Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Распаўсюджаная ў інтэрнэце інфармацыя пра загад начальніка ўпраўленьня культуры Гарадзенскага аблвыканкаму Аляксандра Вярсоцкага «аб канкрэтных мерах па недапушчэньні прымусовай беларусізацыі» не пацьвердзілася, але беларускай мовы ў гарадах і вёсках Гарадзеншчыны амаль не чуваць.

Днямі ў інтэрнэце зьявілася інфармацыя пра тое, што начальнік упраўленьня культуры Гарадзенскага аблвыканкаму Аляксандар Вярсоцкі разаслаў у раённыя аддзелы культуры адмысловае даручэньне.

У ім, паводле публікацыяў, гаворыцца наступнае: «Прыняць канкрэтныя меры па недапушчэньні правядзеньня кіраўнікамі дзяржаўных устаноў, іншых арганізацый палітыкі прымусовай беларусізацыі і штучнага скарачэньня выкарыстаньня расейскай мовы ў іх дзейнасьці».

Спраўдзіць інфармацыю ў самога Вярсоцкага не ўдалося, бо ён у камандзіроўцы. Ягоная сакратарка зьдзівілася, калі я зацытаваў загад.

Спадарыня: «Першы раз чую пра такі загад і нават не магу вам яго пацьвердзіць».

А вось у раённых аддзелах культуры супрацоўнікі катэгарычна сьцьвярджалі, што не атрымлівалі такога загаду ад Вярсоцкага, і аднадушна казалі, што ў іхніх аддзелах беларуская мова выкарыстоўваецца даволі актыўна.

Галоўны спэцыяліст Ашмяскага аддзелу культуры Валянціна Шаблінская распавядае, што ў іх амаль у 90% выпадкаў у справаводзтве і пры правядзеньні розных мерапрыемстваў выкарыстоўваецца беларуская мова.

Шаблінская: «Я думаю, што гэта няпраўда, і наагул першы раз пра такое чую, бо ўсе паперы праходзяць празь мяне — такога загаду не было і блізка. Наш начальнік упраўленьня культуры размаўляе на беларускай мове чыста-чыста, нават у хаце гаворыць. Я ведаю, бо ён сам з Ашмянскага раёну родам».

Загадчыца аддзелу культуры Слонімскага райвыканкаму Сьвятлана Раманюк таксама зьняпраўджвае апублікаваную інфармацыю.

Раманюк: «Нармальна ў нас выкарыстоўваецца беларуская мова. Пішам усе загады на беларускай мове, гаворым па-беларуску, усе выніковыя справаздачы я раблю па-беларуску. Падтрымліваем родную мову і праводзім розныя традыцыйныя мерапрыемствы на беларускай мове. Мы павінны зьберагаць беларускую мову, бо хто гэта зробіць, як ня мы, работнікі культуры?»

А вось што сказала мне пра стан беларускай мовы старэйшы спэцыяліст аддзелу культуры Карэліцкага райвыканкаму спадарыня Валянціна.

Спадарыня: «Каб сказаць, што ў нас паўсюль толькі беларуская мова, то гэта ня так, я ілгаць ня буду. Але ў нас болей за 70% справаводзтва вядзецца па-беларуску. Я сама гэтым займаюся».

Тым ня менш ніводзін са спэцыялістаў аддзелаў культуры ня змог адказаць на маё пытаньне — чаму беларускае мовы не чуваць на вуліцы? У лепшым выпадку адгаворваліся тым, што ў нас яна ёсьць і мы на ёй гаворым.

Сяргей Чыгрын

Сяргей Чыгрын

Пісьменьнік са Слоніма Сяргей Чыгрын, разважаючы пра сытуацыю, казаў, што таксама ня бачыў такога загаду з упраўленьня культуры аблвыканкаму. Паводле яго, у нас уся сыстэма зараз трымаецца толькі на самых розных загадах і справаздачах. Але яго болей турбуе рэальны стан рэчаў зь беларускай мовай.

Чыгрын: «Калі раней мы маглі хваліцца, і той самы міністар культуры Павал Латушка кажа, што большасьць культурных мерапрыемстваў у краіне праводзіцца па-беларуску, то гэта ня так, зь ім можна паспрачацца. Апошнім часам расейская мова пераважае паўсюль, і гэта вельмі крыўдна для нас».
XS
SM
MD
LG