Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абама прадоўжыў санкцыі супраць беларускіх чыноўнікаў


Прэзыдэнт ЗША Барак Абама прадоўжыў санкцыі супраць беларускіх чыноўнікаў, якія былі ўведзеныя ЗША летам 2006 году.

Пра гэта паведамляе ліст Абамы Кангрэсу, які зьмяшчае афіцыйны сайт амэрыканскага прэзыдэнта.

У лісьце Абама сьцьвярджае, сярод іншага:

«У 2011 годзе ўрад Беларусі працягваў перасьледаваць палітычную апазыцыю, грамадзянскую супольнасьць і незалежныя СМІ. Улады адвольна арыштоўвалі, затрымлівалі і заключалі ў турмы грамадзянаў за крытыку службовых асобаў ці за ўдзел у дэманстрацыях, зьняволілі прынамсі аднаго абаронцу правоў чалавека па сфальшаваным абвінавачаньні, і перашкаджалі ў працы незалежных СМІ. Гэтыя дзеяньні сьведчаць пра тое, што беларускія ўлады зрабілі некалькі крокаў назад, што тычыцца дэмакратычнага кіраваньня і пашаны правоў чалавека.

Дзеяньні і палітыка прадстаўнікоў беларускіх уладаў і іншых асобаў, якія падрываюць дэмакратычныя працэсы і інстытуты, парушаюць правы чалавека праз палітычныя рэпрэсіі і падтрымліваюць карупцыю, па-ранейшаму ўяўляюць незвычайную і надзвычайную пагрозу для нацыянальнай бясьпекі і зьнешняй палітыкі Злучаных Штатаў. З гэтай прычыны я вырашыў, што неабходна прадоўжыць меры нацыянальнай бясьпекі, каб супрацьдзейнічаць гэтай пагрозе, ды захады, зьвязаныя з блякаваньнем уласнасьці пэўных асобаў».

Нагадаем, што 16 чэрвеня 2006 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джордж Буш распарадзіўся заблякаваць уласнасьць і актывы 10 прадстаўнікоў кіраўніцтва Беларусі: Аляксандра Лукашэнкі, Віктара Лукашэнкі, Лідзіі Ярмошынай, Віктара Галаванава, Віктара Шэймана, Дзьмітрыя Паўлічэнкі, Сьцяпана Сухарэнкі, Аляксандра Зімоўскага, Уладзіміра Навумава, Натальлі Пяткевіч.
XS
SM
MD
LG