Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зь сёлетняга году ў Беларусі афіцыйна дазволена выкарыстоўваць працу непаўналетніх.

Паводле ўказу Аляксандра Лукашэнкі дзеці, якія дасягнулі ўзросту 14 гадоў, могуць быць залічаныя ў студэнцкія атрады і працаваць на будоўлях, у сельскай гаспадарцы ды ў іншых галінах.

Дзе і чым занятыя цяпер школьнікі, які заробак атрымліваюць яны за сваю працу і як на працу непаўнагадовых дзяцей рэагуюць іх бацькі, а таксама настаўнікі? Сытуацыю дасьледуюць рэгіянальныя карэспандэнты «Свабоды».

Начальнік управы па справах моладзі Міністэрства адукацыі Віталь Брэль заявіў гэтымі днямі журналістам пра «вялікую колькасьць і шырокую геаграфію» працы непаўналетніх:

«Гэта праца й на будаўнічых аб’ектах, і на малочнатаварных фэрмах. А таксама ў летніх пэдагагічных атрадах. Таксама БРСМ мае дамоўленасьці з Расейскай Фэдэрацыяй, і ўжо туды адпраўлены маладыя людзі працаваць праваднікамі. Таксама створаныя іншыя атрады...»

Па словах Віталя Брэля, сёлета зарабіць у будатрадах на кішэнныя расходы змогуць амаль 6 тысяч школьнікаў. Плянаваны іх заробак — ад 400 тысяч рублёў.

Першыя паўтара дзясятка школьнікаў ва ўзросьце 14–17 гадоў прыехалі сёньня з Гомеля ў прыгарадны агракамбінат «Усход» на праполку гародніны. Камбінат мусіў іх прыняць, бо школьнікаў накіраваў гарадзкі цэнтар занятасьці па праграме так званага працоўнага сэмэстру «Лета-2012».

Прадстаўніца агракамбінату апавяла:

«Яны чатыры гадзіны працуюць. Колькі яны зробяць, столькі ім і закрыюць нарад і налічаць заробак. Яны прыйшлі толькі першы раз, і я ня ведаю, ахвотна яны будуць працаваць ці не. Яны ў мяне толькі сёньня афармляліся. Тыдні праз два я магу распавесьці, колькі яны зарабляюць, як працуюць — з імпэтам ці не. Але дасьведчаныя людзі, гледзячы на сёньняшні натоўп, сказалі, што працаваць яны ня будуць. Гэта ня з тых, якія будуць працаваць».

Суразмоўніца кажа, што ў мінулым годзе ім таксама прысылалі школьнікаў:

Хто добра працаваў, той каля 600 тысяч рублёў за месяц зарабляў ...

«У тым годзе яны на ўборцы гародніны былі занятыя. Хто добра працаваў, той каля 600 тысяч рублёў за месяц зарабляў. Астатнія, вядома, менш. Хто кідаўся морквай, а не зьбіраў яе, такі быў і вынік».

Спэцыялістка камбінату лічыць, што вялікія групы школьнікаў наагул нельга фармаваць, бо гэта не спрыяе плённай працы:

«Калі б па адным, то, можа, і быў бы толк. А калі яны прыяжджаюць групамі, знаёмяцца, забаўляюцца, шпурляюцца вёдрамі. І я са сваіх школьных гадоў памятаю толькі гэта. Але калі мяне ставілі на пэўны ўчастак — узважваць ураджай, — я там працавала, ніхто мяне не адрываў ад працы».

«У „чарнобыльскіх раёнах“ дзеці полюць буракі й цыбулю»

Працу школьнікаў па-ранейшаму выкарыстоўваюць калгасы й саўгасы, якія месьцяцца ў так званых чарнобыльскіх раёнах — Хойніцкім, Брагінскім ды шэрагу іншых. Падлеткі полюць буракі, цыбулю, а ў жніво працуюць на збожжатаках.

Жыхар Брагіна спадар Пётар, які добра знаёмы з экалягічнай сытуацыяй у раёне, так мяркуе:

«Калі хочаш працаваць — дапамажы маці й бацьку...»

«Я думаю, што на палі дзяцей ня трэба пускаць. Ня раіў бы, каб вадзілі на ўборку бульбы ў чарнобыльскай зоне, цыбулі і ўсяго іншага. Я сам зямлю на аналізы браў. Зямля, вядома, забруджаная. Радыяцыя — гэта такая зараза, што ў ёй ні паху няма, ні ўгледзець яе нельга. А гэта ж моладзь — ёй трэба быць здаровай. Хто захоча працаваць, той дапаможа дома і мацеры, і бацьку».

У райцэнтрах Магілёўшчыны на час вакацыяў ствараюцца брыгады старшаклясьнікаў прыбіраць вуліцы і іншыя аб’екты камунальнай уласнасьці. У Глуску, да прыкладу, такіх брыгад створана тры.

Пра брыгады школьнікаў у Глуску паведаміў жыхар гэтага гораду Ігар. У такой брыгадзе працаваў яго сын.

«Ад камунгасу ў нас такія брыгады арганізуюць. Там плацяць няшмат, і хоць там працуюць папаўдні і займаюцца тым, што сьмецьце прыбіраюць на вуліцах, могілкі парадкуюць, ахвочых там працаваць няшмат. Нашага сына, калі ён туды пайшоў, ніхто не прымушаў, але яму там не спадабалася».

«Дзеці траву скубуць альбо сьмецьце прыбіраюць»

У суразмоўніка пытаюся пра ягонае стаўленьне як бацькі да таго, што непаўналетніх прыцягваюць да падобных заняткаў — ці ўхваляе ён гэта:

«Дзецям трэба было даць магчымасьць папрацаваць, калі яны гэтага хочуць. Гэтая праца, аднак, павінна быць для іх цікавая і эфэктыўная. Яны там то траву скубуць, то сьмецьце зьбіраюць — гэта для іх нецікава і не карыстаецца папулярнасьцю».

У раённым аддзеле адукацыі пацьвердзілі, што школьныя брыгады сфармаваныя — дзьве для мясцовага камунгасу і адна для лясгасу:

«Могілкі ў парадак прыводзяць і на вуліцах іх прыцягваюць да працы. Камунгас забясьпечвае ім спэцвопратку, а мы — суправаджэньне й набор. Дзеці зарабляюць грошы. Ідуць яны працаваць з ахвотай. Дзеці працуюць той час, які ім адводзіцца. Мы ж не прымушаем іх працаваць поўны працоўны дзень», — зазначыў у тэлефоннай гутарцы супрацоўнік аддзелу адукацыі.

«У дзяцей праца не грашавітая, аднак у дзьве зьмены...»

У раённым жылкамгасе працу школьнікаў характарызуюць гэтак:

«Прыбіраць вуліцы асаблівай кваліфікацыі ня трэба, але факт той, што яны даволі якасна й хутка працуюць і аказваюць нам даволі істотную дапамогу, бо мы не заўжды за ўсім пасьпяваем. Яны працуюць практычна ў дзьве зьмены. Ім жа паводле заканадаўства не патрэбны поўны працоўны дзень», — кажа супрацоўнік раённага жылкамгасу.

У аддзеле адукацыі і жылкамгасе запэўнілі, што калі непаўналетніх дзяцей прыцягваюць да працы, іхнія правы абароненыя. Нараканьняў з боку бацькоў няма.

Як прызнала адна з настаўніц, спадзявацца школьнікам на вялікі заробак улетку не выпадае, бо праца, якой займаюцца дзеці, і для дарослых далёка не грашавітая. Паводле настаўніцы, парушаюцца правы дзяцей часьцей увосень на сельгаспрацах:

На сельгаспрацу прыцягваюцца й шостая, й сёмая клясы...

І з аплатай іх ашукваюць эканамісты. І працуюць яны больш за вызначаны час ...

«І з аплатай іх ашукваюць эканамісты. І працуюць яны больш за вызначаны час. На сельгаспрацы прыцягваецца й шостая, і сёмая клясы, то бок дзеці, якім няма чатырнаццаці гадоў. І месяц яны могуць не вучыцца, і больш, а потым, зразумела, і праграму цяжка выконваць».

На Берасьцейшчыне дзіцячая праца — гэта паратунак ад крызісу, а часам нават жыцьцёвая неабходнасьць. У вёсцы Альшаны традыцыйна на агурковых плянтацыях працуюць усімі сем’ямі. Падрабязьней — Павал Канстанцінаў.

Калі ў вёсках нашага рэгіёну юнакі наймаюцца на працу ў калгасах, то ў райцэнтрах — шукаюць працу ў прыватнікаў. У Івацэвічах старэйшыя школьнікі наймаюцца класьці плітку, працуюць на прыватных будоўлях. Кажуць, што часам зарабляюць нават больш, чым бацькі.

А вось на Століншчыне традыцыйна так склалася, што дзеці змалку дапамагаюць бацькам.

«Дзеці завіхаюцца як пчолкі»

Распавядае тамтэйшы настаўнік Ігар Іванавіч:

«Працуюць дзеці ня толькі ў парніку, калі ўжо гуркі трэба зрываць ды рыхтаваць на здачу нарыхтоўшчыкам. Праца для дзяцей пачынаецца яшчэ раньняй вясной, а то і зімой, калі рыхтуюцца мяшэчкі для высадкі ў іх расады. Потым гэтыя мяшэчкі набіваюцца зямлёй, высаджваецца расада, дзеці дапамагаюць бацькам рэзаць, калоць дровы, абаграваць расадніцы. А потым, калі пачынаецца высадка гуркоў у сакавіку-красавіку ў цяпліцы, то ў гэты пэрыяд у школе зусім мала дзяцей. У нас у Альшанах сем’і ў асноўным па 5–7, а то і па 10 дзяцей. То ў такіх сем’ях дзеці завіхаюцца як пчолкі».

Суразмоўца кажа, што калі альшанскія дзеці падрастаюць, кожнаму выдзяляюць свой участак парніка, прыбытак зь якога ідзе дзіцяці. Такім чынам альшанцы стымулююць жаданьне дзяцей працаваць.

Былы першы намесьнік старшыні Берасьцейскага абласнога аддзелу адукацыі, кандыдат пэдагагічных навук Мікалай Коўш так пракамэнтаваў «Свабодзе» сытуацыю зь дзіцячымі працамі:

«Трэба, каб праца для дзяцей адпавядала патрабаваньням тэхнікі бясьпекі»

«Я да гэтай справы адношуся станоўча. Калі некалькі месяцаў старшаклясьнікі, і ня толькі яны, ня ведаюць, чым заняцца, гэта адмоўна на іх паводзінах адбіваецца. Толькі, калі да працы мы бярэм вучняў, трэба, каб фронт работ адпавядаў нарматывам тэхнікі бясьпекі. У час маёй працы былі выпадкі. Памятаю, калі ў Ляхавіцкім раёне два вучні працавалі на збожжатаку ўначы, прыехала машына са збожжам і іх засыпала, і яны загінулі».

Актывіст руху «За свабоду» Леанід Гаравы мае значны досьвед працы ў школе, быў дырэктарам школы ў Гарадку на Віцебшчыне. Ягоная думка пра прымусовую працу школьнікаў у час вакацыяў: «Прымусовая дзіцячая праца — гэта пачварная зьява савецкага мінулага».

Леанід Гаравы

Леанід Гаравы

«У мяне быў выпадак, калі я адмовіўся накіроўваць на працу дзяцей, калі гэта супярэчыла нормам дзейнага заканадаўства. Але гэта было не на карысьць дырэктара школы ў Беларусі, а мінус, калі ён бароніць правы. Так і атрымалася...»

Карэспандэнт: «А як мяркуеце, чаму ў цяперашняй Беларусі нават на афіцыйным узроўні вітаецца раньняя праца школьнікаў, прычым у будаўніцтве, на ўборцы ўраджаю ды іншым?»

«Для савецкай сыстэмы, якая існавала яшчэ да незалежнасьці Беларусі, яна была нормай, захавалася і ў цяперашнія часы. Калі б былі нармальныя адносіны паміж дзяржавай і грамадзтвам, то, вядома, гэтая пачварная зьява даўно б зьнікла. А пакуль дзяржава, як гаворыцца, кіруе ўсім і на ўсіх кірунках, а грамадзтва адмяжоўваецца ў абароне сваіх правоў, то ў выніку маем дзіцячую працу як зьяву за межамі прававога поля...»
XS
SM
MD
LG