Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Закону няма, а камітэт ужо працуе


Будынак Сьледчага камітэту

Будынак Сьледчага камітэту

14 чэрвеня Палата прадстаўнікоў прыняла ў першым чытаньні законапраект «Аб Сьледчым камітэце Рэспублікі Беларусь».

Каб гэты дакумэнт пачаў дзейнічаць, неабходна яшчэ прыняць яго ў другім чытаньні, зацьвердзіць у Савеце Рэспублікі і падпісаць кіраўніку дзяржавы. Між тым Сьледчы камітэт ужо працуе.

Як патлумачыў дырэктар Нацыянальнага цэнтру заканадаўства і прававых дасьледаваньняў Вадзім Іпатаў, які прадстаўляў гэты дакумэнт дэпутатам, «Сьледчы камітэт дзейнічае на аснове актаў прэзыдэнта».

Дэпутаты выказалі шэраг заўвагаў да законапраекту.

Напрыклад, Уладзімер Карпяк лічыць, што з закону трэба выключыць норму аб прадстаўленьні дзецям супрацоўнікаў Сьледчага камітэту месца ў дзіцячым садку цягам трох месяцаў з моманту падачы заявы. «У нас маладыя настаўнікі і лекары гадамі чакаюць такіх месцаў», — сказаў дэпутат.

Дэпутатка Галіна Юргелевіч заўважыла, што ў законапраекце выказаныя і прапісаныя правы супрацоўнікаў Сьледчага камітэту, але вельмі мала гаворыцца пра іх абавязкі.

Дэпутат Аляксей Кузьміч заўважыў, што ў законапраекце прапісаная кампэнсацыя ў выпадку, калі супрацоўнік Сьледчага камітэту гіне за рулём аўто, аднак паводле гэтага ж дакумэнту такі супрацоўнік можа скарыстацца асабістым аўтамабілем любога грамадзяніна Беларусі. «Але і гэты грамадзянін можа загінуць пры аварыі альбо ад рук злачынцаў, але пра кампэнсацыю яго сям’і ў дакумэнце няма ні слова», — заўважыў дэпутат.

Нягледзячы на крытычныя заўвагі, Палата прадстаўнікоў прыняла закон у першым чытаньні, за што прагаласавалі 72 дэпутаты.

У другім чытаньні яны плянуюць разгледзець законапраект 27 чэрвеня.
XS
SM
MD
LG