Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Эгіпце насьпявае новая рэвалюцыя?


Пратэстоўцы спальваюць партрэт кандыдата на прэзыдэнта Ахмэда Шафіка, апошняга прэм'ера ва Ўрадзе Мубарака, 14 чэрвеня 2012

Пратэстоўцы спальваюць партрэт кандыдата на прэзыдэнта Ахмэда Шафіка, апошняга прэм'ера ва Ўрадзе Мубарака, 14 чэрвеня 2012

Ісламісцкі рух «Браты-мусульмане» перасьцерагае, што Эгіпет чакаюць «небясьпечныя дні» пасьля таго, як 14 чэрвеня Вярхоўны канстытуцыйны суд краіны аб’явіў нелегітымным новаабраны парлямэнт краіны.

Суд прызнаў неканстытуцыйнымі некаторыя палажэньні закона аб выбарах, на падставе якіх былі абраныя дэпутаты парлямэнту ў аднамандатных акругах.

Як паведамляюць эгіпецкія СМІ са спасылкай на крыніцы ў судзе, цяперашняе рашэньне азначае роспуск парлямэнту і вяртаньне ўлады да вайсковай рады, якая стала кіраваць краінай пасьля скіданьня прэзыдэнта Хосьні Мубарака.

14 чэрвеня Канстытуцыйны суд таксама дазволіў былому прэм’ер-міністру Ахмэду Шафіку ўдзельнічаць у другім туры прэзыдэнцкіх выбараў у Эгіпце, які адбудзецца 16–17 чэрвеня. Суд прызнаў неканстытуцыйным закон, які забараняе балятавацца на дзяржаўныя пасады прадстаўнікам зрынутага рэжыму Мубарака.

Апанэнтам Шафіка ў гэтым туры будзе Махамэд аль-Мурсі, кіраўнік Партыі свабоды і справядлівасьці, створанай нядаўна рухам «Браты-мусульмане».

Морсі заявіў журналістам, што калі на выбарах 16–17 чэрвеня будуць выяўленыя фальшаваньні, гэта можа закончыцца новай «рэвалюцыяй»:

«Калі будзе нейкае махлярства, мы ўжо ведаем, якія будуць наступствы — рэвалюцыя супраць злачынцаў, рэвалюцыя супраць тых, хто ахоўвае злачынцаў. Рэвалюцыя датуль, пакуль мэты рэвалюцыі 25 студзеня 2011 ня будуць поўнасьцю дасягнутыя».

Дзяржсакратар ЗША Гілары Клінтан зьвярнулася з заклікам да вайсковай рады ў Эгіпце, каб яна давяла дэмакратычную трансфармацыю краіны да канца і поўнасьцю перадала свае паўнамоцтвы абраным цывільным уладам краіны.

XS
SM
MD
LG