Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Рашэньне аб правядзеньні Эўра-2012 ва Ўкраіне і Польшчы было палітычным»


Эўрадэпутаты Рэбэка Хармс і Вэрнэр Шульц.

Эўрадэпутаты Рэбэка Хармс і Вэрнэр Шульц.

Пра гэта журналістам заявіла адна з кіраўнікоў Партыі зялёных у Эўрапарлямэнце Рэбэка Хармс, якая наведала ў шпіталі былую прэм’ерку Ўкраіны Юлію Цімашэнку.

«Рашэньне аб прадстаўленьні магчымасьці Польшчы і Ўкраіне праводзіць чэмпіянат Эўропы па футболе было палітычным рашэньнем. Яно павінна было дапамагчы Ўкраіне на шляху да дэмакратыі і Эўрапейскага Зьвязу», — сказала Хармс.

«Я хачу зьвярнуцца ня толькі да эўрапейскіх міністраў, але і да ўсіх палітыкаў ЭЗ, прынцаў і каралёў: недастаткова толькі байкоту чэмпіянату Эўропы па футболе, мы павінны узяць на сябе частку адказнасьці за дэмакратычнае разьвіцьцё Ўкраіны», — дадала эўрадэпутатка.

Рэбэка Хармс распавяла, што падчас сустрэчы з Цімашэнкай яна, а таксама яе калега, эўрадэпутат Вэрнэр Шульц, абмяркоўвалі пераважна пытаньні выбараў. «Я ўбачыла хворую жанчыну, якая, нягледзячы на пакуты, сыстэматычна працягвае разьвіваць сваю палітычную сілу. Пасьля гэтай размовы мяне больш не зьдзіўляе, чаму Віктар Януковіч і ўсе астатнія ўспрымаюць гэтую маленькую жанчыну так сур’ёзна», — адзначыла Хармс.

Эўрадэпутат Вернэр Шульц, камэнтуючы журналістам зьняволеньне Юліі Цімашэнкі, адзначыў: «Мы ня можам рэалізаваць Зону свабоднага гандлю, калі ва Ўкраіне ня будзе палітычных свабодаў і свабоды апазыцыі».
XS
SM
MD
LG