Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі чакаюць паступленьня чарговага транша крэдыту Антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС у 440 мільёнаў даляраў у бліжэйшы час.

«Мы выконваем усе ўмовы. На тым тыдні вызначыліся. Думаю, бліжэйшым часам ён прыйдзе», — заявіў журналістам у чацьвер у Менску міністар эканомікі Беларусі Мікалай Снапкоў.

Між тым міністар адзначыў: «Не сказаў бы, што ён прынцыповы для нас». Паводле словаў Мікалая Снапкова, беларуская эканоміка «трохі выраўнялася, збалянсавалася». «Самае галоўнае — у нас экспартныя патокі перавышаюць імпартныя, а сальда станоўчае... Але як грошы — гэта не настолькі прынцыпова», — падкрэсьліў міністар.

Калі грошы — не настолькі прынцыпова, то навошта браць чарговы крэдыт? Экс-старшыня Нацыянальнага банку, прафэсар Станіслаў Багданкевіч на гэтае пытаньне адказаў так:

Станіслаў Багданкевіч

Станіслаў Багданкевіч

«Нават пры збалянсаванасьці зьнешняга гандлю, экспарту зь імпартам нам патрэбны грошы для таго, каб разьлічыцца са зьнешнімі пазыкамі. На жаль, я ня ведаю дакладнага графіку пагашэньня ўжо ўзятых крэдытаў. Але пагашаць павінен і Нацыянальны банк — сваю долю, і ўрад — сваю долю. Вялікія кароткатэрміновыя крэдыты былі ў камэрцыйных банкаў Беларусі, якія таксама трэба пагашаць».

Эканаміст Міхал Залескі таксама кажа, што новыя крэдыты патрэбныя, каб аддаваць ужо ўзятыя пазыкі:

Міхась Залескі

Міхась Залескі

«У нас жа прапаганда сьцьвярджае, што 20 гадоў ідзе няспынны росквіт. Чаму гаворка ідзе пра ўратаваньне эканомікі пасьля 20 гадоў няспыннага росту? Гаворка павінна ісьці не пра ўратаваньне. Мы павінны ўжо самі пазычаць рускім ці каму яшчэ — на беднасьць. А тут — грошай не хапае. Нешта ня тое. Мы проста заблыталіся ў хлусьні, уся краіна. Пазычаем і пазычаем, бо грошай насамрэч няма, нягледзячы на тытанічныя посьпехі нашы».

Закранаючы тэму наступнага выдзяленьня траншу для Беларусі, міністар эканомікі Мікалай Снапкоў заўважыў, што перамовы ідуць пэрманэнтна: «Гэта пастаянная праца».
XS
SM
MD
LG