Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея праверыць беларускія растваральнікі


Віцэ-прэм’ер Расіі Аркадзь Дварковіч, які курыруе ва ўрадзе пытаньні ТЭК, даручыў профільным ведамствам прааналізаваць сытуацыю з экспартам нафтапрадуктаў зь Беларусі ў трэція краіны.

Пра гэта паведаміў журналістам кіраўнік Мінэнэрга РФ Аляксандар Новак 15 чэрвеня ў Санкт-Пецярбургу, дзе праходзіць бізнэс-форум «Адзіная эканамічная прастора: Новыя магчымасьці прамысловага разьвіцьця».

Паводле ягоных слоў, 13 чэрвеня Дварковіч правёў нараду, па выніках якой Міністэрству прамысловасьці сумесна зь Мінэканамразвіцьця і Мінэнэрга даручана прааналізаваць сытуацыю з пастаўкамі нафтапрадуктаў зь Беларусі.

«Мы маем ускосныя дадзеныя з нагоды павелічэньня аб’ёмаў экспарту менавіта растваральнікаў, таму для таго, каб гэта было пацьверджана, трэба праводзіць працу больш старанна», — цытуе Новака расейскае інфармацыйнае агенцтва Новости.

У адпаведнасьці зь дзейнымі пагадненьнямі Беларусь у абмен на бязмытную нафту і нафтапрадукты абавязаная пералічваць у расейскі бюджэт мыта ад экспарту нафтапрадуктаў за межы Мытнага зьвязу. У мінулым годзе Расеі ў выглядзе нафтавага мыта было пералічана больш за 3 млрд даляраў. Аднак пры экспарце растваральнікаў і разбаўляльнікаў уся выручка застаецца ў Беларусі, мыта ў бюджэт РФ беларускі бок ня плаціць.

6 чэрвеня на прэс-канфэрэнцыі ў Менску пасол РФ Аляксандар Сурыкаў заявіў: расейскі бок зьвярнуў увагу на тое, што імпарт расейскіх нафтапрадуктаў Беларусьсю ў апошнія гады вырас у разы, у тым ліку ў 2012 годзе — у чатыры разы.

Камэнтуючы інфармацыю пра тое, што Беларусь займаецца рээкспартам расейскіх нафтапрадуктаў пад выглядам растваральнікаў і разбаўляльнікаў з мэтай пазьбегнуць выплаты экспартнага мыта ў расейскі бюджэт, Сурыкаў сказаў: «Мы разумеем, што Беларусь імпартуе больш, чым трэба для ўнутранага спажываньня. Заўважылі, што ў справаздачнасьці Мытнага зьвязу зьявіліся растваральнікі і разбаўляльнікі, якія не абкладаюцца мытам. У мінулым годзе іх было два мільёны тон».

Па словах Сурыкава, гэтым пытаньнем займаюцца адпаведныя эканамічныя структуры ў РФ. «Напэўна, яно будзе абмяркоўвацца зь беларускім бокам, каб не было парушэньняў з рээкспартам. Рээкспартаваць можна, але, калі ласка, заплаціце мыта», — падкрэсьліў пасол.

14 чэрвеня старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэту Беларусі Аляксандар Шпілеўскі заявіў журналістам, што ўсе пастаўкі нафтапрадуктаў з краіны адбываюцца ў адпаведнасьці з падпісанымі з Расеяй пагадненьнямі, нагадвае БелаПАН.

«Ніякіх незаконных паставак за мяжу няма і быць ня можа. Афіцыйна заяўляю, што ўсё, што ўваходзіць і выходзіць з краіны, знаходзіцца пад жорсткім кантролем», — сказаў Шпілеўскі, дадаўшы, што «прадстаўнікі расейскага боку, якія знаходзяцца ў Менску, прэтэнзіяў не выказвалі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG