Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сьпіс нявыязных — не тэхнічны збой, а палітыка»


Валянцін Стэфановіч

Валянцін Стэфановіч

14 чэрвеня нарэшце стала вядомая прычына, чаму трапіў у сьпіс невыязных зь Беларусі праваабаронца Валянцін Стэфановіч, які трэці месяц дамагаецца прызначэньня судовага разбору па гэтай справе — тэхнічны збой.

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч трапіў у сьпіс нявыязных зь Беларусі з-за «тэхнічнага збою» — пра такую прычыну прачытаў праваабаронца ў лісьце, які атрымаў з Дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі МУС. Спадар Стэфановіч працытаваў атрыманы дакумэнт:

«Пішуць, што з 24.02.12 па 10.03.12 меліся тэхнічныя збоі ў перадачы інфармацыі ў банк дадзеных, магчымым вынікам якіх стала зьмяшчэньне зьвестак пра вас у банк дадзеных». Але пры гэтым мяне не сьпяшаюцца выдаляць з гэтага банку дадзеных, а паведамляюць, што праводзяць праверку. Чаму не выключаюць, калі прызнаюць, што гэта «памылковыя зьвесткі»?"

Валянцін Стэфановіч зьвяртаўся ў Цэнтральны суд Менску, але судовага паседжаньня па разглядзе ягонай справы так і не прызначылі. Скарга на судзьдзю Алену Сямак таксама выніку не дала — з суду адказалі, што «судзьдзя загружаная». Валянцін Стэфановіч кажа, што будзе працягваць судовы разбор, хоць і перакананы, што сьпіс невыязных — справа палітычная.

Раней Стэфановічу паведамлялі, што да яго нібыта мае прэтэнзіі ваенкамат.

У базе дадзеных тых, каму забаронены выезд за мяжу, апынуліся яшчэ 16 вядомых праваабаронцаў, журналістаў і палітыкаў. Сярод іх лідэр АГП Анатоль Лябедзька, за якім нібыта лічацца нявыкананыя па суду абавязкі. Якія? Анатоль Лябедзька кажа, што сам ня ведае, бо ўсе штрафы сплаціў. Палітык падаў у суд на Мін’юст і МУС, але судовага паседжаньня, як і ў выпадку з Валянцінам Стэфановічам, не прызначаюць. Анатоль Лябедзька кажа пра сьпіс невыязных апазыцыянэраў, у які ён трапіў.

«Гэта, вядома ж, брутальнае парушэньне Канстытуцыі. Калі ў вас ёсьць прэтэнзіі да нейкай краіны, якая некага да сябе не пускае, то разьбірайцеся зь ёй праз пэўны мэханізм. Але ўцягваць у гэта грамадзянаў сваёй краіны — гэта зусім алягічна».

Старшыня партыі «Справядлівы сьвет» Сяргей Калякін, які таксама ў сьпісе невыязных, нават не спрабаваў аспрэчыць гэтае рашэньне. Кажа, што бессэнсоўна, бо «ніякі гэта не тэхнічны збой — гэта палітыка»:

«Гэта палітычнае рашэньне, пра якое абвясьцілі на самым версе. Гэтак сказаў Аляксандар Лукашэнка. Дадзеная незаконная каманда, якая выконваецца, хоць парушае ўсе канстытуцыйныя правы грамадзянаў. І адмяніць гэтую каманду можа воля толькі аднаго чалавека».

Сяргей Калякін кажа, што калі яму трэба выехаць за мяжу, ён знаходзіць дзеля гэтага «іншыя магчымасьці».

У сьпісе невыязных — некалькі журналістаў, у тым ліку рэдактар «Нашай нівы» Андрэй Дынько. Да яго нібыта меў прэтэнзіі ваенкамат, але гэта не пацьвердзілася, кажа журналіст:

«У даведцы, якую мне выдалі, было напісана, што да мяне прэтэнзіі паводле мерапрыемстваў аб прызыве. Гэта для мяне камічна, бо маю ўжо 38 гадоў. Я разаслаў адпаведныя лісты па ўстановах і ўжо маю адказы з ваенкамату і Генштабу пра тое, што прэтэнзіяў да мяне няма. Зараз чакаю адказу з МУС».

Найбольш прасунуўся ў аспрэчваньні свайго ўключэньня ў сьпіс невыязных вядомы праваабаронца Гары Паганяйла — ён дамогся прызначэньня суду паводле пазоваў да Мін’юсту і МУС. Паседжаньне адбудзецца 19 чэрвеня ў Маскоўскім судзе Менску:

«Усё ж прымусіў іх прызначыць суд. Праўда, ня ўпэўнены, што паседжаньне адбудзецца, але позву ўжо на прызначаны дзень я атрымаў».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG