Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРААН пагражае судом распаўсюднікам вэрсіі фільма «Вышэй за неба»


Амаль паўгода ня могуць знайсьці шляхі да замірэньня творчая група і замоўнік першага беларускага моладзевага тэлесэрыялу «Вышэй за неба».

Аўтар сцэнару Андрэй Курэйчык і рэжысэр Дзьмітрый Марынін падазраюць Праграму разьвіцьця ААН, на чые грошы зьняты 8-сэрыйны фільм, у цэнзураваньні канчатковага прадукту і просяць дазволу на самастойнае жыцьцё «ўратаванай ад цэнзуры» аднайменнай поўнамэтражнай стужкі. У сваю чаргу, спонсары абвінавачваюць аўтараў у незаконным выкарыстаньні матэрыялу і пагражаюць судовым разборам.

Пра завяршэньне здымкаў «Вышэй за неба» — першага сэрыялу, адрасаванага беларускай моладзі, — было абвешчана яшчэ на пачатку году. Аднак неапраўданае зацягваньне з паказам карціны вымусіла сцэнарыста Андрэя Курэйчыка публічна заявіць, што фільм не адпавядае дзяржаўнай ідэалёгіі, бо паказвае непажаданыя для ўладаў праблемныя бакі моладзевага жыцьця. Да таго ж у стужцы фігуруюць музыкі з «чорнага сьпісу», уздымаецца праблема правоў чалавека. Курэйчык перакананы, што гатовы матэрыял не прайшоў цэнзуру як мясцовых чыноўнікаў, так і чыноўнікаў ААН:

Андрэй Курэйчык

Андрэй Курэйчык

«Яны пайшлі на канфлікт таму, што ў іх папросту няма іншага выйсьця. Па сутнасьці, яны сказалі: нам пляваць, мы на канфрантацыю з урадамі не ідзем. То бок яны вымушаныя супрацоўнічаць з тымі ўладамі, якія ёсьць: Паўночная гэта Карэя — дык Паўночная, Беларусь — значыць, Беларусь. Зразумелая рэч, што для іх меркаваньне чыноўніка нейкай дзяржавы нашмат важнейшае, чым меркаваньне даўбанутага драматурга. Гэта цалкам відавочна, я іншага і не чакаў. А паколькі я заўсёды чакаю горшага ад людзей, то, як мне здаецца, нейкім цудам усе ж здолеў выратаваць гэты асколак. Цяпер галоўнае, каб фільм дайшоў да гледача. Я разумею, што ёсьць розныя спосабы гэта зрабіць, але адзіны мінус, што некаторыя зь іх ня вельмі легальныя».

Паколькі мантажом тэлесэрыялу займаюцца адмыслова нанятыя спэцыялісты, творчая каманда, якую ад зьвядзеньня фінішнай вэрсіі адхілілі, заявіла, што стварыла поўнамэтражны аналяг «Вышэй за неба». Спачатку ў сацыяльных сетках зьявіўся трэйлер стужкі, а 8 чэрвеня невядомыя выклалі ў сеціве працоўную вэрсію. Але, як сьцьвярджае Андрэй Курэйчык, ён асабіста і аўтарская група да гэтага ня маюць ніякага дачыненьня. Тым ня меней драматург працягвае паўтараць, што гатовы паказаць гледачам поўнамэтражны фільм, аднак ня можа атрымаць на гэта дазвол ад замоўніка сэрыялу — Праграмы разьвіцьця ААН.

Скандал вакол сэрыялу вымусіў замоўніка рэагаваць на апошнія падзеі. У сераду быў наладжаны прэс-паказ першай сэрыі стужкі, пасьля чаго намесьнік кіраўніка прадстаўніцтва ААН/ПРААН у Беларусі Фарыд Караханаў заявіў: у выпадку паглыбленьня канфлікту прадстаўніцтва будзе вымушанае зьвярнуцца ў юрыдычны аддзел штаб-кватэры ПРААН у Нью-Ёрку з просьбай ініцыяваць міжнародны арбітражны працэс. Па яго словах, распаўсюджаны ў інтэрнэце поўнамэтражны фільм створаны на аснове «незаконна прысвоеных матэрыялаў і не адпавядае зацьверджанаму сцэнару». Сцэнарысту Андрэю Курэйчыку і рэжысэру Дзьмітрыю Марыніну накіраваныя папярэджаньні адносна санкцыяў, якія могуць наступіць за парушэньне кантракту.

Да таго ж, як удакладняе куратар творчага праекту ў Прадстаўніцтве ААН у Беларусі Марыя Маліноўская, за перацягваньнем коўдры аўтары забыліся пра галоўную мэту — прыцягнуць увагу моладзі да праблемы ВІЧ/СНІД:

«Мы рыхтуем пэўны прадукт. Бо, прабачце, за гэтымі скандаламі пра людзей
Я калі ўпершыню пабачыла ролік, выкладзены ў „Фэйсбуку“, дык там увогуле ні слова пра ВІЧ-інфэкцыю не прагучала ...

зь ВІЧ неяк усе забыліся. Я калі ўпершыню пабачыла ролік, выкладзены ў „Фэйсбуку“, дык там увогуле ні слова пра ВІЧ-інфэкцыю не прагучала. А фільм менавіта гэтаму, па сутнасьці, і прысьвечаны. Гэта ўнікальная спроба ўпершыню ў Беларусі зрабіць моладзевы сэрыял і ўпершыню зрабіць сэрыял, прысьвечаны такой складанай тэме. І зрабіць гэта не з жаданьнем нейкіх эмоцый непатрэбных і не ў брутальным выглядзе, а зрабіць гэта сапраўды якасна, драйвава, каб гэта роўненька трапіла ў фармат — для моладзі. Гэта вельмі складаная задача. І калі нехта грозіць, што ён паедзе ў Канны, у мяне закрадаюцца вялікія сумневы. Я, напрыклад, ніколі б не дазволіла сабе як куратар гэтага праекту рабіць такія заявы, не зрабіўшы ўласна прадукт. Гэта, на мой погляд, па меншай меры непрафэсійна».

Тым часам Фарыд Караханаў запэўніў: працоўная група працягвае чыставы мантаж васьмі сэрый, якія будуць гатовыя празь некалькі месяцаў. Па яго словах, стужку «Вышэй за неба» ўжо сёлета плянуецца паказаць па тэлеканале «Беларусь 1».

Ён пацьвердзіў: у афіцыйную вэрсію ня будуць уключаныя некаторыя сцэны, якіх адпачатку не было ў сцэнары. Але гэта не цэнзура, як тое сьцьвярджае аўтар сцэнару Андрэй Курэйчык. У прыватнасьці, прыбіраюцца фрагмэнты ў наркапрытоне, ня будзе злоўжываньня гвалтам, дэманстрацыяй трупаў і г.д. Разам з тым пасьля выхаду тэлесэрыялу Праграма разьвіцьця ААН «гатовая разгледзець пытаньне аб стварэньні яго поўнамэтражнай вэрсіі».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG