Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

На будаўнічай пляцоўцы мэблевай фабрыкі, якую ўзводзяць на пляцоўцы № 4 Свабоднай эканамічнай зоны «Магілёў», здарыўся абвал сьцяны. Пра гэта паведамілі працаўнікі арганізацыі, якая ўдзельнічае ў будаўніцтве прадпрыемства. На фабрыцы зьбіраюцца вырабляць карпусную мэблю для дома й адпачынку з калекцыі IKEA.

Са слоў будаўнікоў, абвалілася сьцяна 17 мэтраў удоўжкі і каля дзесяці ў вышыню. Пацярпелых няма. Здарэньне адбылося яшчэ ў мінулыя выходныя падчас навальніцы. Цяпер завал разьбіраюць. Афіцыйных камэнтароў дагэтуль пра здарэньне не было.

На будоўлі фабрыкі працаваў актывіст незалежнага прафсаюзу работнікаў Радыёэлектроннай прамысловасьці, муляр Аляксей Паўлоўскі. Ён пісаў скаргі кіраўніцтву гарвыканкаму. У іх актывіст даводзіў, што пры ўзьвядзеньні сьцен парушаюцца належныя тэхналёгіі.

«З-за ветравых і дынамічных нагрузак сьцены могуць абваліцца ды траўмаваць людзей і пашкодзіць тэхніку. У адказе мне адпісалі, што я ня маю рацыі», — камэнтуе здарэньне Аляксей Паўлоўскі.

Мэблевую фабрыку ў Магілёве будуе замежнае прадпрыемства «ВМГ індустры». У будоўлю ўкладаюцца, сярод іншага, і літоўскія інвэстыцыі.





Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG