Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падпалкоўнік міліцыі: «Пабачаць людзі, колькі ў Менску міліцыі»


Менская міліцыя правядзе 15 і 16 чэрвеня «беспрэцэдэнтную» прафіляктычную апэрацыю, накіраваную на прадухіленьне супрацьпраўных дзеяньняў, паведаміў агенцтву «Інтэрфаксу» прэсавы сакратар менскай міліцыі Аляксандр Ластоўскі. Увесь асабовы склад менскай міліцыі выйдзе на патруляваньне.


Падпалкоўнік міліцыі: «Пабачаць людзі, колькі ў Менску міліцыі»


Што можа быць прычынай такога масавага мерапрыемства менскай міліцыі — камэнтуе падпалкоўнік міліцыі ў запасе Мікалай Казлоў:

«На сваёй практыцы я нічога падобнага не прыпомню. Былі моманты, калі па раёнах адбываліся такія мерапрыемствы. Але там, дзе сапраўды фіксаваліся злачынствы, напрыклад, рабункі ці нават сэрыйныя рабункі. Выводзілі тады ўзмоцненыя нарады ці болей супрацоўнікаў сьцягвалі ў гэтыя раёны. Але так, каб у маштабах гораду, я не прыпомню. На маю думку, гэта нешта накшталт вучэньняў — 100 працэнтаў асабістага складу выводзяць на вуліцы, праводзяць нейкія заняткі. Ня бачу тут нічога звышнадзвычайнага. Будуць глядзець, дзе пры нагодзе трэба болей людзей, дзе меней. Заплянаваў штаб нейкія маштабныя мерапрыемствы, вось яны іх і праводзяць. Трэба вывесьці — вывелі».

Радыё Свабода: «А навошта ўсю менскую міліцыю гнаць на вуліцы?»

Мікалай Казлоў: «Гэта элемэнт прафіляктыкі, з аднаго боку. А зь іншага боку, пабачаць людзі, колькі ў нас міліцыі ў сталіцы. Камусьці стане страшнавата, а хтосьці ня зьверне ўвагі.

Але выйшла шмат супрацоўнікаў у адзін дзень — значыць, у іншы дзень іх будзе меней. Ёсьць графікі. Людзі ж мусяць адпачыць. У нас жа як: калі ў нас сьвята ў цэнтры гораду, то на ўскраінах можна зьдзяйсьняць злачынствы, зусім не баючыся міліцыі. Бо яе там мінімальна, яны ўсе ў адно месца сьцягнутыя ў цэнтры».

Радыё Свабода: «А ці ёсьць нейкая „норма“ для міліцыянта, які выходзіць на такія акцыі?»

Мікалай Казлоў: «У міліцыі захоўваецца „палкавая сыстэма“. Як такога пляну няма. Але ўсё адно, напрыклад, паказчыкі цяперашняга месяца не павінны быць меншыя за папярэдні. Ёсьць такая бяда. Ня думаю, што ўсім даводзяць, каб склалі па 10 пратаколаў. Але норма „па змаўчаньні“ ёсьць. Калі чалавек выходзіць на службу — патрульна-паставы ці асабліва спэцназ, — то ён мусіць скласьці каля 3 пратаколаў. Калі меней, то лічыцца, што ён ні чарта не рабіў».

Радыё Свабода: «Якую ролю ў такіх акцыях выконваюць «супрацоўнікі ў цывільным»?

Мікалай Казлоў: «Залежыць ад таго, якія перад імі задачы. Пэрыядычна супрацоўнікаў у цывільным выстаўляюць у тых месцах, дзе ажыцьцяўляюцца злачынствы. Напрыклад, крадзяжы з аўтамабіляў. Вось на рынку Ждановічы даволі часта такое бывае.

Але бываюць і іншыя выпадкі, калі супрацоўнікі выходзілі на маўклівыя акцыі. Якраз усё, што раней было скіравана на барацьбу з крыміналам, у нас павярнулі на барацьбу з іншадумцамі. Тое, што раней было нармальным, цяпер успрымаецца як самавольства. Барацьба з крыміналам — гэта адно. Напрыклад, праслухоўваньне тэлефонаў ці схаванае назіраньне — цалкам нармальная праца крымінальнай міліцыі. Але калі гэтыя мэтады прымяняюцца ў дачыненьні да нядобранадзейных, на іхную думку, людзей ці з палітычных матываў, гэта робіцца злачынствам. Бо ў такім выпадку патрэбныя вельмі сур’ёзныя падставы, каб такі комплекс мерапрыемстваў праводзіць. Калі гэтыя „ў цывільным“ выконваюць задачу затрымліваць людзей за тое, што яны выйшлі мірна выявіць сваю пазыцыю, то гэта злачынства, перавышэньне паўнамоцтваў. І зусім іншая сытуацыя, калі гэта ў мэтах барацьбы са злачынствам, з крыміналам, з крадзяжамі, калі трэба не „вызначаць“ супрацоўнікаў міліцыі. Тады гэта апраўдана».

Уся менская міліцыя выйдзе ў патрулі. Навошта?



«Для стабілізацыі апэратыўнай абстаноўкі, кіраўніцтва ГУУС Менгарвыканкама прыняло рашэньне аб правядзеньні поўным складам менскай міліцыі 15 і 16 чэрвеня комплексу беспрэцэдэнтных прафіляктычных мерапрыемстваў. Адназначна можна сказаць — такіх масавых адпрацовак сталіца яшчэ не ведала. Сёньня і заўтра, да 24 гадзін, менская міліцыя ў поўным складзе будзе патруляваць вуліцы на прадмет выяўленьня і спыненьня правапарушэньняў і злачынстваў », — заявіў Ластоўскі.

Супрацоўнікі міліцыі адпрацуюць «вакзалы, аўтастанцыі, прыпынкі транспарту, буйныя гандлёвыя аб’екты, забаўляльныя ўстановы, будуць патруляваць месцы адпачынку, правераць кватэры з рэпутацыяй» прытонаў«, раней судзімых асоб. Выяўленьню і спыненьні фактаў расьпіваньня алькагольных напояў і піва ў грамадзкіх месцах будзе нададзена асаблівая ўвага.

«У гэтай масіраванай адпрацоўцы сталіцы будуць задзейнічаны ўсе сілы менскай міліцыі: ГУУС, РУУС, Дзяржаўтаінспэкцыі, палкоў патрульна-паставой службы, а таксама ваеннаслужачыя вайсковых частак 5448 і 3310», — паведаміў Ластоўскі.

Прычым службу несьці міліцыянты будуць як у форме, так і ў цывільным, будзе задзейнічаны і ўвесь спэцтранспарт сталічнага міліцэйскага гарнізону.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG