Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хочаш выжыць — зьбірай бутэлькі і шампіньёны


У Гомелі дзясяткі гараджанаў штодня шукаюць сабе ежу ля рынкаў і сьметніц. Іншыя зьбіраюць пустыя бутэлькі, мэталалом, кардонныя скрынкі, каб здаць у нарыхтоўчыя пункты й зарабіць капейчыну на пражытак.

37-гадовы спадар Вячаслаў бадзяецца разам з 22-гадовай Аленай. Вячаслаў ня так даўно вярнуўся з папраўчай калёніі, ходзіць пэрыядычна адзначацца ў аддзел унутраных спраў і дужа чакае прэзыдэнцкай амністыі, каб падчыстую разьвязацца зь міліцыяй.

Алена — выхаванка інтэрнату, беспрацоўная швачка са слабым зрокам: «Мяне з маім зрокам нікуды не бяруць. У мяне зрок вельмі кепскі. У мяне — мінус пяць з паловаю. Вельмі кепскі зрок».

Алена й Вячаслаў жывуць, дакладней — начуюць, у Цэнтральным раёне ў выселеным доме, які неўзабаве зьнясуць. Сёньня ім пашчасьціла паабедаць ля кухні абласнога дзіцячага шпіталя.

Алена: «Тое, што дзеці не даядаюць, нам аддаюць. Выносяць. Пераліваюць у слоік і боршч, і макарону, ці яшчэ што. Першую страву й другую, калі, вядома, застаецца».



На рынку бадзягам часам перападае сьвежы гурок, памідорына. Зімой можна падсілкавацца ў прытулку міласэрнасьці сясьцёр Маці Тэрэзы пры каталіцкай парафіі. Але найчасьцей даводзіцца зарабляць на харчаваньне шляхам збору пустых бутэлек, мэталалому, кардону.

Вячаслаў: «Бутэлькі й жалеза зьбіраем. Жалеза — 1700 рублёў за кіляграм. Бутэлькі — па 500, а іншыя й па 900 рублёў. Гледзячы, які дзень: выходзіць тысяч 50–60».

Улетку гарадзкія бадзягі цягнуцца да ракі Сож. Тут можна і апаласнуцца ад пастаяннай бегатні за хлебам надзённым, і бульбы згатаваць на вогнішчы:

Вячаслаў: «Ну, вось, спускаемся ўніз да Сажа й гатуем на камянях, на вогнішчы. Летам лепей».

Да падпрацовак на макулятуры й шклатары зьвяртаюцца ня толькі гарадзкія бадзягі, але й пэнсіянэры (здымак 3 + відэа). Спадарыня Ірына кажа, што цяжка выжываць на пэнсію. А яшчэ ўнукам трэба дапамагчы. Таму й цягае яна на самаробным вазку ўсякую ўсячыну на пункт другаснай сыравіны, каб зарабіць капейчыну:

«На гэтую пэнсію хіба пражывеш?! Калі б я адна была, то неяк, можа, пражыла б, не цягала б вазок. А ў мяне ж і ўнукі. Самай маленькай — годзік. А іх пяць штук. У Насьцёны, старэйшай, выпускны быў. Ёй і сукенка трэба, і туфлі. А ўсё гэта, ведаеце, не рубель і ня два каштуе».

На дадатак да макулятуры й рызьзя пэнсіянэрка зьбірае на газоне пры вуліцы нешта падобнае да маленькіх белых балёнікаў:

«А вось шампіньёны зьбіраю. Марынаваць такія маленькія найлепей. Калі яны большыя растуць, дык чарвівыя і нікудышныя. А вось такія — раз! Слоік намарыную — і на Новы год А ў мяне на Новы год — дзень народзінаў».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG