Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сурыкаў рыхтуе Беларусь да праблемаў


Пасол Расеі ў Беларусі Аляксандар Сурыкаў выказаўся за аднаўленьне перамоваў па ўвядзеньні Беларусьсю і Расеяй адзінай валюты і па Канстытуцыйным акце саюзнай дзяржавы.

Беларускія палітыкі лічаць: гэтыя заявы — прыкмета таго, што афіцыйнаму Менску трэба рыхтавацца да павялічэньня ціску з боку Масквы і зьмяншэньня расейскай матэрыяльнай дапамогі.

Намесьнік старшыні руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч лічыць, што заявы расейскага амбасадара найперш мелі на мэце высьветліць стаўленьне беларускай улады і грамадзтва да выказаных тэзісаў.

Юрась Губарэвіч
Юрась Губарэвіч
«Я думаю, адной з прычынаў такіх заяваў можа быць невыкананьне Лукашэнкам тых абавязкаў, якія ён узяў на сябе падчас сустрэчы з Пуціным. Падобныя заявы Сурыкава гучаць не ўпершыню. І мэтай іх можа быць прамацваньне настрояў у беларускім грамадзтве, а таксама спроба выклікаць пэўную рэакцыю беларускага кіраўніцтва. Калі б такія словы прагучалі з вуснаў кіраўніцтва Расеі, то дзейная ўлада вымушаная была б рэагаваць афіцыйна. А так па камэнтарах прыўладных палітолягаў, па камэнтарах незалежнага грамадзтва расейскі бок можа атрымаць ацэнку, наколькі Беларусь гатовая адгукнуцца на такія ініцыятывы».

Расейскі палітычны экспэрт Вадзім Дубноў, спэцыяліст па адносінах Расеі з краінамі СНД, лічыць, што на самой справе Крамлю на дадзены момант не патрэбныя ані супольная валюта, ані Канстытуцыйны акт.

«Гэта проста нейкая даволі няўклюднае традыцыйнае прапагандысцкае прыкрыцьцё таго, што Расея хацела б атрымаць з пункту гледжаньня прыватызацыі і ўласнасьці ў Беларусі. У Расеі зараз ацэньваюць момант, які перажывае Беларусь, як вельмі плённы, каб нешта атрымаць. Але, я думаю, гэта соты віток адной і той самай сьпіралі. Я думаю, што хвалістыя адносіны Лукашэнкі з Захадам нейкім чынам зноў прыйдуць у стабільны стан, і ўсё вернецца да таго ж дужаньня з Расеяй, якое мы назіралі раней».

Беларуская апазыцыйная партыя левых «Справядлівы сьвет» традыцыйна даволі прыхільна ставіцца да беларуска-расейскай інтэграцыі. Але гэтым разам, лічыць лідэр партыі Сяргей Калякін, Масква разумее, што супольная валюта і Канстытуцыйны акт пры Лукашэнку немагчымыя.

Сяргей Калякін
Сяргей Калякін
«На маю думку, гэта мяккі намёк беларускім уладам, што ім трэба нешта рабіць у эканоміцы. Сурыкаў фактычна сказаў, што не за гарамі чарговы фінансавы крызіс у Беларусі, нягледзячы на ўсю дапамогу, якую атрымлівае Беларусь. І сказана, што Расея наўрад ці і надалей будзе падтрымліваць Лукашэнку цалкам бязвыплатна, бяз крокаў Менску ў адказ. Названы гэтыя крокі — Канстытуцыйны акт і агульная валюта. Але, я думаю, Масква выдатна разумее, што пры Лукашэнку гэта немагчыма і гэтага ня будзе.

Таму заява Сурыкава — гэта падрыхтоўка да тых вельмі складаных праблемаў, якія найбліжэйшым часам могуць узьнікнуць паміж Расеяй і Беларусьсю. Цана на нафту ўпала, і Расея вымушаная будзе эканоміць. І Беларусі трэба рыхтавацца да таго, што залаты дождж з Масквы скончыцца».
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG