Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Патрыманая «іншамарка» можа стаць яшчэ больш недаступнай


Утылізацыйны збор на імпартаваныя аўтамабілі, якім расейскія ўлады плянуюць кампэнсаваць зьніжэньне мыта пасьля ўступленьня ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю, падштурхне рост цэнаў на іншамаркі. У гэтым перакананыя як расейскія аналітыкі, так і замежныя вытворцы аўтамабільнай тэхнікі. Пакуль дакладна невядома, у якой ступені закране навіна Беларусь, якая ўжо пацярпела ад уніфікацыі заканадаўства на расейскі ўзор у выніку далучэньня да Мытнага зьвязу.

Паводле прагнозаў аналітыкаў, папраўкі да фэдэральнага закону могуць быць прынятыя ўжо да канца чэрвеня, а ўтылізацыйны збор на аўтамабілі замежнай вытворчасьці стане рэальнасьцю ўжо гэтай восеньню. Мяркуецца, што ад яго вызваляць толькі мадэлі, сабраныя на заводах у Расеі. Паводле папярэдніх разьлікаў, у залежнасьці ад аб’ёму рухавіка гаворка пра сумы ад 1500 эўра на новыя машыны. На ўжываныя аўто стаўкі будуць мець падвышальны каэфіцыент — прыкладам, на машыну, старэйшую за 5 гадоў, збор будзе стартаваць ад 3000 эўра. Але самае галоўнае, як кажа экспэрт кампаніі «Фінам-мэнэджмэнт» Дзьмітрый Баранаў, — так і незразумела, куды канкрэтна пойдуць выручаныя сродкі:

«Мяркую, што дзяржава яшчэ будзе глядзець, наколькі такі крок сам па сабе выгадны, яшчэ будуць прыкідваць, на колькі ўсё ж можна падняць кошты, каб асабліва не перастарацца. То бок думаю, што абмеркаваньні яшчэ ня скончаныя, хоць бы таму, што ўсё ж яшчэ да канца не распрацаваны дэталёвы мэханізм, не было пакуль яшчэ ніякіх кансультацыяў з вытворцамі і дылерамі. З улікам таго, што ў цэлым гэтае падвышэньне дастаткова сур’ёзнае, — мабыць, самае галоўнае, што пакуль абсалютна незразумела, куды ўсё ж у рэшце рэшт грошы пойдуць».

З улікам таго, што ў цэлым гэтае падвышэньне дастаткова сур’ёзнае, — мабыць, самае галоўнае, што пакуль абсалютна незразумела, куды ўсё ж у рэшце рэшт грошы пойдуць

Апроч розных мадыфікацыяў «Лады», якую перадусім і абараняе ад канкурэнтаў расейскі ўрад, на тэрыторыі Расеі вырабляюцца нямецкія BMW і Volkswagen, францускія Renault і Peugeot, японскія Nissan і Toyota, карэйскія Hyundai і Kia, амэрыканскія Chevrolet і Ford, чэская Škoda. І хоць мадэльны шэраг асыміляваных брэндаў у Расеі прадстаўлены досыць шырока, аднак вытворчасьць замежных легкавікоў абмежаваная, а чарга на іх расьцягваецца ў іншых выпадках на некалькі гадоў. Беларусы хоць і грамадзяне так званай саюзнай дзяржавы, але, як лічаць адмыслоўцы, абслугоўвацца ў такой чарзе будуць толькі пасьля расейцаў. Да таго ж ня кожны аўтааматар хоча набываць менавіта тыя аўто, што прадукуюцца на заводах у Расеі. А вось што да ўвезеных іншамарак, то ўвядзеньне ўтылізацыйнага збору неадкладна прывядзе да росту іх коштаў.

Пакуль невядома, як на пратэкцыянісцкія захады расейскага ўраду адрэагуюць іншыя сябры Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі. Незалежныя экспэрты ў Расеі не выключаюць, што загараджальны збор выкліча незадавальненьне ў іншых краінах — ажно да таго, што такі крок Масквы можа быць апратэставаны праз судовы орган арганізацыі.

Няшмат падставаў да радасьці і ў беларусаў, якія ў рамках Мытнага зьвязу мусяць увесьці аналягічны ўтылізацыйны збор на сваёй тэрыторыі. Варта прыгадаць, што летась сяброўства ў Мытным зьвязе ўжо каштавала Беларусі шматразовага падвышэньня так званага размытненьня, што для многіх зрабіла імпартаваныя аўто папросту недаступнымі. Цяпер — новая пагроза. Між тым, як кажа экспэрт у аўтамабільнай галіне Аляксей Бабайцаў, ёсьць верагоднасьць, што ўлады Беларусі ўсё ж патаргуюцца, каб пазьбегнуць чарговага непапулярнага кроку напярэдадні парлямэнцкіх выбараў:

Дылеры, натуральна, на гэтай хвалі хочуць нешта сьсекчы, спрабуюць выкарыстаць гэты момант як маркетынгавую магчымасьць

«У гэты момант пра нешта з пэўнасьцю казаць цяжка, бо нават у Расеі правілы гульні яшчэ толькі ўсталёўваюцца. Прынамсі, пра нейкія прынятыя рашэньні ў мяне інфармацыі няма. Мяркую, што наўрад ці хто ведае нават пра канкрэтныя тэрміны, калі ўсё гэта ўступае ў сілу ў Расеі — раней казалі пра 1 жніўня, цяпер жа адсылаюць на восень. У любым выпадку з нашага боку ўрад, чыноўнікі мусяць гэта ў нас нейкім чынам перапацьвердзіць. Але, зноў жа, ніякай інфармацыі пакуль няма. Таму поўная няяснасьць, незразумеласьць сытуацыі. Ну, а дылеры, натуральна, на гэтай хвалі хочуць нешта сьсекчы, спрабуюць выкарыстаць гэты момант як маркетынгавую магчымасьць».

Сёньня пэрспэктывы ўтылізацыйнага збору былі абмеркаваныя ў Санкт-Пецярбургу на бізнэс-форуме «Адзіная эканамічная прастора: новыя магчымасьці прамысловага разьвіцьця». Дзяржаўныя мэдыі падаюць, што гэтая тэма ўздымалася падчас сустрэчы прэм’ер-міністраў Беларусі і Казахстану. Праўда, падрабязнасьці перамоваў Міхаіла Мясьніковіча і Карыма Масімава не паведамляюцца. Раней старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэту Беларусі Аляксандар Шпілеўскі асьцярожна прагназаваў, што ў сілу асаблівых стасункаў прынамсі Беларусь такога лёсу можа пазьбегнуць.
XS
SM
MD
LG