Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская зброя ў Сырыі: ужываецца ці ляжыць на складах?


Ці пастаўляе Беларусь у Сырыю зброю і сучасныя тэхналёгіі, якія дапамагаюць урадавым войскам змагацца з паўстанцамі, у выніку чаго гінуць мірныя насельнікі? Амэрыканскае выданьне «National Journal» выказвае такія падазрэньні, у МЗС Беларусі ад камэнтару адмаўляюцца.

Аўтарытэтнае ў ЗША выданьне «National Journal» мяркуе, што Беларусь можа забясьпечваць рэжым прэзыдэнта Сырыі Башара Асада сучаснымі тэхналёгіямі для ўдасканальваньня ракет клясу «зямля-зямля», якія ужываюцца ўрадавымі войскамі супраць паўстанцаў. «Зь іх дапамогай рэжым можа зьнішчаць сваіх праціўнікаў зь яшчэ больш сьмяротнай дакладнасьцю, чым раней», — піша на старонках выданьня вайсковы аналітык Скот Джонсан, які дасьледуе ўзбраеньні ў сьвеце. Паводле Скота Джонсана, сырыйскія вайскоўцы супрацоўнічаюць зь беларускімі дзяржаўнымі збройнымі кампаніямі ў галіне складаных аптычных прыладаў, якія ўжываюцца ў тым ліку ў ракетах клясу «зямля-зямля».

Ці маюць пад сабой глебу меркаваньні амэрыканскага аналітыка? Беларускі вайсковы аглядальнік Аляксандар Алесін кажа, што на ўзбраеньні сырыйскага войска стаяць старыя савецкія ракеты клясу «зямля-зямля» «Скад», страляць якімі па дробных атрадах паўстанцаў надзвычай неэфэктыўна:

Аляксандар Алесін
Аляксандар Алесін
«Адназначна магу сказаць, што нікому не ўдалося ўдасканаліць сыстэмы навядзеньня ракеты „Скад“. Гэта вельмі архаічная сыстэма другой паловы 50-х гадоў. Павялічыць адлегласьць палёту ракеты за кошт дадатковых бакаў — гэта рабілі. Паўночная Карэя рабіла, Іран, Ірак, тая ж Сырыя, быццам, рабіла. Але ў выніку дакладнасьць пападаньня зьніжаецца. Таму гэта абсурд. Страляць такімі ракетамі можна толькі па плошчавых цэлях: горад, вялікая база, склад. Хутчэй, калі б паўстанцы стралялі такімі ракетамі па дзяржаўных аб’ектах — гэта было б эфэктыўна.

Другое. Беларусь сапраўды можа валодаць тэхналёгіямі дакладнага навядзеньня крылатых і балістычных ракет. Як паветранага базаваньня, гэтак і наземнага. Але нават у такім разе выкарыстаньне іх супроць паўстанцаў немагчымае. Бо гэта значыць ужываць ракету, якая падчас палёту не мяняе сваёй цэлі, супроць груп паўстанцаў, пазыцыя якіх хутка мяняецца».

Шмат гадоў Сырыя імкнулася набыць расейскія ракеты «Іскандэр», якія значна перасягаюць па эфэктыўнасьці ракеты «Скад». Аляксандар Алесін нагадаў, што пад ціскам заходніх краінаў Расея заявіла, што адмовілася ад такіх паставак у Сырыю. Ці не ўдалося гэта зрабіць іншым шляхам? Аглядальніку гэта невядома:

«Калі б Сырыя атрымала ракеты „Іскандэр“, то магчыма, што супроць абарончых пунктаў, супроць лягераў паўстанцаў, калі такія ёсьць, яны маглі б выкарыстоўвацца».

Аляксандар Алесін кажа, што Беларусь здольная пастаўляць у замежныя краіны сыстэмы кіраваньня войскамі і зброяй, сыстэмы нацэльваньня, у тым ліку лазэрныя і аптычныя, сродкі сувязі, а таксама праграмы мадэрнізацыі танкаў і самалётаў савецкай вытворчасьці. Сярод краінаў, якія закупляюць беларускую зброю, ёсьць і Сырыя, зазначыў аглядальнік.

Паводле Стакгольмскага інстытуту дасьледаваньня праблемаў міру (Stockholm International Peace Research Institute, SIPRI), у пэрыяд з 2007 па 2011 гады Беларусь была другім па аб’ёмах пастаўшчыком зброі ў Сырыю пасьля Расеі. На трэцім радку апынуўся Іран. Нібыта Беларусь шмат разоў абвінавачвалі ў нелегальных пастаўках зброі, у тым ліку лазэрных прыцэлаў.

МЗС Беларусі гэтыя абвінавачаньні раз за разам абвяргаў, заяўляючы, што ўрад краіны «выконвае свае абавязаньні ў галіне гандлю зброяй у поўнай адпаведнасьці зь міжнародным заканадаўствам».

Сёньня, 15 чэрвеня, прэсавы сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных адмовіўся камэнтаваць меркаваньні часопіса «National Journal» адносна магчымых паставак вайсковых тэхналёгіяў зь Беларусі ў Сырыю, спаслаўшыся на тое, што часопіс не прыводзіць ніякіх доказаў:

«У МЗС дадзеная публікацыя выклікала зьдзіўленьне», — сказаў «Свабодзе» Андрэй Савіных.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG