Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад 7 чэрвеня па 2 ліпеня ў цэнтры Кіева, паміж Майданам Незалежнасьці і Храшчацікам, разгарнулася футбольная fan-village. Гэта прыносіць вялікія нязручнасьці ўсім, хто жыве і працуе паблізу. Тыя ж, хто прыяжджае сюды адмыслова, каб падтрымаць улюбёных спартоўцаў або проста далучыцца да атмасфэры «Эўра-2012», ловяць тут адмысловы кайф. Паводле арганізатараў, за тыдзень існаваньня гарадку яго наведалі звыш 150 тысяч чалавек, за гэтыя дні фанаты зьелі больш за два кілямэтры сасісак і выпілі больш за цыстэрну піва. Інцыдэнтаў з бойкамі заўважана не было.

Колькі каштуе баявая расфарбоўка?

Сваю «баявую расфарбоўку» на твары Максім і Павал зрабілі проста на кіеўскім цэнтральным аўтавакзале, куды прыехалі з Адэсы. У мэтро яны разам зь іншымі сябрамі-заўзятарамі трапілі ўжо «пры поўным парадзе». Вялікая група адэскіх студэнтаў у дзень самай першай гульні нацыянальнай украінскай зборнай на «Эўра-2012» прыбыла ў сталіцу міжгародняй маршруткай. Гэты транспарт падчас чэмпіянату нават у 30-градусную сьпёку ходзіць у Кіеў сама рэдка штогадзіны, прычым напханы пад завязку. Мэта Ўладзіслава і Паўла — паглядзець гульню не на стадыёне, а з тэлеэкрана ў кіеўскай фан-зоне.

Вядома, паназіраць за гульнямі падчас «Эўра» можна і ў любой кавярні Адэсы ці якога іншага ўкраінскага гораду. На час чэмпіянату ўсе яны таксама ператвараюцца ў свайго кшталту фан-зону. Аднак у Кіеве ў гэтыя дні адмысловая энэргетыка, лічаць адэскія хлопцы.

Гаворачы пра фарбу, якою размаляваныя іхнія твары, Максім і Павал з гонарам кажуць, што яе склад — вынаходка іхнага сябра, таксама адэскага студэнта-хіміка. Па-першае, яна экалягічная, па-другое — ня трэскаецца на скуры, а па-трэцяе — трымаецца значна даўжэй, чым тая, якой фарбуюць кіеўскія стылісты ў адмысловых намётах на Майдане. Там намаляваць толькі адзін маленькі сьцяжок на твары каштуе сама меней 10 грыўняў, а на іншых частках цела кошты цягнуць і пад сотню.

Гэта правільна, што кіраўнікі эўрапейскіх дзяржаваў праігнаравалі „Эўра“, каб элемэнтарна не вітаць Януковіча

«Жоўтая і блакітная фарбы сёньня самыя папулярныя, — дадае Максім. — Гэта ня толькі ўкраінскія колеры, але і швэдзкія».

Швэдзкая заўзятарская суполка ў кіеўскай фан-зоне лічыцца адной з самых актыўных, згуртаваных і арганізаваных. Да таго ж яна самая вялікая з замежных.

У швэдзкіх фанатаў свае песенькі, у якіх раз-пораз чуваць імя іхнага ўлюбёнца Златана Ібрагімавіча. Калі швэды крочаць па Храшчаціку, то нярэдка ладзяць свайго роду пераклічку з заўзятарамі-суачыньнікамі, якія сядзяць у бліжэйшых кавяраньках.

«Але хіба ўкраінцы ня здольныя перапець іх? У нас ёсьць свае „Ще не вмерла Україна“ ды „Гей, наливайте повнії чари“, якія падхопіць кожны ўкраінец», — кажуць хлопцы.

«Футбол — тое сьвята, якое здольнае аб’яднаць многіх у гэты няпросты час», — кажуць маладыя адэсіты. Паводле Паўла і Максіма, за час пасьля апошніх выбараў жыцьцё ў іх родным горадзе, як і па ўсёй Украіне, зьмянілася ў горшы бок. Знайсьці працу вельмі няпроста. Многія раўналеткі хлопцаў — каму 20–24 гады — мусяць цяпер зьяжджаць з Украіны, бо ня маюць на радзіме пэрспэктываў. Падчас выбараў хлопцы галасавалі за Цімашэнку, бо не было альтэрнатывы. З гэтай жа прычыны іхныя бацькі галасавалі супраць яе — за Януковіча. Сёньня большасьць з тых, хто галасаваў супраць Цімашэнкі, шкадуюць, што зрабілі такі выбар.

«Гэта правільна, што кіраўнікі эўрапейскіх дзяржаваў праігнаравалі „Эўра“, каб элемэнтарна не вітаць Януковіча», — кажуць заўзятары з Адэсы.



Намёты з чырвонымі сэрцайкамі

...Побач з шматлікімі намётамі з сувэнірамі, напоямі, ежай відаць і іншыя намёты, з чырвоным сэрцайкам ды партрэтам колішняга экс-прэм’ера Юліі Цімашэнкі. Юліны партрэты з рознымі надпісамі яе прыхільнікаў — на своеасаблівай палатнянай агароджы «Не — палітычным рэпрэсіям!»

Гэтыя намёты на Храшчаціку паўсталі з ініцыятывы прыхільнікаў Цімашэнкі 11 месяцаў таму, калі яе арыштавалі.

«Пакуль Юлю ня выпусьцяць, мы адсюль ня сыдзем», — кажа прадстаўнік партыі «Батьківщина», адзін зь лідэраў жытомірскай рэгіянальнай арганізацыі Валянцін Юрчанка. На Храшчаціку ён ад самога пачатку акцыі. Далучыцца да яго часта прыяжджаюць у Кіеў і сямейнікі — жонка ды дачка. Сёньня яны наклеілі на «агароджу» штосьці кшталту чарговага «лістка календара» — «315-ы дзень» (маецца на ўвазе — з дня затрыманьня Цімашэнкі).

Мы нашай Юлі будзем трымацца. Пакуль яна ня выйдзе, мы будзем заставацца на гэтым месцы. Думаю, што пасьля „Эўра“ народ падымецца і скіне гэтую ўладу

Валянцін Юрчанка распавядае, што падчас «Эўра» шмат хто з замежных гасьцей падыходзіць да намётаў і пытаецца пра лёс Цімашэнкі. Кажуць, што ня ведалі і проста ня верылі, што ва Ўкраіне можа рабіцца такое.

«Мы заплянавалі акцыю — падыйсьці да стадыёна з футболкамі, на якіх Юліна выява. Наша мэта — сказаць, што палітвязьні сядзяць у турме. Дагэтуль украінскія ўлады ніяк не рэагуюць ні на нашы патрабаваньні, ні на ўльтыматумы Захаду, — кажа суразмоўца. — Вы ж бачыце, што многія заходнія лідэры прабайкатавалі ня толькі „Эўра“, але і папярэдні саміт у Ялце. 12 прэзыдэнтаў прабайкатавалі. Аднак Кіеў пакуль так і не прарэагаваў. Але, думаю, хай пройдзе чэмпіянат — спорт ёсьць спорт — а пасьля яго хай міжнародныя арганізацыі яшчэ паціснуць на ўладу, паблякуюць яе рахункі».

Валянцін Юрчанка лічыць пазытыўным, што чэмпіянат усё ж праходзіць ва Ўкраіне:

«Я — за яго. Хай ён праходзіць. А мы нашай Юлі будзем трымацца. Пакуль яна ня выйдзе, мы будзем заставацца на гэтым месцы. Думаю, што пасьля „Эўра“ народ падымецца і скіне гэтую ўладу».

На пытаньне, як ён ставіцца да таго, што ЧС-2014 па хакеі вырашана праводзіць у Менску, нягледзячы на супрацьстаяньне праваабаронцаў, міжнароднай грамадзкасьці, суразмовец «Свабоды» адказвае:

«Лічу, што чэмпіянат па хакеі ў Менску трэба рабіць. Адрозна ад Украіны, у Беларусі яшчэ сырая дэмакратыя. Лукашэнку падтрымала шмат людзей. У вас многія запалоханыя, баяцца яго. А таму ў вас усё наперадзе. Чэмпіянат, як і кожнае сьвята, здольны аб’ядноўваць. Асабліва калі ўдала гуляе зборная. Такой цудоўнай атмасфэры, з такой колькасьцю шчасьлівых твараў на квадратны мэтар у Кіеве не было даўно!»

Што такое кіеўская фан-зона:

  • Плошча — 51 тыс. кв.м
  • Плошча ўстаноў грамадзкага харчаваньня — 1800 кв.м
  • Колькасьць мабільных прыбіральняў — 200 (плюс 10 дадатковых для інвалідаў)
  • Памеры тэлеэкранаў: галоўны — 144 кв.м, іншыя — 80 кв. м
  • Правілы: На тэрыторыі фан-зоны забаронена прадаваць алькагольныя напоі і цыгарэты. Выключэньне — піва ў плястыкавай тары.

Ад серады 13 чэрвеня кіеўская фан-зона афіцыйна адкрытая да 2-й раніцы, а не да 12-й ночы, як было дагэтуль.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG