Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чыноўнікі Міністэрства адукацыі распавялі, што зарплата беларускіх настаўнікаў складае 5–6 мільёнаў рублёў. Прычым не ў дырэктараў і ня ў завучаў, а ў звычайных настаўнікаў. Маўляў, пасьля травеньскага павышэньня тарыфнай стаўкі першага разраду і павелічэньня даплат настаўніцкія заробкі істотна вырасьлі.

Паводле афіцыйнай інфармацыі Беларускага статыстычнага камітэту, сярэдняя налічаная заработная плата ў галіне адукацыі ў красавіку склала 2 мільёны 596 тысяч рублёў, у тым ліку ў настаўнікаў — 3 мільёны 120 тысяч. За травень статыстыкі яшчэ няма. Настаўнікі — не банкіры, не вэртыкальшчыкі і не прадстаўнікі сілавых структур, пра свае заробкі яны гавораць ахвотна.

Настаўніца адной з гарадзенскіх гімназіяў прызнаецца:

«Мая зарплата — 3 мільёны 300 тысяч. Гэта з клясным кіраўніцтвам, з факультатывамі — з усім. Але ў мяне 35 гадзін на тыдзень. Не 18, а 35. То бок амаль у два разы больш за стаўку. Гэта вельмі шмат, гэта на знос працаваць. Бо няма больш каму».

Выкладчыца беларускай мовы і літаратуры з Полацку называе прыкладна такія ж лічбы:

«У мяне вышэйшая катэгорыя, у мяне больш за 20 гадоў стажу, у мяне больш за паўтары стаўкі — і пры ўсім гэтым атрымліваю 3 мільёны — 3 мільёны 300 тысяч. Гэта ўлічваючы стаж, катэгорыю, кляснае кіраўніцтва. А ў маладых дзяўчат, у якіх стаўка ці крыху больш, — добра, калі 2 мільёны ў іх атрымліваецца».

Што да заробкаў маладых спэцыялістаў, у якіх яшчэ няма ні стажу, ні катэгорыі, загадчыца аддзелу адукацыі аднаго з райцэнтраў Менскай вобласьці распавяла:

«2 мільёны — 2 мільёны 200 тысяч у сярэднім, таму што ў іх яшчэ даплаты. Згодна з калектыўнай дамовай, маладым спэцыялістам цяпер даплачваюць. Так што ў сярэднім 2 мільёны — 2 мільёны 200 маладыя настаўнікі атрымліваюць».

У сельскіх школах, дзе, дарэчы, ёсьць адмысловыя даплаты, заробкі такія:

«Ну вось сядзіць у мяне ў кабінэце завуч сярэдняй сельскай школы. 3 мільёны — гэта сярэдняя зарплата настаўніка сярэдняй сельскай школы».

Можа, у сталіцы настаўнікі зарабляюць больш? Выкладчыцу прэстыжнай сталічнай гімназіі паведамленьне пра заробкі ў 5–6 мільёнаў абурыла:

«Пра што вы гаворыце? Якія 6 мільёнаў?! Самае большае, у каго шмат гадзін —
3 мільёны зь нечым — гэта калі вялікая нагрузка ...

па 3 мільёны, можа, крыху больш максымум атрымліваюць. Гэта я вам дакладна кажу, бо дзелімся зь сяброўкамі, размаўляем — ніхто столькі не атрымлівае. 3 мільёны зь нечым — гэта калі вялікая нагрузка. Прыдумляюць нешта, а ў людзей, у тым ліку і ў настаўнікаў, як не было грошай, так і няма. Можа, якая адміністрацыя і атрымлівае, яна нам квіткі не паказвае...»

Такім чынам, настаўнікаў, нават такіх, хто працуе на дзьве стаўкі, з вышэйшай катэгорыяй з заробкам у 5–6 мільёнаў знайсьці не ўдалося. А вось у вышэйшага эшалёну працаўнікоў сфэры адукацыі заробкі могуць і перавышаць прадэкляраваныя чыноўнікамі міністэрства 5–6 мільёнаў. Загадчыца аддзелу адукацыі аднаго з райцэнтраў Менскай вобласьці распавяла пра заробкі дырэктараў школ:

«У нас ёсьць дырэктары, якія і па 10 мільёнаў атрымліваюць. Ня кожны месяц, вядома. Але за пэўны месяц па выніках і з прэміямі, надбаўкамі, не зьвязанымі з асноўнай дзейнасьцю, і па 10 мільёнаў ёсьць».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG