Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Польшча хоча пазбавіць Сяргея Марцалева віду на жыхарства


Сяргей Марцалеў, суд за Плошчу

Сяргей Марцалеў, суд за Плошчу

Польскія ўлады распачалі працэдуру пазбаўленьня віду на сталае жыхарства былога кіраўніка перадвыбарчага штабу Міколы Статкевіча Сяргея Марцалева. Малады палітык атрымаў такое права яшчэ ў 2007 годзе і дзівіцца: за што яго хочуць пакараць? Ці не за тое, што пасьля адбыцьця амаль 5 месяцаў у СІЗА КДБ Сяргей Марцалеў быў пакараны беларускім судом на 2 гады пазбаўленьня волі ўмоўна.

Вось што Сяргей Марцалеў сказаў Радыё Свабода:

«Працэс пазбаўленьня мяне віду на жыхарства яшчэ не завершаны, ён працягваецца. Але фармальна ў мяне амаль не засталося часу. Зараз я прызначаю ўпаўнаважанага, паколькі сам, будучы ўмоўна асуджаны, выехаць не магу. Буду пісаць апэляцыю да вышэйшых інстанцыяў, а потым падам у суд.

Мне здаецца, што з боку Польшчы гэта не зусім сумленна. Пасьля таго, што адбылося ў Беларусі, я быццам атрымліваю ўдар нажом у сьпіну. Бо потым не змагу выехаць у Эўразьвяз, нікуды. Мне проста потым не дадуць візы, калі зараз пазбавяць віду на жыхарства. Гэта будзе воўчы білет.

Мне здаецца, што з боку Польшчы гэта не зусім сумленна. Пасьля таго, што адбылося ў Беларусі, я быццам атрымліваю ўдар нажом у сьпіну

Але мне зусім незразумелыя і падставы такога рашэньня, што мяне пазбаўляюць віду на жыхарства. Чаму? Пакуль у мяне ня будзе ўпаўнаважанага, я не змагу ягонымі вачыма зазірнуць у тую тэчку — што ж яны прыдумалі? Хаця, быў бы чалавек, а артыкул знойдзецца. На жаль, гэтае правіла дзейнічае, відаць, як у Беларусі, гэтак і ў Польшчы.

Аб’ектыўных прычын асабіста я ня бачу. У паперы, на якую яны спасылаюцца, няма падрабязнасьцяў. Напісана, што на падставе артыкула 68 закону аб замежніках Рэспублікі Польшча ад 13 чэрвеня. Больш інспэктар праз тэлефон мне ніякай інфармацыі не паведаміла. Сказала толькі, што мой упаўнаважаны гэта зможа паглядзець і я змагу даць тлумачэньне.

Пра сябе я ведаю, што закону аб атрыманьні віду на жыхарства не парушаў. Урэшце, з таго часу прайшло 5 гадоў. Каб пасьля гэтага нехта раптам выцягнуў з архіву маю справу і пачаў пазбаўляць мяне права на жыхарства — дзеля гэтага павінны быць нейкія асаблівыя падставы. Хутчэй за ўсё, гэта нашыя любімыя спэцслужбы, якія як тут, гэтак і там дзьмуць на ваду, каб на малацэ не апячыся».

Падчас прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі 2010 году Сяргей Марцалеў кіраваў перадвыбарчым штабам Міколы Статкевіча. 23 сьнежня быў зьняты зь цягніка, на якім ехаў у Варшаву. Спачатку абвінавачваўся ў арганізацыі масавых беспарадкаў. Асуджаны судом Заводзкага раёну Менску на 2 гады пазбаўленьня волі ўмоўна за арганізацыю дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG