Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Палата прадстаўнікоў у другім чытаньні прыняла закон «Аб органах дзяржаўнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь». Гэта адбылося 14 чэрвеня.

Паводле яго, КДБ атрымлівае надзвычайныя паўнамоцтвы. Законапраект быў рэзка асуджаны юрыстамі і праваабаронцамі яшчэ напрыканцы мінулага году, калі толькі трапіў на разгляд у парлямэнт. Аднак 21 сьнежня 2011 году дэпутаты ўхвалілі яго ў першым чытаньні.

Цяпер для таго, каб супрацоўнікі органаў дзяржаўнай бясьпекі змаглі цалкам законна пранікаць у прыватныя кватэры і прымяняць фізычную сілу і зброю супраць беларускіх грамадзянаў, застаецца атрымаць ухваленьне Савета Рэспублікі і подпіс прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі.

Найбольш вострую крытыку выклікалі наступныя палажэньні законапраекту:

«Супрацоўнік органаў дзяржаўнай бясьпекі не нясе адказнасьці за шкоду, прычыненую ў сувязі з прымяненьнем фізычнай сілы, спэцыяльных сродкаў, баявой і спэцыяльнай тэхнікі, ужываньнем (выкарыстаньнем) зброі ў прадугледжаных гэтым Законам і іншымі заканадаўчымі актамі выпадках, калі ён дзейнічаў ва ўмовах абгрунтаванай прафэсійнай рызыкі...»

* * * арт. 14 «Правы органаў дзяржбясьпекі»


...Уваходзіць бесьперашкодна пры неабходнасьці з пашкоджаньнем устройстваў (якія зачыняюцца) і іншых прадметаў, у любы час сутак у жылыя памяшканьні ці іншыя законныя ўладаньні фізычных асоб, у памяшканьні і (або) іншыя аб’екты дзяржаўных органаў і іншых арганізацый (за выключэньнем памяшканьняў і іншых аб’ектаў дыпляматычных, консульскіх і іншых прадстаўніцтваў замежных дзяржаў, міжнародных арганізацый, якія карыстаюцца ў адпаведнасьці зь міжнароднымі дагаворамі Рэспублікі Беларусь дыпляматычным імунітэтам, і памяшканьняў, у якіх пражываюць супрацоўнікі гэтых прадстаўніцтваў, арганізацый і іх сем’і) і аглядаць іх пры перасьледаваньні асоб, якія падазраюцца ў зьдзяйсьненьні злачынства, альбо пры наяўнасьці дастатковых падстаў меркаваць, што яно зьдзяйсьняецца... або там знаходзіцца асоба, якая схавалася ад органаў, якія вядуць крымінальны працэс...

Меркаваньне падпалкоўніка КДБ Валера Косткі:

Валер Костка

Валер Костка

«Калі спэцслужба сутыкаецца з праявамі тэрарызму, захопам закладнікаў і г.д., то безумоўна, яны мусяць прымяняць сілу. А ў нас жа ж гэтага няма! У нас жа гэтая дурная сіла прымяняецца супраць мірных грамадзян. Тут пытаньне ня ў тым, можа ці ня можа. Павінна і можа! Але ў імя чаго і супраць каго? Любое ЦРУ, МАСАД, МІ6 заканадаўча забясьпечаныя ўсім неабходным. Але яны абмежаваныя таксама ў тым, што яны ня могуць рабіць і перад кім яны адказныя. А ў нас на гэта не зьвяртаюць увагі. Усё можна: прыехалі, уварваліся, скажам, да журналіста Фядуты, гэтага божага чалавечка, які, напэўна, ніколі нікога не пакрыўдзіў у сваім жыцьці, і тут пачынаюць арыштоўваць, абшукваць... Гэта ж так ня робіцца. Гэта ж узровень прафэсіяналізму. І гэтымі сілавымі прыёмамі маецца на ўвазе запалохаць грамадзтва. У гэтым і мэта, каб баяліся, што заўтра прыедуць, дзьверы выб’юць, а вы нічога супраць гэтай дурной сілы ня можаце зрабіць».

Палітык Вольга Карач адзначае, што КДБ цяпер атрымлівае тыя ж паўнамоцтвы, што і міліцыя:

Вольга Карач

Вольга Карач

«Падобны закон ужо ёсьць у міліцыянтаў. Ён ім надае шырокія паўнамоцтвы, напрыклад, у сытуацыях, калі тэрарысты захапілі людзей, ці вядуцца пошукі бандыта, ці цяжкае крымінальнае злачынства. Калі ўлады ў мінулым годзе распачалі падрыхтоўку гэтага закону, то яны ўжо спасылаліся на тое, што гэты закон ня новы і ёсьць іншыя сілавыя структуры, напрыклад, міліцыя, якія ўжо маюць такія паўнамоцтвы. Але ёсьць вялікая розьніца паміж гэтымі законамі. Бо калі казаць пра міліцыю, то ў іх заўжды ёсьць пункт адліку — цела забітага чалавека, ці заява жанчыны, якую згвалцілі, і ў гэтай справе ёсьць канец. А ў КДБ такіх пунктаў пачатку і канца няма. І незразумела, у якіх канкрэтна сытуацыях гэтыя паўнамоцтвы ў супрацоўнікаў КДБ пашыраюцца. Яшчэ адно: у законе пра міліцыю напісана, што органы міліцыі кіруюцца законам. А ў новым законе пра КДБ якраз гаворыцца пра тое, што гэтыя шырокія паўнамоцтвы яны атрымліваюць у выніку загаду прэзыдэнта. І розьніца ёсьць: выконваць закон ці нейкі загад».

На яе думку, новы закон пашырае паўнамоцтвы органаў дзяржаўнай бясьпекі «на будучыню»:

«Я думаю, што гэты закон прыняты менавіта таму, што органы дзяржаўнай бясьпекі разумеюць, што надыходзяць такія часы, калі насельніцтва будзе больш рашуча і настойліва выяўляць свой пратэст. І гэта будзе азначаць, што супраць гэтага насельніцтва будуць прымацца нейкія меры, у тым ліку яны разумеюць, што можа быць адданы загад страляць у свой народ, выкарыстоўваць „хімію“, гумовыя кулі, якія прапісаныя ў законе. І ўсё гэта кадэбісты прапісалі сабе „на ўсялякі выпадак“ вельмі падрабязна. На тое, каб у будучыні мець абарону ў судзе і настойваць, што яны выконвалі закон».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG