Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронца Алег Воўчак накіраваў спэцдакладчыку ААН па катаваньнях тэрміновае паведамленьне пра факты бесчалавечнага абыходжаньня ў цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў Галоўнага ўпраўленьня ўнутраных спраў Менгарвыканкаму (турме на Акрэцсьціна).

«Старшыня праваабарончага цэнтру „Прававая дапамога насельніцтву“ Алег Воўчак быў затрыманы ў Менску па ілжывым абвінавачаньні ў дробным хуліганстве», — адзначаецца ў паведамленьні.

Судом Цэнтральнага раёну Менску Воўчак быў арыштаваны на 9 сутак. Арышт адбываў у турме на Акрэсьціна.

«У камэрах нават летам пастаянна холадна, ноччу з-за холаду немагчыма спаць. Натуральнага асьвятленьня практычна няма, на чацьвёртыя суткі пры такім асьвятленьні пачынаюць балець вочы. Вэнтыляцыі ў камэрах няма, увесь час чуваць тухлы пах. Сьцены вельмі брудныя.

Вокны ў камэрах не прадугледжаны для натуральнага асьвятленьня, таму кругласутачна гарыць лямпачка асьвятленьня 40 ват. Пры такім асьвятленьні чытаць немагчыма, баляць вочы.

Туалет ад камэры не адгароджаны перагародкай, не апрацоўваецца дэзінфэкцыйнымі сродкамі, у сувязі з чым у камэры пастаянна пахне экскрэмэнтамі. Гарачай вады ў камэрах няма, у душ выводзяць раз на тыдзень, сродкаў асабістай гігіены (мыла і туалетную паперу) не выдаюць.

Асобных спальных месцаў арыштаваным не даюць, бялізны не выдаюць. Людзі сьпяць усе разам на адным драўляным ложку, у верхняй вопратцы, замярзаючы па начах. Сталоў, тумбачак і крэслаў у камэрах няма.

Штодзённых шпацыраў на сьвежым паветры не даюць, так што людзі мусяць знаходзіцца ўвесь тэрмін арышту ў цесных камэрах, без натуральнага асьвятленьня і фізычных практыкаваньняў. Падчас майго арышту мне не перадавалі лісты і тэлеграмы, мне іх уручылі толькі пры вызваленьні», — распавядае Алег Воўчак.

У сукупнасьці ўмовы ўтрыманьня парушаюць шэраг артыкулаў Мінімальных стандартных правілаў ААН па абыходжаньні са зьняволенымі, яны бесчалавечныя і зьневажаюць чалавечую годнасьць, гаворыцца ў паведамленьні.

Паводле праваабаронцы, небясьпека сытуацыі палягае ў тым, што гэта працягваецца цягам многіх гадоў адносна ўсіх арыштаваных.

«Увесь гэты час у турме на Акрэсьціна стала зьмяшчаюцца ня менш за 20 чалавек, якія вымушаныя сядзець у жудасных, бесчалавечных умовах», — піша ў паведамленьні Алег Воўчак.

Праваабаронца просіць спэцдакладчыка ААН па катаваньнях наведаць Беларусь і праверыць умовы ўтрыманьня ў менскім Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсьціна, 36. А таксама запатрабаваць ад Беларусі прывесьці ўмовы ўтрыманьня ў гэтай турме ў адпаведнасьць зь мінімальнымі стандартнымі правіламі ААН па абыходжаньні са зьняволенымі.

Зварот падрыхтаваны і накіраваны пры падтрымцы ініцыятывы «Праваабаронцы супраць катаваньняў».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG