я думаю, што ўлада яго апасаецца. Усе ж чакаюць, калі трэба будзе плаціць за расейскія крэдыты і што прададуць наступным. Таму ўлада ня хоча, каб гэта выглядала такім чынам. Думаю, што працэс яшчэ будзе няпросты. Магчыма, пад канец году пры добрых умовах ён завершыцца».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG